Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Сырамалотаў. 7 гадоў за бабруйскі КДБ


Павал Сырамалотаў нарадзіўся 30 красавіка 1991 году ў Бабруйску. Пасьля школы скончыў прафтэхвучэльню. Працаваў на заводзе, вучыўся ў хіміка-тэхналягічным тэхнікуме на вячэрнім аддзяленьні.

Узяты пад варту 17 студзеня 2011 году за спробу падпаліць у ноч на 17 кастрычніка 2010 году будынак Бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумесьсю. 18 траўня 2011 году разам зь Яўгенам Васьковічам і Арцёмам Пракапенкам асуджаны судом Бабруйску на 7 гадоў пазбаўленьня волі (ч. 2 артыкула 339 — злоснае хуліганства, і ч. 3 артыкула 218 Крымінальнага кодэксу — пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйным памеры). У кастрычніку 2011 году беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Адбывае пакараньне ў калёніі № 19 у Магілёве.

Павал Сырамалотаў рос самым звычайным хатнім хлопчыкам. У бацькоў зь ім ніколі не было праблем. У школе быў серадняком, паступіў у ПТВ, атрымаў спэцыяльнасьць. Працаваў, пайшоў вучыцца далей — у тэхнікум, распавяла маці Паўла спадарыня Галіна:

«Адначасова ён працаваў на мэталюргічным заводзе токарам-станочнікам і вучыўся ў хіміка-тэхналягічным тэхнікуме на цеплаэнэргетыка. Часу ў яго не было. Да прыкладу, да 5-й гадзіны ён працаваў, потым у яго заняткі. І да 10-й гадзіны ён быў у тэхнікуме. Ён быў спакойным, хатнім дзіцем. Ніхто не чакаў, што ён палезе ў палітыку».

У Паўла было два захапленьні — кампутар і музыка. Распавядае аднаклясьнік Алесь:

«Ён захапляўся музыкай, самастойна пісаў музыку ў такіх праграмах, як „FL Studio“, электрычнае ўсялякае. Самавук ён быў. Некалі марыў стаць музыкантам».

У школе Павал Сырамалотаў зь сябрамі стварылі рок-гурт, кажа маці, спадарыня Галіна:

«Яны гралі цяжкі рок, а ён граў на бас-гітары. Пісаў нейкую музыку, аранжыроўкі рабіў. А потым разышліся, бо хтосьці паступіў вучыцца, карацей, распаўся гурт».

Ну, а што да захапленьня Паўла кампутарам, у маці гэта нават выклікала трывогу:

«Я лічу, у яго ўжо кампутарная залежнасьць была. За кампутарам ён сядзеў падоўгу, і па 6 гадзін у дзень».

Таму маці ніяк не магла зразумець, калі фізычна яе сын мог знайсьці час на нейкія тусоўкі, сяброў: цэлы дзень — на працы, вечарам — заняткі ў тэхнікуме, потым музыка і кампутар… Школьны сябар Алесь таксама ўчынкам Паўла быў вельмі зьдзіўлены:

«Ён быў ціхі і сьціплы. Спачатку вучэльню скончыў, потым тэхнікум хацеў скончыць. Ну, а далей — хто б ведаў… Наконт Паўла я на 100% упэўнены, што гэта быў нейкі неабдуманы крок. Калі пасьля ўсяго я яго ўбачыў, у яго быў такі выгляд… Ну як вам сказаць: быццам бы не разумеў ён, на што ішоў. Такая форма пратэсту зусім не нармальная. І наагул, не разумею, як так атрымалася, якія ідэі ў ягоную галаву праніклі — я без паняцьця!»

Спробу падпалу Бабруйскага КДБ Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў зьдзейсьнілі 17 кастрычніка 2010 году. Арыштавалі іх толькі праз тры месяцы — 17 студзеня 2011-га. Маці Паўла спадарыня Галіна дагэтуль ня можа апамятацца:

«Для нас гэта быў шок. Нават калі яго прыйшлі забіраць — а забіраў АМАП у масках, з аўтаматамі, мы наагул думалі, што гэта нейкая памылка…»

Як тлумачылі самі хлопцы, акцыю ў Бабруйску яны зладзілі на знак салідарнасьці з анархістамі Ігарам Аліневічам, Мікалаем Дзядком і Аляксандрам Фрацкевічам, абвінавачанымі ў спробах нападу на казіно, на ізалятар на Акрэсьціна, антымілітарысцкага шэсьця каля Генштабу, падпалу будынка расейскай амбасады. І асуджанымі пазьней на сур’ёзныя тэрміны — ад 4 да 8 гадоў.

Валерыя Хоціна, жонка анархіста Мікалая Дзядка, асуджанага на 4 гады нібыта за ўдзел у тых акцыях пратэсту, распавяла:

«Я была вельмі зьдзіўленая акцыяй салідарнасьці, якую зладзілі Васьковіч, Сырамалотаў і Пракапенка. У той час, калі палова анархісцкага руху была да такой ступені запужаная допытамі і тым, што людзям пагражалі рэальныя тэрміны, — і тут тры чалавекі, зь якіх адзін быў крыху вядомы ў пэўных колах, а пра астатніх наагул ніхто ня ведаў, і яны гэта робяць у салідарнасьць з нашымі хлопцамі. Для мяне гэта было вельмі дзіўна. Таму што людзі проста рэальна паказалі, што яны гатовыя ісьці на такія крокі, бо нічога іншага яны не змаглі зрабіць. У прынцыпе, атакаваньне рэпрэсіўных структур заўсёды мела і будзе мець месца, як бы камусьці ні хацелася іншага».

Дарэчы, Аліневіч, Дзядок, Францкевіч самі называюць сябе ідэйнымі анархістамі, чыталі Бакуніна, Крапоткіна, Махно. Што да Васьковіча, Пракапенкі і Сырамалотава, іх чамусьці ў СМІ і нават падчас суду таксама далучылі да анархістаў. Яўген Васьковіч, да прыкладу, у лістах з-за кратаў на волю нават зьвяртаўся да журналістаў: «Не называйце мяне анархістам. Я нацыяналіст».

Вось і маці Яўгена Васьковіча, спадарыня Рушанія, абураецца:

«Ды якія яны анархісты, я вас умаляю… Абы-што кажуць, каб больш увагі на іх зьвярталі. Ім да анархістаў — як да космасу пешшу. Бесталковыя, вырашылі пагеройстваваць. Ну і пагеройствавалі на 7 гадоў. І вучоба, і ўсё на сьвеце пайшло насмарку. Ніколі з уладай, асабліва з КДБ, ніхто без наступстваў не ваяваў, заўсёды былі наступствы. Вось так і ў іх».

Адзін з прыхільнікаў анархісцкага руху, гарадзенец Алесь Дзянісаў, выказаў такое меркаваньне:

«Першыя рэакцыі ў людзей, блізкіх да анархісцкіх колаў, былі такія: што гэта наагул, невядома хто, ці сапраўды яны гэта рабілі, ці хлопцаў проста падставілі? Таму я вам скажу так: гэта нейкая моладзь, новае пакаленьне, якое пайшло больш радыкальным шляхам, і яны адразу былі на нейкім такім узроўні, што ні з кім не тусаваліся. Мне так падаецца, што яны спачатку паставілі задачу, каб ствараць такія аўтаномныя маленькія суполкі і каб не кантактаваць ні з кім».
Казаў, што пасьля спатканьня ён тыдзень адыходзіў, быццам бы толькі што зноў пасадзілі.

Як сказала маці Яўгена Васьковіча спадарыня Рушанія, «пагеройствавалі хлопцы на 7 гадоў». Іх бацькі прайшлі ўсе інстанцыі. Але і Вярхоўны суд адхіліў усе скаргі. Беларускія праваабаронцы прызналі Паўла Сырамалотава і асуджаных разам зь ім Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенку палітычнымі вязьнямі.

Адбывае пакараньне Сырамалотаў у Магілёве, у калёніі № 19. Двойчы родныя былі на спатканьнях з Паўлам: на кароткім і на доўгатэрміновым:

«Ну, што распавядае… Кажа, што на зоне наагул складана. Распавядаў, што ў яго два спагнаньні альбо заўвагі, але адмовіўся камэнтаваць, за што. На зоне несалодка, самі разумееце… Ён амаль нічога не распавядае, кажа: „Мама, гэта не абмяркоўваецца“. Худы, адны косьці. Выгляд у яго, канечне, страшны… Казаў, што пасьля спатканьня ён тыдзень адыходзіў, быццам бы толькі што зноў пасадзілі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG