Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2.


Калі вы вырашылі супрацьстаяць хваробам у няволі, я б папярэдзіў вас ад пэўных тыповых памылак, якія робяць многія арыштанты, адчуўшы нейкія сымптомы захворваньня.


Юры Бандажэўскі

Асьцярожна з мэдыкамэнтамі

Прырода дала кожнай жывой істоце сілу спраўляцца з рознымі хваробамі самастойна. Гэтая сіла (імунітэт) згасае ня толькі ад духоўнай слабасьці, але і ад злоўжываньня лекамі.

У звычайным жыцьці, на волі, людзі часта ўскладаюць галоўныя надзеі на лекі. Ледзь чалавек занямог — захварэў зуб або пачалося лёгкае запаленьне — ён пачынае шукаць таблеткі, якія, як ён дзякуючы рэкляме думае, павінны дапамагчы яму адразу.
Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».

За кратамі, дзе магчымасьці лячыцца вельмі абмежаваныя, людзі спрабуюць рабіць гэта ўсімі магчымымі спосабамі — глытаюць усё, што могуць здабыць. Найчасьцей яны ў леках нічога не разумеюць, а падказаць няма каму. Акрамя таго, існуе недавер да турэмных лекараў. Многія зьняволеныя лічаць, што тыя заадно зь сьледчай сыстэмай. Таму яны імкнуцца атрымаць параду ад такіх жа зьняволеных, якія нешта разумеюць у мэдыцыне і, зразумела, ня служаць карнай сыстэме. Падчас майго зьняволеньня, асабліва ў менскім турэмным шпіталі, шмат хто з вязьняў шукаў парады ў мяне.

Да спантаннага і бессыстэмнага ўжываньня таблетак як лекар стаўлюся рэзка адмоўна.

Адносна парадаў «народнай зэкаўскай мэдыцыны»

З часу існаваньня ГУЛАГу зьняволеныя практыкуюць правераныя мэтады аказаньня самім сабе першаснай дапамогі пры тых ці іншых сымптомах. Яны паходзяць з народнай мэдыцыны, якой на працягу стагодзьдзяў карысталіся нашы бабулі і дзядулі. Іх няхітрыя рэцэпты былі свайго роду штуршком для працы абаронных сілаў арганізму, каб ён самастойна даў рады той ці іншай хваробе. Сёньня імунітэт у нашых суайчыньнікаў, тым больш у няволі, аслаблены, і акрыяць удаецца далёка не заўсёды.

У дачыненьні да большасьці парадаў, якія гуляюць па турмах, стаўлюся скэптычна. Кшталту таго, што траўмы і пераломы канечнасьцяў можна вылечыць прымочкамі, зубны боль — паласканьнем раствору соды, галаўны боль — кампрэсамі... Я праціўнік такіх падыходаў. Неабходна зразумець прычыну захворваньня, а гэта можа зрабіць толькі мэдычны адмысловец.

Сымптомы каросты
Сымптомы каросты
Лічу, што трэба дамагацца неабходнай мэдычнай дапамогі ў турэмнай адміністрацыі як бы складана гэта ні было.

Некаторых набытых у няволі хвароб чамусьці прынята саромецца. Я маю на ўвазе адно з найчасьцейшых дэрматалягічных захворваньняў — каросту. Хвароба адзначаецца моцным сьвербам, асабліва ўночы. Прычына каросты — клешч, які пранікае ў верхнія пласты скуры і адкладае там яйкі. Кароста перадаецца праз дотык, агульны ручнік, пасьцель. Справіцца з каростай самастойна немагчыма. Ня трэба маўчаць, што вы захварэлі каростай. Лечыцца яна проста — адмысловымі мазямі або растворамі. Чым раней зьвярнуцца ў санчастку, тым хутчэй можна пазбавіцца ад гэтай непрыемнай хваробы і да таго ж не заразіць тых, хто побач.

Сярод народных турэмных парадаў, ёсьць, аднак, тыя, якія падаюцца мне цікавымі, і я ня стаў бы цалкам іх ігнараваць.

Напрыклад, грып. Звычайна, як і па ўсёй краіне, пры канцы восені — на пачатку зімы ў беларускіх вязьніцах пачынаецца эпідэмія грыпу. Дзеля прафіляктыкі лепш за ўсё штораніцы абцірацца мокрым ручніком. Карысна таксама абціраць скроні кругавымі рухамі пальцаў, а ноздры — рухамі ад ноздры да пераносься. Пасьля гэтага можна рабіць абціраньне кругавымі рухамі за мочкамі вушэй.

Часьцей за ўсё грып пачынаецца з высокай тэмпэратуры, амаль без сымптомаў. У некаторых людзей узьнікаюць болі ў жываце, ламата ў буйных суставах, боль пры дотыку да скуры. Адчуўшы гэтыя сымптомы, трэба зьвярнуцца да лекара.

Вельмі часта ў няволі здараюцца прастуды. Можна прамываць нос і насаглотку гарбатай або закапваць у нос сок цыбулі, разьведзены напалову з гатаванай вадой. Трэба, аднак, памятаць, што чысты, неразьведзены сок цыбулі можа спаліць сьлізістую абалонку насаглоткі.

Пры густым катары рэкамэндуецца закласьці ў нос кавалачак долькі часнаку і дыхаць ім. А пры віруснай інфэкцыі, калі з носа капае кожную сэкунду, трэба прамываць нос разьведзеным сокам часнаку: закапваць па цэлай піпэтцы або заліць гэты сок у нос чайнай лыжачкай.

Пры прастудных захворваньнях часам п’юць моцную гарбату са згушчаным або цэльным малаком (калі арганізм прымае малако). Гэта дадатковае сілкаваньне. Гарбата танізуе, а малако — бялковы прадукт, у якім ёсьць і кальцый. Гэта падтрымлівае сілы і паляпшае самаадчуваньне.

Гарбата з малаком (так званая ангельская) — таксама добры гіпатэнзіўны сродак. Яе можна ўжываць, калі павышаецца артэрыяльны ціск.
Сваякам варта перадаваць вязьням вітаміны ў таблетках.

Як лекар дадам, што прычынай гэтых прастудных, інфэкцыйных і анкалягічных захворваньняў (іх таксама нямала ў няволі) ёсьць зьніжэньне імунітэту. Без сумневу, свой уплыў на працэс аказвае тая стрэсавая сытуацыя, у якой стала знаходзяцца арыштанты.

Лічу, што ва ўмовах турмы неабходнае рэгулярнае ўжываньне вітамінных прэпаратаў, найперш вітаміну С, а таксама і іншых вада- і тлушчараспушальных вітамінаў. Сыходзячы з таго, што зьняволеныя пазбаўленыя магчымасьці рэгулярна атрымліваць садавіну і гародніну, важна забясьпечваць іх вітамінамі ў таблетаваных формах.

Што варта зразумець, калі хочаш заставацца здаровым у турме: усе праблемы абароны арганізму чалавека ідуць ад недахопу энэргіі. Абарона заключаецца ў вывядзеньні чужародных агентаў з арганізму, іх абясшкоджваньні, перашкодзе іх пранікненьню ўнутр клеткі і як вынік — парушэньню імі мэтабалічных працэсаў. Для выдаленьня гэтых агентаў патрабуецца энэргія. Калі яе мала, узьнікаюць засьмечаныя клеткі ўсяго арганізма ды інтаксыкацыя, іншымі словамі, пашкоджаньне клетачных структур.

Адкуль жа браць энэргію?



Фізычная загартоўка ў няволі

У турме ва ўмовах кучнасьці людзей і заўсёднага дэфіцыту нармальнага паветра элемэнтарна могуць выйсьці са строю лёгкія. З кожным днём ім усё цяжэй пастаўляць кісларод у астатнія органы. У выніку чалавека могуць чакаць сур’ёзныя праблемы з абменнымі, эндакрыннымі працэсамі, працай сэрца, мозгу, нырак, падстраўнікавай залозы і г.д.

Каб супрацьстаяць сыстэмным захворваньням арганізму, падтрымліваць ва ўмовах абмежаваньня руху нармальны кровазварот, многія савецкія дысыдэнты, вязьні ГУЛАГу спрабавалі штодня ў няволі рабіць фізычныя практыкаваньні, загартоўвацца.

Мяркуючы па зьвестках, якія трапляюць у СМІ, штодня фізычна практыкаваліся ў няволі і такія беларускія палітвязьні, як Васіль Лявонаў, Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч.

Васіль Лявонаў
Васіль Лявонаў
Васілю Лявонаву, калі ён адбываў пакараньне, было больш за 60. Супраць яго ўжываўся няспынны псыхалягічны прэсінг, у яго вымагалі прызнаньня ў арганізацыі дзяржаўнага перавароту. Лявонаў выстаяў дзякуючы моцнаму характару і штодзённай загартоўцы — кожнай раніцы рабіў халоднае абціраньне.


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька ў камэры «амэрыканкі» кожны дзень рабіў па 1000 адцісканьняў і выходзіў на гадзінны шпацыр на турэмным падворку ў любое надвор’е. Тое ж самае тычыцца і Мікалая Статкевіча. Пры гэтым абодва лічылі неабходным як сьлед расьцерціся, пабегаць, паскакаць.


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч
Фізычнымі практыкаваньнямі Мікалай Статкевіч, як вынікае зь ягоных лістоў на волю, працягвае займацца і цяпер, у крытай Магілёўскай турме. Для гэтага яму «дастаткова 1–2 мэтраў камэры ды ўласнага цела ў якасьці спартовага снараду». Штодня «качацца» раіць Статкевіч і іншым палітвязьням.

Для таго каб падтрымліваць сябе ў належнай фізычнай форме, можна выкарыстоўваць любыя легальныя магчымасьці. Напрыклад, прыстасаваць плястыкавыя бутэлькі з-пад мінэральнай вады, заліўшы ў іх звычайную ваду з-пад крана. Плястыкавы пакет з такімі бутэлькамі можна выкарыстоўваць у якасьці спартыўнага снарада, падымаючы над узроўнем плячэй і над галавой. Гэта дапамагае распрацоўваць цягліцы рук, плечавога поясу, шыі, сьпіны.

Вельмі карысна ва ўмовах няволі аблівацца халоднай вадой. Абліваньне халоднай вадой павялічвае ахоўныя сілы чалавечага арганізму. Гэта адзін з самых эфэктыўных спосабаў стымуляцыі арганізму. Пры гэтым у кроў выкідаецца шмат высокаактыўных агентаў і мэдыятараў, якія спрыяюць паляпшэньню настрою і агульнага тонусу арганізму. Далёка не заўсёды гэта магчыма. Але калі зьяўляецца такая магчымасьць, яе варта выкарыстоўваць.

Калі чалавек ня мае падобнай звычкі, можна пачаць халоднае загартоўваньне з ног. Ня шкодзіць калі-нікалі пахадзіць босым па сьнезе.

Пачаць трэба з штодзённага абціраньня. У кожнай камэры ёсьць кран з халоднай вадой. У турме воднымі працэдурамі лепш займацца раніцой, калі большасьць сукамэрнікаў яшчэ сьпіць і ня блытаецца пад нагамі. Як ні дзіўна, але многія сядзельцы асабліва не задумваюцца над тым, што чым чысьцейшы чалавек і чым больш часу ён аддае асабістай гігіене, тым менш у яго шанцаў падчапіць якую брыду.

Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG