Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У які бок мяняюцца грамадзкія настроі?


Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў правёў у сьнежні чарговае сацыялягічнае апытаньне грамадзкай думкі. Як грамадзяне адчуваюць крызіс? Ці зьмяніўся давер да ўлады? Якія тэндэнцыі ў геапалітычных прыярытэтах?

Удзельнікі: палітоляг Сяргей Нікалюк і сябра аргкамітэту Народнага сходу Вацлаў Арэшка.

Як грамадзяне адчуваюць крызіс?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: «Найперш пагаворым пра стаўленьне людзей да эканамічнага крызісу. Паводле сьнежаньскага дасьледаваньня НІСЭПД, хоць пэсымістычныя настроі грамадзян захоўваюцца, але самаадчуваньне грамадзтва палепшылася ў параўнаньні зь верасьнем. Чым вы гэта патлумачыце?»

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк: «Невялікіх прыкметаў эканамічнай стабілізацыі хапіла грамадзтву, каб ягоныя настроі, у цэлым яшчэ нэгатыўныя, пачалі паляпшацца. У сьнежні па ўсіх пытаньнях адбыўся невялікі зрух у бок паляпшэньня сацыяльных настрояў. У верасьні 87,6% апытаных адзначалі, што ў Беларусі ёсьць эканамічны крызіс. Такая вялікая лічба пры апытаньнях сустракаецца вельмі рэдка, каб так дружна насельніцтва выказвалася з нагоды чаго-колечы. А цяпер крызіс фіксуюць 81,5%.

Беларусы, як паказваюць шматгадовыя сацыялягічныя апытаньні, здольныя прызвычаіцца да ўсяго. У тым ліку — да пагаршэньня свайго дабрабыту. Калі гэтае пагаршэньне здараецца зьнянацку, то мы назіраем рэзкую рэакцыю. А празь нейкі час людзі прызвычайваюцца да росту цэнаў. У апошнія месяцы абменны курс беларускага рубля стабілізаваўся. Для беларусаў гэта вельмі важна, бо эканоміка моцна далярызаваная».

Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка: «Псыхалягічна гэтая сытуацыя зразумелая. Калі чалавек коціцца з гары і замест бездані адчувае нейкае выратаваньне, то ягонае адчуваньне паляпшаецца. Што будзе далей? Падаецца, што агульны кірунак мяняцца ня будзе. Ня будзе паляпшэньня ні эканамічнага стану, ні самаадчуваньня».


Ці зьмяніўся давер да ўлады?


Карбалевіч: «Павялічыўся давер да ўлады. Рэйтынг Лукашэнкі вырас на 5% — з 20,5% да 25%. Відавочна, гэта цесна зьвязана з эканамічным самаадчуваньнем людзей. Але, магчыма, тут спрацавалі і іншыя чыньнікі. Напрыклад, Лукашэнку ўдалося дасягнуць спрыяльных для Беларусі дамоўленасьцяў з Расеяй. Як вы лічыце?»

Нікалюк: «Колішняя большасьць цяпер ператварылася ў меншасьць. Яна падтрымлівала Лукашэнку найперш з эканамічных прычын. Ёсьць частка грамадзтва (каля 30%), якая не падтрымлівае Лукашэнку ні пры якіх абставінах, нават у пэрыяд, калі ўлада валодае максымальнымі эканамічнымі рэсурсамі.

А вось колішняя большасьць, як флюгер, паварочваецца ў залежнасьці ад зьмены матэрыяльнага становішча. Менавіта за кошт гэтай часткі грамадзтва на пачатку году рэйтынг Лукашэнкі ўпаў, а ў сьнежні — вырас. Бо яны ўбачылі сьвятло ў канцы тунэля. Бо ў гэтых людзей, якія не валодаюць уласнымі рэсурсамі, дзяржава і першая асоба дзяржавы — гэта адзіная надзея, за якую яны чапляюцца».
У гэтых людзей, якія не валодаюць уласнымі рэсурсамі, дзяржава і першая асоба дзяржавы — гэта адзіная надзея, за якую яны чапляюцца.

Карбалевіч: «Што сёньня большасьць, а што — меншасьць? Год таму мы разумелі. А цяпер усё перавярнулася».

Нікалюк: «Калі большасьць і меншасьць вызначаць адносна стаўленьня да Лукашэнкі, то сапраўды адбылася ракіроўка. Але калі пад большасьцю разумець людзей, якія не валодаюць асабістымі рэсурсамі і ня могуць пражыць без падтрымкі дзяржавы, то нічога не памянялася».

Арэшка: «Тое, што цяпер Лукашэнку падтрымлівае меншасьць — гэта вельмі важны чыньнік. Менавіта на ім трэба будаваць далейшае бачаньне сытуацыі. Гэта тое, чаго беларуская апазыцыя дамагалася 18 гадоў. І вось цяпер яно звалілася ў рукі. Але што з гэтым рабіць, ніхто ня ведае.

20% ці 25% — ня так важна. Важна тое, што рэйтынг Лукашэнкі значна меншы за 50%. Хутчэй за ўсё, ён ужо ніколі ня вернецца да ранейшага ўзроўню. Самае важнае — хто зойме месца, якое вызвалілася. Бо людзі, залежныя ад дзяржавы, пра якіх кажа сп. Нікалюк, будуць шукаць сабе новага „бацьку“. Або гэтае месца зойме беларуская апазыцыя, або сюды ўцісьнецца нейкая расейская плынь».

Якія тэндэнцыі ў геапалітычных прыярытэтах?


Карбалевіч: «Геапалітычныя прыярытэты трохі памяняліся ў бок Расеі. З улікам таго, што зьнешняя палітыка Беларусі стала аднавэктарнай, гэта ня дзіва. А якія тут яшчэ чыньнікі існуюць? Можа, эканамічныя праблемы ў ЭЗ, пра якія шырока паведамляюць усе мэдыі?»

Нікалюк: «Да бягучых ваганьняў грамадзкіх настрояў я б ставіўся з асьцярожнасьцю. Калі мы разглядаем зьмены грамадзкай думкі цягам 10–15 гадоў, то пэўныя тэндэнцыі ёсьць. Роля Расеі паступова зьніжаецца. А вось на кароткіх часавых прамежках сацыёлягі фіксуюць рэха мэдыйных падзей. Таму вырас расейскі вэктар.

Гэтыя ваганьні адбываюцца за кошт гэтых людзей, якіх я называю большасьцю. Бо для іх важна мець нейкі вонкавы рэсурс. Цікава, што на мяжы 2002–2003 гадоў прыкладна 60% выступалі за інтэграцыю і з Расеяй, і з ЭЗ. То бок, калі матэрыяльнае становішча пагоршылася, то большасьці было ўсё роўна, з кім інтэгравацца, абы атрымаць вонкавы рэсурс. Шмат што будзе залежаць ад таго, як апошнія пагадненьні з Расеяй паўплываюць на беларускую эканоміку».

Карбалевіч: «Мэдыйны чыньнік вельмі важны. Але апошнімі гадамі ўлада страціла манаполію на інфармацыю. Бо моцны ўплыў аказвае інтэрнэт, зьявілася мноства тэлеканалаў. І калі казаць пра беларускі інтэрнэт, то ў ім дамінавала хутчэй ідэя пагрозы з боку Расеі ў зьвязку з продажам „Белтрансгазу“. Таму мэдыйная сытуацыя была даволі супярэчлівая».

Нікалюк: «Тая большасьць, у маім разуменьні, інтэрнэтам не карыстаецца. Яна спажывае ў асноўным тэлевізійную інфармацыю».
У большасьці грамадзян жорсткага сьвядомага выбару паміж Усходам і Захадам сёньня не існуе.

Арэшка: «Беларускае грамадзтва заўсёды было такім, хацела заняць адразу дзьве чаргі. Каб і там давалі, і тут давалі. У большасьці грамадзян жорсткага сьвядомага выбару паміж Усходам і Захадам сёньня не існуе. Шмат залежыць і ад прапаганды, і ад эканамічнай сытуацыі».

Раскол грамадзтва


Карбалевіч: «Сацыёлягі даўно фіксуюць глыбокі раскол беларускага грамадзтва, які паглыбляецца. Пытаньне толькі ў ягоных прапорцыях. Ці ёсьць нейкі чыньнік, які можа кансалідаваць беларускае грамадзтва?»

Нікалюк: «У нашых умовах толькі дзяржава магла выканаць ролю кансалідацыі грамадзтва. Аднак, наадварот, дзяржава робіць усё, каб паглыбіць раскол, не заўважаючы меншасьці. Ніякай іншай кансалідуючай сілы, якая б магла аб’яднаць грамадзтва, няма».

Арэшка: «Мінулым годам раскалолася тая пралукашэнкаўская большасьць. Ствараецца слой новых незадаволеных, дэпалітызаваных грамадзян. Апазыцыя не дае ніякага адэкватнага адказу на гэтую сытуацыю. І такое адчуваньне, што частка апазыцыі і не імкнецца даваць гэты адказ. Калі апазыцыя прапануе альтэрнатыву, то гэта можа кансалідаваць грамадзтва. Калі такой альтэрнатывы ня будзе прапанавана знутры грамадзтва, яе прапануюць звонку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG