Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Барановічу: 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы адбываньня пакараньня

абноўлена

Сьвятаслаў Барановіч пасьля таго, як абвясьцілі прысуд
Сьвятаслаў Барановіч пасьля таго, як абвясьцілі прысуд
12 кастрычніка суд Маскоўскага раёну Менску скончыў разглядаць крымінальную справу супраць Сьвятаслава Барановіча. Барановіч быў на Плошчы 19 сьнежня 2010 году. Яго вінавацяць ва "ўдзеле ў масавых непарадках".


16.05 Прысуд: 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы адбываньня пакараньня.

Паводле закону, Барановіч павінен зьявіцца на выклік у крымінальна-выканаўчую інспэкцыю, каб стаць на ўлік. Ён таксама павінен паведамляць у інспэкцыю, калі будзе ўладкоўвацца на новую працу ці навучаньне. Асуджаны ня мае права мяняць месца жыхарства, а таксама выяжджаць за межы населенага пункту без дазволу крымінальна-выканаўчай інспэкцыі. У вольны ад працы (вучобы) час асуджаны павінен пастаянна знаходзіцца ў сваёй кватэры або на прысядзібнай тэрыторыі, не адыходзячы ад жытла далей за адлегласьць, вызначаную крымінальна-выканаўчай інспэкцыяй. З 19:00 да 6:00 Барановіч павінен знаходзіцца ў сябе дома.

12.57 У судзе перапынак. Прысуд абвесьцяць у 16.00.

Лабковіч пра працэс над Барановічам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00
Наўпроставы лінк

12.53 Апошняе слова Барановіча.

«Я нікога ня біў па галаве і са сьпіны – як гэта робяць супрацоўнікі спэцназу».

Просіць вызваліць ад пакараньня, бо ня меў на мэце злачынных дзеяньняў.

Пракурор адказвае адвакату, што Барановіч удзельнічаў у непарадках, але ступень удзелу малая.


12.42 Выступае адвакат.

Кажа, што справа Барановіча падобная на дзесяткі тых, што ўжо прайшлі праз суды ў выніку падзей 19 сьнежня.

Удзел Барановіча ў падзеях на плошчы не адпавядае артыкулу Крымінальнага кодэксу пра масавых непарадкі: ні пагромаў, ні падпалаў, ні зьнішчэньня маёмасьці не было на плошчы Незалежнасьці.

Ніхто з удзельнікаў не выяўляў актыўных дзеяньняў да тае пары, пакуль не пачалі наступаць супрацоўнікі спэцназу і зьбіваць людзей.

Барановіч прыйшоў зь мірнай мэтай, каб падтрымаць свайго кандыдата на прэзыдэнта. Ніякія палітычныя сілы не падтрымліваў.

Толькі, калі яго ўдарылі па галаве, тады пачаў больш актыўна дзейнічаць. Гэта падцьверджана відэаздымкамі.

Ён не зьдзяйсьняў гвалту над асобай, а біў па шчытах, якія не былі пашкоджаныя.

Але калі падцьверджана, што на Плошчы ўсё ж былі масавыя непарадкі, то няма падцьверджаньняў таго, што Берановіч непасрэдна ў іх удзельнічаў. Ён не падпальваў, не разбураў, ня гвалціў.

Адвакат таксама нагадвае, што Барановіч – асоба, якую станоўча характарызуюць, ніякіх правапарушэньняў раней не зьдзясьняў і ніякіх злачынных мэтаў ня меў.

Просіць прызнаць, што ў дзеяньнях Барановіча адсутнічаў склад злачынства.

12.33 Паседжаньне аднавілася. Пачаліся судовыя спрэчкі.

Выступае пракурор.

«Масавыя непарадкі – цяжкае злачынства».

Называе факты матэрыяльнай шкоды і гвалту адносна супрацоўнікаў міліцыі, што і зьяўляецца сьведчаньнем пра масавыя непарадкі

Удзел у іх Барановіча падцьверджаныя відэаматэрыяламі: удараў па шчытах, падымаў чалавека на рукі, які ўдараў нагамі па шчытах.

Паводле пракурора, дзеяньні Барановіча цягнуць на пакараньне турмой ад 3 да 7 гадоў.

Але, кажа пракурор, па людзях ён ня біў, наўмыснай шкоды не рабіў, у тым ліку матэрыяльнай.

Ён мае малады узрост, не прыцягваўся да адказнасьці, акрамя парушэньня правілаў дарожнага руху. Яго станоўча характарызуюць на працы.

Просіць тры гады абмежаваньян волі без накіраваньня ў месцы адбываньня пакараньня.

11.59 У судзе перапынак на 20 хвілін.

11.54 Судзьдзя зачытвае заключэньне псыхіятра, што парушэньняў
Барановіч ня мае, зачытвае характарыстыку з вучобы і працы.

Характарыстыка ў "Белстройэкалёгія" нэўтральная.

Апошні працэс за Плошчу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:27 0:00
Наўпроставы лінк

11.35 Пракурор дамагаецца ад Барановіча адказу, чаму быў каля дзьвярэй Дому ўраду. Сьвятаслаў кажа, што ў той сытуацыі ўвогуле цяжка было арыентавацца, дзе хто і чаму знаходзіўся.

Барановіч адзначае, што спэцназаўцы на судзе сьведчылі, што ад нязначных удараў яны гублялі прытомнасьць, а ў яго была моцна расьсечаная галава, і па сёньня застаўся шрам.

Сьвятаслаў кажа, што ня меў на мэце патрапіць у будынак Дому ўраду, бо зь ягонымі фізычнымі магчымасьцямі супраць узброеных спэцназаўцаў можна было застацца там у выглядзе трупа.

Удары па шчытах абвінавачаны тлумачыць: каб даць зразумець, што сілавікі павінныя атрымліваць адпор, што нельга зьбіваць бяззбройных людзей, якія выйшлі на мірную акцыю

Судзьдзя зачытвае судмэдэкспэртызу псыхіятра.

11.31 Пачалі глядзець відэаматэрыялы.

Відэа глядзяць на кампутары, які стаіць на стале судзьзі. Судзьдзя папрасіла падыйсьці пацярпелага, пракурора і адваката. Прысутныя ў залі відэа ня бачаць. На відэа няма гуку. Таму з залі поўная цішыня. Толькі спэцназаўцы час ад часу перашэптваюцца і сьмяюцца.

Судзьдзя ў праглядзе таксама ня ўдзельнічае. На манітор кампутара глядзіць толькі абвінавачаны, ягоны адвакат і пракурор.

Відэапрагляд закончаны.

Судзьдзя перапытвае, ці пазнаў сябе абвінавачаны. Той кажа, што так.

Пацьвярджае, што знаходзіўся на прыступках Дому ўраду.

Барановіч таксама падцьвярджае, што ўдарыў па шчытах, у адказ на тое, што яго ўдарылі.

11.06 Судзьдзя зачытвае пратаколы агляду месца здарэньня – што заставалася на плошчы пасьля разгону мітынгу.

Таксама зачытвае іншыя паказаньні пацярпелых. Пацярпелыя бачылі на плошчы каністры з запальвальнай сумесьсю, ледарубы, шкляныя і плястыкавыя пляшкі з вадкасьцю.

Судзьдзя зачытвае вынікі экспэртыз пацярпелых, дзе гаворыцца пра апёкі, гематомы розных частак цела.

11.00 Судзьдзя зачытвае пратакол допыту спэцназаўца Караваева, які таксама не адсутнічае з залі суду. Заяўляе, што невядомы ўдарыў па галаве чымсьці. Паколькі на галаве быў шлем, то атрымаў гематому, якая была ня значнай. Пракурор дадаў да матэрыялаў справы вынікі судмедэкспэртызы яшчэ аднаго пацярпелага Скарахода.


10.55 Прысутныя ў залі суду 9 спэцназаўцаў і міліцыянтаў дапытаныя. Судзьдзя зачытвае паказаньні яшчэ аднаго пацярпелага Давідовіча. У паказаньнях гаворыцца пра тое, што мітынгоўцы штурхалі і абражалі спэцназаўцаў. Ён сьведчыць, як хтосьці з прамоўцаў заклікаў ісьці на штурм і захапіць Дом ураду. Як гучалі гэтыя заклікі і хто прамаўляў, ведае. Кажа, што яны пачалі абараняць будынак, але натоўп працягваў наступаць. Таксама заяўляе, шіто ўласнаручна затрымліваў людзей і пагружаў у спэцтранспарт. А пасьля затрыманьня зьвярнуўся ў шпіталь, бо была пабітая ніжняя вусна.

10.46 Наступны сьведка кажа, што людзі на плошчы кідаліся сьнегам. Ня бачыў, як білі ў дзьверы. Але яго ўдарылі самога. Кажа, што балела галава. Зьвярнуўся да лекара, але назаўтра ўжо быў працы. На пытаньне адваката адказвае, што бачыў, як з боку натоўпу на іх ляцелі нейкія прадметы. Заклікаў да пагромаў ня чуў.

Наступны пацярпелы распавядае, што ён бачыў на плошчы 19 сьнежня: калі наблізіўся да натоўпу, то атрымаў удар па твары. На некаторы час страціў прытомнасьць, цягам трох дзён быў непрацаздольным. Ён жа часткова вёў відэаздымку. Кажа, што асаблівых парушэньняў з боку мітынгоўцаў ня бачыў, акрамя парушэньня правілаў дарожнага руху. Кажа, што мала бачыў, а толькі чуў глухія ўдары і звон шкла. Бачыў мужчыну з вогнетушыльнікам, а падсуднага – не.

10.40 Допыт скончаны і распачаўся новага пацярпелага спэцназаўца. Ён таксама ня бачыў палак, але кідаліся сьнегам.

Калі ўзялі людзей ў кола і пачыналі затрымліваць і зьмяшчаць у спэцтранспарт – тады яго з натоўпу хтосьці ўдарыў. Прэтэнзіяў да абвінавачанага ня мае, яго ня бачыў. На пытаньне адваката адказвае, што пагромаў і падпалаў ня бачыў. На пытаньне судзьдзі пра ўдары па шчытах кажа, што ня бачыў. Судзьдзя перапытвае: чаму пра ўдары па шчытах гаворыцца ў пратаколе ягонага папярэдняга допыту? Адказаў, што гэта было ў іншым ад яго баку.

10.38 Кожнага з пацярпелых пракурор перапытвае, якое пакараньне хоча для падсуднага. Тыя адказваюць – на рашэньне суда.


10.37 Наступны спэцназавец заяўляе, што атрымаў удар па калене чымсьці цяжкім. Чым, ня бачыў. Пракурор перапытвае, ці бачыў супрацьпраўныя дзеяньні супраць ягоных таварышаў. Кажа, што ня бачыў.

10.33 Распачаўся допыт наступнага пацярпелага-міліцыянта. Пацярпелы адказваюць на пытаньні

10.29 Журналістаў і праваабаронцаў пасадзілі на апошнія шэрагі ў залі суду. Пацярпелыя прамаўляюць гэтак ціха і ня выразна, што палову іх прамовы, практычна, нельга пачуць.

Наступны пацярпелы кажа, што ня бачыў, каб мітынгоўцы зьбівалі міліцыянтаў, але нібыта такое было. Допыт скончаны.

10.26 Дапытваюць наступнага спэцназаўца. Распавядае, што яго выцягнулі з шэрагу ў якім стаяў, хто – ня ведае. Абвінавачанага ня бачыў, прэтэнзіяў ня мае. На пытаньне пракурора, якое пакараньне хацеў бы абвінавачанаму, сказаў "на погляд суду".

10.23 Сьведкі гавораць вельмі ціха. Іхныя прозьвішчы немагчыма разабраць. Наступны сьведка. Не здолеў адказаць на пытаньне пракурора, дзе знаходзіўся ў часе падзеяў ля Дому ўраду. Атрымаў пашкоджаньні, калі падаў. Кажа, што ня бачыў масавага пагрому, бо раней пакінуў плошчу. Прэтэнзіяў ня мае.

10.21 Дапытваюць наступнага сьведку. Заяўляе, што бачыў прыкладна паўтары тысячы чалавек, якія былі з палкамі і пляшкамі з запальвальнвай сумясьсью. Кажа, што яго ўдарылі, але не ўдакладняе куды. На пытаньне судзьдзі адказаў, што пагромаў ня бачыў. На пытаньне адваката – што прэтэнзіяў да падсуднага ня мае.

10.20 Распачаўся допыт спэцназаўца Сьмірнова. Сьмірноў адказвае на пытаньні пракурора. Заяўляе, што яго стукнулі па галаве невядома хто і невядома чым. Падсуднага ня ведае. Допыт скончаны.

10.15 У судовую залю прыйшла судзьдзя. Працэс аднавіўся. На паседжаньне зьявілася 9 пацярпелых зь ліку супрацоўнікаў спэцназу міліцыі.

Барановічу пагражае да васьмі гадоў пазбаўленьня волі.

Мінулае паседжаньне адбылося 28 верасьня. Тады суд заслухаў паказаньні 10 з 23 заяўленых абвінавачаньнем сьведкаў – гэта спэцназаўцы міліцыі, якія ўдзельнічалі ў разгоне акцыі 19 сьнежня. Судзьдзя Алена Рудніцкая вырашыла выклікаць у залю ўсіх сьведкаў.

Бок абвінавачаньня на працэсе прадстаўляе пракурор Серакоў.

29 жніўня Барановіча вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Яго ўтрымлівалі ў турме на вуліцы Валадарскага ад 15 чэрвеня.

"На мітынг я прыйшоў, каб падтрымаць свайго кандыдата Андрэя Саньнікава. Мітынг спачатку быў мірным, і я нікога не зьбіраўся біць ці нешта такое. Але потым атрымаў дручком па галаве ад амапаўцаў і не стрымаўся, пачаў адказваць, біў па шчытах. Гэта зафіксавана на відэа, таму адмаўляць гэта мне не выпадае. Сядзеў на "Валадарцы", ставіліся там да мяне нармальна. І вязьні, і ахоўнікі", – кажа Сьвятаслаў Барановіч.

Сьвятаславу 25 гадоў, ён працуе ў Менску будаўніком, сам зь Вялейскага раёну Менскай вобласьці.

17 лютага распачалася сэрыя судоў па крымінальных справах за ўдзел у акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Усяго абвінавачаньні па справе аб падзеях 19 сьнежня былі выстаўленыя 46 асобам.

Найбольшыя тэрміны атрымалі былыя кандыдаты ў прэзыдэнты:

  • Мікола Статкевіч – 6 гадоў калёніі;
  • Дзьмітры Вус – 5 з паловай гадоў калёніі;
  • Андрэй Саньнікаў – 5 гадоў калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG