Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька агітуе за байкот


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька асабіста распаўсюджвае інфармацыйныя бюлетэні з заклікам да байкоту і агітуе суграмадзян за тое, каб яны ня бралі ўдзелу ў несумленных выбарах.

Учора раніцай замест прабежкі Анатоль Лябедзька раскідаў каля 300 бюлетэняў АГП «Голас розуму» ў паштовыя скрыні выбарцаў сваёй 105-й менскай выбарчай акругі. Увечары ён з паплечнікамі выйшаў на пляцоўку каля Камароўскага рынку з транспарантам «За сумленныя выбары без Лукашэнкі!» і стосам агітацыйных матэрыялаў з заклікамі да байкоту выбараў. Часам Анатоля людзі пазнавалі.

Людзі бюлетэні за байкот бралі, але ў палітычныя дыскусіі імкнуліся не ўступаць.

«Ой не, баюся... Я нават ня ведаю, за каго галасаваць. Ну дзе інфармацыя? Па 5 мінут выступы, а мы на працы, нічога ня чулі, ня ведаем. Кандыдатам не даюць голасу, бо ўлады ня хочуць», — гучала тыповая рэакцыя.

Літаральна праз 5 хвілін пасьля прыходу актывістаў АГП да Камароўкі побач зь імі разгарнулі пікет за праўладнага кандыдата па Коласаўскай акрузе галоўнага лекара 34-й менскай паліклінікі Дзьмітрыя Шаўцова. Агітавалі за яго давераныя асобы, супрацоўніцы паліклінікі:

«Ён хоча нешта зрабіць для народу, для аховы здароўя, для жыхароў раёну, у яго ўсё гэта прапісана ў праграме... Людзі па-рознаму ставяцца да выбараў, але мы агітуем, каб людзі прыходзілі на ўчасткі, каб выбары адбыліся».

Але да агітатараў за Шаўцова мала хто падыходзіў, людзі ўхіляліся ад размоваў, адмаўляліся ад інтэрвію, казалі, што баяцца. Было бачна, што прынамсі агітацыйную кампанію яны байкатуюць. У 2010 годзе, перад прэзыдэнцкімі выбарамі падчас так званай лібэралізацыі на гэтым месцы было шмат пікетаў кандыдатаў, гучалі заклікі, дыскусіі. Цяпер пануе абыякавасьць, людзі часта адварочваюцца ад камэры і мікрафона. Каго ўдалося разгаварыць, збольшага казалі, што выбары ім нецікавыя:

Спадар: «Гэтыя выбары, як і выбары прэзыдэнта, я буду ігнараваць».

Іншы спадар: «Выберуць вас ці мяне — нічога ня зьменіцца».

Спадарыня: «Мне няма сэнсу туды ісьці. Таму што пэнсія невялікая, хоць і дабаўляюць. А жыць дорага. Марна гэта».

Іншая спадарыня: «Пакуль гэтым не цікаўлюся. Я думаю, што мне купіць сыну, які ў 11 клясу ідзе, і як ён паступіць, што мне зрабіць для гэтага трэба. А гэта надта дорага».

Іншая спадарыня: «Ня ведаю, сэнсу асаблівага няма. Выбяруць, каго трэба».

Разам з тым Анатолю Лябедзьку ўдавалася сустрэць і цьвёрдых прыхільнікаў байкоту:

«Я за байкот выбараў, таму што выбараў няма фактычна. Усе кандыдаты ўзгодненыя з Лукашэнкам. Іншы ня пройдзе. Таму і выбары — гэта толькі трата народных грошай. Хай бы ўжо назначаў бяз гэтых выбараў. Толку няма хадзіць на гэтыя выбары — усё роўна падмануць».

Праз паўгадзіны да Анатоля Лябедзькі падышлі супрацоўнікі адміністрацыі і аховы Камароўскага рынку, спыталі, ці ёсьць у яго дазвол на агітацыю, пазьней прыбыў міліцыянт і супрацоўнік у цывільным зь відэакамэрай, якой ён здымаў усё, што адбывалася. Але затрымліваць агітатараў за байкот не рашыліся.

Анатоль Лябедзька ў цэлым задаволены вынікам — раздалі 1100 бюлетэняў:

«Кропля камень точыць. У прынцыпе рэакцыя людзей нэўтральна-пазытыўная. Ёсьць і абыякавасьць, але людзі бяруць матэрыялы. Я сустрэў літаральна адзін выпадак, калі жанчына падышла і зрабіла заўвагу, што нельга раздаваць улёткі. Астатняе дастаткова камфортна для працы. Калі б у нас была яшчэ нейкая адэкватнасьць у падліку галасоў, то я лічу, што вотум недаверу Лукашэнку і ягонай сыстэме падчас гэтай кампаніі прагучаў бы».

Анатоль Лябедзька агітуе за байкот ля Камароўкі
Анатоль Лябедзька агітуе за байкот ля Камароўкі


Агітатары за праўладнага кандыдата
Агітатары за праўладнага кандыдата
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG