У аўторак 4 лістапада ў некалькіх штатах ЗША прайшлі выбары губэрнатараў, мэраў і чальцоў мясцовых органаў улады. Адным з самых прыкметных вынікаў стала імавернае абраньне на пасаду мэра Нью-Ёрку 34-гадовага дэмакрата Заграна Мамдані. Чакаецца, што ён стане першым у гісторыі гораду мэрам-мусульманінам і самым маладым за стагодзьдзе мэрам.
Паводле папярэдніх зьвестак, ён атрымаў каля паловы галасоў жыхароў. Мамдані, які характарызуе свае палітычныя погляды як дэмакратычны сацыялізм, вёў кампанію пад лёзунгам «зрабіць Нью-Ёрк горадам, у якім могуць дазволіць сабе жыць людзі зь невялікім даходам», піша Расейская служба Радыё Свабода.
Ён абяцаў замарозіць плату за арэнду жылыя, арганізаваць бясплатныя аўтобусныя маршруты, адкрыць субсыдаваныя горадам супэрмаркеты і зрабіць шэраг іншых крокаў для зьніжэньня кошту жыцьця ў адным з найдаражэйшых гарадоў сьвету праз павышэньне падаткаў на самую заможную групу насельніцтва.
Падчас першаснай кампаніі Дэмакратычнай партыі, эфэктыўна выкарыстоўваючы сацыяльныя сеткі, практычна нікому не вядомы Мамдані здолеў прыцягнуць на свой бок актывістаў партыі, моладзь і ўзяць верх над фаварытам дэмакратычнага партыйнага кіраўніцтва былым губэрнатарам Нью-Ёрку Эндру Куома. У выніку Куома быў вымушаны ўдзельнічаць у выбарах як незалежны кандыдат. Ён атрымаў крыху больш за сорак працэнтаў галасоў выбарнікаў. За дзень да выбараў Куома падтрымаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.
Левыя погляды Мамдані выклікалі занепакоенасьць многіх традыцыйных дэмакратаў-цэнтрыстаў, якія асьцерагаюцца, што зрух Дэмакратычнай партыі ўлева пазбавіць яе галасоў найбуйнейшай выбарчай групы ў ЗША — выбарнікаў-цэнтрыстаў. Многія вядомыя дэмакраты публічна не падтрымлівалі яго кандыдатуру.
Сярод іншых вынікаў выбараў, якія прыцягнулі ўсеагульную ўвагу, — абраньне губэрнатарамі двух буйных штатаў Вірджыніі і Нью-Джэрзі адпаведна Эбігейл Спанбэргер і Майкі Шэрыл.
Многія камэнтатары разглядаюць іх перамогу як сьведчаньне незадаволенасьці выбарнікаў палітыкай Дональда Трампа. У прыватнасьці, у Вірджыніі жывуць шмат дзяржаўных службоўцаў, якія страцілі працу ў выніку рэзкага скарачэньня штату дзяржаўных структураў, зробленага Дональдам Трампам.
Форум