Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заходнія спонсары бізуном грантаў гоняць апазыцыю на выбары»


«Заходнія спонсары бізуном грантаў гоняць апазыцыю на выбары»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:32 0:00
Наўпроставы лінк

«Заходнія спонсары бізуном грантаў гоняць апазыцыю на выбары»

Чаму ўлада гэтак нэрвова рэагуе на заклікі да байкоту парлямэнцкіх выбараў? Навошта былі зьнятыя з выбараў тыя апазыцыйныя кандыдаты, якія маглі б прывабіць людзей на выбарчыя ўчасткі? Як варта паставіцца да ідэі байкоту выбараў у асобна ўзятай акрузе? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць палітык Віктар Івашкевіч і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

"Уладу нэрвую ўсё, што не падпадае пад іхні сцэнар"

Цыганкоў: Рэзкая рэакцыя прадстаўнікоў улады на заклікі да байкоту выбараў паказвае, што тэма байкоту ёсьць самай балючай для ўлады ў гэтай кампаніі. Варта ўзгадаць словы Лукашэнкі, які заявіў, што нармальная апазыцыя будзе ўдзельнічаць у выбарах, а вось "пятая калёна" іх байкатуе.
Віктар, чаму ўлады гэтак нэрвова рэагуюць на заклікі да байкоту?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Івашкевіч: Уладу нэрвую ўсё, што не падпадае пад іхні сцэнар. А сцэнар у улады быў такі: яны прыманьваюць апазыцыянэраў пернікам тэарэтычнай магчымасьці патрапіць у "палатку", заходнія спонсары бізуном грантаў гоняць апазыцыю на выбары, выбары фальсыфікуюцца, апазыцыянэрам даюць па аднаму працэнту, у Лукашэнка кажа – выбары былі дэмакратычнымі, але народ апазыцыю не падтрымаў.

Таму любыя дзеяньні, якія выбіваюцца з гэтага сцэнару, успрымаюцца ўладамі вельмі нэрвова і нэгатыўна. І гэта сьведчыць ня столькі пра тое, што непрыход людзей на выбарчыя ўчасткі абваліць рэжым, але пра тое, што ўлады адчуваюць сябе няўпэўнена. І любыя нестыкоўкі з іхнімі плянамі ўспрымаюць як пагрозу сваёй стабільнасьці.

Цыганкоў:
Віктар, вы сказалі, што "заходнія спонсары бізуном грантаў гоняць апазыцыю на выбары". Адкуль вы гэта ведаеце, і чаму "заходнія спонсары" гоняць апазыцыянэраў на выбары?

Івашкевіч: Я ня ведаю, якая ў іх матывацыя. Але тое, што ўсе фундацыі, якія займаліся нейкім чынам выбарамі, ставілі ўмовай супрацоўніцтва ўдзел у выбарах – гэта агульна вядомы факт. Я ня буду адкрываць назвы фундацыяў, але гэта сапраўды ўсім вядома.
"Ярмошына ўжо абвясьціла свае прагнозы, і ўлады будуць трымацца гэтых арыенціраў"

Класкоўскі: Нельга сказаць, што ўлады гэтак ужо панічна баяцца байкоту, але – напружваюцца. З аднаго боку, мэханізм вывядзеньня патрэбных лічбаў адпрацаваны, і гэта справа тэхнікі. Але адна рэч, калі трэба трошкі падкруціць лічбы яўкі, іншая – калі трэба ўдвая прыпісваць. Таму ўлады пачынаюць нэрвавацца, бо ў Менску ды іншых вялікіх гарадах настроі нежаданьня ісьці на гэтыя выбары даволі моцныя.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Разам з тым, мы ведаем, што Ярмошына ўжо абвясьціла свае прагнозы, што ў Менску будзе 55 працэнтаў, у правінцыі – за 70. І ўлады будуць трымацца гэтых арыенціраў. Але заклікі да байкоту раздражняюць, бо давядзецца напружвацца.

Калі ж глядзець шырэй, то ўладу раздражняе як байкот, гэтак і ўдзел. Ярмошына нейкі час таму казала, што апазыцыянэры пойдуць на выбары да канца, бо Захад іх прымушае ўдзельнічаць – маўляў, трэба адпрацоўваць грошы (дарэчы, гэта сугучна з тым, што тут казаў спадар Івашкевіч). А Лукашэнка, выступаючы 1 верасьня, кажа, што прыхільнікі байкоту гуляюць паводле сцэнароў Захаду. Дык гэта ж супярэчлівыя выказваньні.

Але казаць, як напісалі на адным рэвалюцыйным сайце, што "дыктатар у гістэрыцы" – гэта зусім ня так. Дастаткова было паглядзець тэлетрансьляцыю, каб убачыў, што ён хутчэй грэбліва і паблажліва выказваўся. І сэнс быў такі, што я, маўляў, нават не займаюся гэтай кампаніяй, ёсьць пэўныя людзі,ім даведзеныя задачы, і яны зь імі спраўляюцца някепска.

Цыганкоў: Віктар, вы сказалі, што мэтай улады было "прыманьваць апазыцыянэраў магчымасьцю трапіць у палатку". Чаму тады ўлады зьнялі з выбараў Мілінкевіча ды іншых знакавых вядомых апазыцыянэраў?

Івашкевіч: Я думаю, ёсьць супярэчнасьці наконт тактыкі ўнутры самой лукашэнкаўскай каманды. Ёсьць аналітыкі і спэцслужбы, якія прыдумляюць нейкія хітрыя хады, а потым сам Лукашэнка кажа – "адчапіцеся вы з вашымі хітрыкамі, прасьцей даць у карак" ды і ўсё. І так яно заўсёды і сканчаецца – з "круглымі сталамі", радамі экспэртаў пры Макею, з лібэралізацыяй. Лукашэнка якраз той, хто руйнуе крокі сваіх падначаленых неяк наладзіць адносіны з Захадам.

Цыганкоў: Існуе перакананьне, што ўлады маюць свае сьпісы кандыдатаў, якія мусяць стаць дэпутатамі. Але падчас гэтай кампаніі ўжо здараліся выпадкі, калі здымалі з выбараў некаторых праўладных кандыдатаў, то бок, ідзе барацьба паміж рознымі групоўкамі ўнутры самой улады. Чым бы вы гэта патлумачылі?
"Двойчы я выходзіў у краму – і двойчы сустракаў там Мілінкевіча".

Класкоўскі: Так, ёсьць сутыкненьне паміж цэнтральнымі і мясцовымі элітамі, якія хочуць прасунуць сваіх людзей. Таму момант неразьбярыхі існуе.

Калі вяртацца да Мілінкевіча, да пытаньня, чаму яго зьнялі, то я жыву якраз у той акрузе, дзе ён спрабаваў вылучыцца. Двойчы я выходзіў у краму – і двойчы сустракаў там Мілінкевіча. Ён сапраўды рэальна працаваў там, удзельнічаў у пікетах, да яго падыходзілі людзі. То бок ён мог зрабіць дастаткова моцную кампанію, і ўлада занэрвавалася, бо ён мог зблытаць ёй карты. Таму я думаю, выкрэсьлівалі тых, хто рэальна мог правесьці добрую кампанію ў сваёй акрузе.

Разам з тым пакінулі, напрыклад, Лябедзьку, які выступае з значна больш радыкальнымі падыходамі, бо ведаюць, што ён усё адно здымецца за тыдзень да выбараў.

Цыганкоў: Віктар, вы як прыхільнік байкоту ці не адчуваецца пэўнае зларадзтва, калі чуеце, што апазыцыянэраў, якія зьбіраюцца "ісьці да канца" на гэтых выбарах, здымаюць. Ці ня лічыце вы, што гэта толькі даказвае рацыю вашай папярэдняй пазыцыі наконт байкоту?

Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч
Івашкевіч: У мяне зларадзтва няма – застаецца рэжым, які трэба ськідваць. І таму свае "зларадзтвы" трэба накіроўваць на рэжым, а не паміж сабой.

А тое, што палітыка ўладаў, іхняе прынцыповае нежаданьне ісьці на нейкія паслабленьні прывядзе да таго, што ўсе ўткнуцца носам у неабходнасьць байкоту – гэта было відавочна. Камусьці раней, камусьці пазьней. Рэальная палітычная дзейнасьць будзе ў падрыхтоўцы да прэзыдэнцкіх выбараў, і я б не абвастраў, хто раней ці пазьней прыйшоў да нейкіх высноваў.

"Мілінкевіч і Някляеў павінны заклікаць людзе усёй Беларусі не хадзіць на выбарчыя ўчасткі"

Цыганкоў: Зараз прадстаўнікі руху "За Свабоду" і кампаніі "Гавары праўду" вырашылі, што варта правесьці байкот у адной, асобна ўзятай акрузе. Наколькі гэта плённая ідэя з пункту гледжаньня палітычнага эфэкту, і з пункту гледжаньня – даказаць камусьці штосьці?

Класкоўскі: Так як гэта было пададзена, то гэта выглядала найперш як шпілька у бок апазыцыйных калегаў. Маўляў, вось мы ня ўмееце нават байкот зладзіць, дык мы вам пакажам, як гэта робіцца. Але для ўладаў гэта выклік таксама. Бо калі гэта будзе энэргічна рабіцца, то ўладам давядзецца пакруціцца, як вужу на патэльні, каб неяк зрабіць бачнасьць добрага выніку.

Увогуле, калі вяртацца да гэтай, як я яе іранічна называю, "спрэчкі востраканечнікаў і тупаканечнікаў" – то я казаў і кажу, што "абедзьве стратэгіі горшыя". Бо выбарнік дэзарыентаваны, сілы расьцярушаныя, няма агульнага мэсіджу. Любы варыянт выглядаў бы нашмат мацней, калі б ён быў супольны.

Цыганкоў: Віктар, вы гатовыя ўсе сілы вашага "Беларускага руху" кінуць на байкот у гэтай выбранай акрузе?

Івашкевіч: Па-першае, я лічу, што Мілінкевіч і Някляеў павінны заклікаць людзе усёй Беларусі не хадзіць на выбарчыя ўчасткі. Павінна прагучаць прынцыповая пазыцыя наконт усёй выбарчай кампаніі.

Беларускі рух вызначыў 5 акругаў па Менску, дзе мы рэальна можам ажыцьцявіць кантроль. БХД, я ведаю, вызначыла каля 10 акругаў, дзе яны канцэнтруюць свае сілы. У суме, я думаю,будуць даволі дакладныя зьвесткі па некалькі дзясяткаў акругаў, якую дадуць магчымасьць зрабіць высновы, ці прыйшлі людзі на выбары.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG