Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспрытульнае сьвята нацыянальнага генія


Выставай «Я не самотны» ў Палацы мастацтва, музычнай вечарынай у Белдзяржфілярмоніі, некалькімі новымі кнігамі ды ўскладзенымі да помніка кветкамі Беларусь адзначае 120-годзьдзе Максіма Багдановіча. Дом, дзе нарадзіўся адзін з самых загадкавых і трагічных геніяў нацыі, так і не адноўлены, літаратурны музэй ягонага імя зачынены на рамонт, паэтычнае вечарыны ў дзень яго народзінаў ня зладжана.

Адказваючы на пытаньне пра пашанотныя імпрэзы ў гонар 120-х угодкаў Максіма Багдановіча, супрацоўнік літаратурнага музэя паэта Міхась Бараноўскі быў ляканічны:

«З-за рамонту ўсе мерапрыемствы па-за межамі музэю».

Па-за межамі музэю, а менавіта ў сталічным Палацы мастацтва, 7 сьнежня адкрылася выстава. Больш за сотню рознажанравых твораў, аб’яднаных словамі клясыка «Я не самотны», можна пабачыць да 23 сьнежня. А непасрэдна ў дзень народзінаў паэта ў Белдзяржфілярмоніі арганізаваная вялікая вечарына з удзелам амаль усіх музыкаў, якія маюць у сваім рэпэртуары творы на вершы нацыянальнага генія. У яе праграме і прэм’ера першага мюзыклю-прыпавесьці па творах Багдановіча «Апокрыф», які напісала Ларыса Сімаковіч.

«Апокрыф — абсалютна аўтаномны твор, абсалютна ўся музыка аўтарская, арыгінальная. Нічога раней вы ня чулі».

Пачуць новы твор прыйдуць у ліку іншых прыхільнікаў творчасьці легендарнага паэта і арыгінальнай кампазытаркі і многія сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Свае літаратурнае імпрэзы ў гонар Багдановіча яны сёньня ня ладзяць, як патлумачыў старшыня СБП Алесь Пашкевіч, з прычыны заўтрашняга зьезду арганізацыі.

Алесь Пашкевіч
Алесь Пашкевіч
«Гэтая імпрэза ў нашых душах. А Саюз пісьменьнікаў, прынамсі, усё кіраўніцтва і актыў, дзённа і ночна, вось ужо сёньня, мабыць, і ўсю ноч, рыхтуе зьезд саюзу».

Дзённа і ночна, каб пасьпець да круглае даты, рыхтавалі складальнікі і выдаўцы энцыкляпэдычны даведнік «Максім Багдановіч». Ягонае зьяўленьне ў выдавецтве «Энцыкляпэдыя» паэт і дасьледнік спадчыны Багдановіча Юрась Пацюпа ацэньвае вельмі высока:

«Багдановіч у выданьні праінтэрпрэтаваны разнастайна, не зададзена. І нават, калі там чаго бракуе, то я думаю, што абсалютна поўных энцыкляпэдыяў не бывае».

Намнога папоўнілася багдановічазнаўства і дзякуючы зборніку, які падрыхтаваў малады дасьледчык Ціхан Чарнякевіч. Ягоная кніга «Максім Багдановіч: вядомы і невядомы» зьявілася з друку ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Складальнік адшукаў невядомыя ці раней не друкаваныя тэксты пра жыцьцё і творчасьць легендарнага паэта, ад артыкулаў Антона Луцкевіча і іншых літаратуразнаўцаў у эміграцыйных выданьнях — да першай кандыдацкай дысэртацыі па творчасьці Багдановіча Рыгора Жалезьняка.

«У архіўнай частцы там вельмі многа цікавага побытавага матэрыялу, напрыклад, лісты Зоські Верас да Алеся Бачылы і Ніны Ватацы. У іх некаторыя такія рэчы распавядаюцца, як і ў якім вагоне якое клясы ехаў Багдановіч зь Менску ў Ялту. Хто гэта мог ведаць, акрамя Зоські Верас? Аказваецца, ён ехаў самаю ніжэйшаю клясаю, трэцяю. Згадваецца, і што яму загарнулі ў дарогу з сабой. Карацей, такія рэчы, як бы дробненькія, але яны неяк набліжаюць нас да яго ўшчыльную ў тыя дні, калі зь ім былі побач сябры, знаёмыя, паплечнікі».

Гадоў дваццаць таму стваральнік і першы дырэктар Літаратурнага музэю Багдановіча Алесь Бяляцкі адшукаў падмуркі дому, у якім у 1891 годзе зьявіўся будучы аўтар «Пагоні». Улады з таго часу ўсё абяцаюць аднавіць дом паэта. Паэтавага дома няма дагэтуль, а руплівец пра спадчыну паэта кінуты за турэмныя краты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG