Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская лацінка вяртаецца на мапы + АПЫТАНЬНЕ


Фота з сайту NN.BY
Фота з сайту NN.BY

У менскім мэтро зьявіліся шыльды, на якіх станцыі і маршруты падпісаныя «амаль слушнай» беларускай лацінкай. Вінцук Вячорка у інтэрвію Радыё Свабода: «Зроблены прарыў, які трэба вітаць».

Пару тыдняў таму ААН зацьвердзіла правілы раманізацыі геаграфічных назваў Беларусі. Цяпер Шаркаўшчына будзе пісацца згодна правілам беларускае лацінкі Šarkaŭščyna, Сураж — Suraž, Вераб’ёвічы — Vierabjovičy.

Беларуская лацінка шырока ўжываецца ў інтэрнэце і ў смс. Свае дыскі беларускай лацінкай падпісваюць гурты N. R. M, «Гарадзкія», «Амарока» і шэраг іншых. Нядаўна Уладзімір Арлоў выдаў кніжку «Сьвецяцца вокны ды нікога за імі» ў двух варыянтах беларускага альфабэту.

У інтэрвію Радыё Свабода старшыня Анамастычнай камісіі ТБМ, кансультант American Library Association у пытаньнях трансьлітарацыі Вінцук Вячорка адзначыў:

Доўгачаканыя інфармацыйныя шчыты ў мэтро сьведчаць, што адна з справаў, за якія ўзялася беларуская супольнасьць у 80-я — пачатку 90-х паціху прасоўваецца наперад

«Доўгачаканыя інфармацыйныя шчыты ў мэтро сьведчаць, што адна з справаў, за якія ўзялася беларуская супольнасьць у 80-я — пачатку 90-х, паціху прасоўваецца наперад. Цяжка тлумачыць, што мы не расейцы й маем сваю лацінку, у міжнародных структурах (як UNGEGN — Група экспэртаў ААН у геаграфічных назвах, ALA — Асацыяцыя амэрыканскіх бібліятэк, якая ўплывае на ўсясьветныя стандарты бібліяграфіі, інш.) Але яшчэ цяжэй гэта даводзіць тут, у Беларусі, найяскравым прыкладам чаго ёсьць запіс лацінскімі літарамі нашых імёнаў у пашпартох. Таму вялікая павага належыць прафэсарцы Валянціне Лемцюговай ды іншым супрацоўнікам акадэмічнага Інстытуту мовы і літаратуры, якія дзесяцігодзьдзямі пераконвалі — і пераканалі — адпаведныя дзяржаўныя структуры, адказныя за геаграфічныя назвы».

Паводле Вінцука Вячоркі, беларусы заўжды карысталіся абодвума альфабэтамі, кірыліцай і лацінкай:

«Беларуская лацінка з XVI ст. прайшла цікавы шлях разьвіцьця, зазнала ўплыў чэскай і польскай графікі, але мае свае непаўторныя рысы. Лацінка ў XX ст. была ўпарадкаваная Тарашкевічам раней за кірыліцу. У савецкія часы, натуральна, апынулася пад забаронаю. Але гэта не адмяняе таго факту, што беларуская мова — бі-графічная, двухальфабэтная. І калі беларусы па-свойму пішуць Baranavičy — так і будзе для ўсіх іншых моваў з лацінскай абэцэдай».

У 2007 годзе у Польшчы была зарэгістраваная першая грамадзкая арганізацыя дзеля папулярызацыі беларускай лацінкі — «Лацінка орг». Яе сузаснавальнік Алесь Навіцкі лічыць, што рана казаць пра перамогу лацінкі:

«Гэта не зусім беларуская лацінка, якая зьявілася ў менскім мэтро. Гэта сыстэма раманізацыі беларускіх кірылічных назваў».

Вінцук Вячорка пагаджаецца, што зацьверджаныя ААН правілы не дакладна адпавядаюць беларускай лацінцы:

Графіка, якую мы бачым у мэтро, не зусім адпавядае кадыфікаванай лацінцы XX ст., на якой выдадзеныя тысячы кніг, падручнікаў, пэрыёдыкаў

«Графіка, якую мы бачым у мэтро, не зусім адпавядае кадыфікаванай лацінцы XX ст., на якой выдадзеныя тысячы кніг, падручнікаў, пэрыёдыкаў. Замест цьвёрдай Ł (традыцыя пачынаецца зь вялікага чэха Яна Гуса) ужываецца звычайная L (у мове-арыгінале абазначае зусім ня цьвёрды гук). Ведаю, што адыход ад традыцыі тут быў вынікам кампрамісу. У кожным разе зроблены прарыў, які трэба вітаць».

Паводле Вячоркі, суседняя расейская мова дагэтуль мае праблемы з раманізацыяй — запісам словаў лацінскімі літарамі. Толькі ў XX стагодзьдзі у іх бытавала зь дзясятак афіцыйна прынятых сыстэмаў раманізацыі:

«У нас праблемы няма, наша трансьлітарацыя — гэта наша лацінка (падобна ў сэрбаў ці азэрбайджанцаў)» — камэнтуе мовазнаўца.

Алесь Навіцкі ня бачыць магчымасьці пераходу беларускай мовы на лацінку, як гэта зрабілі ў Малдове, Узбэкістане, Азэрбайджане:

«Баюся, што Беларусь не пяройдзе на ўжываньне двух альфабэтаў. Нам бы беларускую мову хоць у кірылічнай форме захаваць. А лацінка пакуль шмат для каго абстракцыя. Але пра лацінку нельга забывацца, ня трэба яе цурацца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG