Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае пытаньне на Варшаўскім саміце «Ўсходняга партнэрства»


Дэлегацыя афіцыйнага Менску пакінула варшаўскі саміт «Усходняга партнэрства». Што прынесла Беларусі двухгадовая дзейнасьць гэтай праграмы? Што вырашыў варшаўскі саміт адносна беларускага пытаньня? Чаму афіцыйная дэлегацыя Беларусі ўчыніла скандал?


Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы.

Андрэй Фёдараў
Каміль Клысінскі
Валер Карбалевіч

Што прынесла Беларусі двухгадовая дзейнасьць гэтай праграмы?


Валер Карбалевіч: «Варшаўскі саміт „Усходняга партнэрства“ ў пэўным сэнсе павінен быў падвесьці першыя прамежкавыя вынікі дзейнасьці гэтай праграмы ЭЗ, якая існуе ўжо два гады. Што можна сказаць пра вынікі ўвогуле і адносна Беларусі ў прыватнасьці?».

Андрэй Фёдараў: «Афіцыйны Менск уступаў ва „Ўсходняе партнэрства“ з прагматычнымі мэтамі. Ён ад самага пачатку быў настроены выключна на эканамічнае ўзаемадзеяньне. Прычым прыступіў да справы вельмі энэргічна. Ужо праз тры месяцы пасьля праскага саміту, што адбыўся ў траўні 2009 году, Беларусь перадала ў Брусэль свае прапановы, іх было больш за 20. Яны тычыліся пытаньняў мытні, мяжы, транспарту, энэргетыкі. Менск ігнараваў тую акалічнасьць, што эканамічнае супрацоўніцтва было абумоўлена шэрагам крытэраў, сярод якіх былі пытаньні правоў чалавека, рынкавай эканомікі. Таму адразу ўзьніклі супярэчнасьці.

Акрамя таго, у ЭЗ узьніклі свае ўнутраныя праблемы эканамічнага кшталту. Таму ўсе праграмы замарозіліся. І Менск выказвае цяпер незадавальненьне такой сытуацыяй».

Каміль Клысінскі: «Вядома, калі Беларусь чакала, што адразу зьявяцца грошы, што эканамічныя праекты будуць ажыцьцяўляцца нягледзячы на супярэчнасьці ў палітычных пытаньнях, то можна зрабіць выснову, што „Ўсходняе партнэрства“ — гэта правальны праект. Але калі глядзець з гледзішча ЭЗ — а гэта яго праграма, — то праграма дзейнічае.
Калі Менск разьлічваў, што можна ажыцьцяўляць праекты ў эканамічнай сфэры бязь зьменаў ці хаця б жэстаў у палітыцы, то гэта яго памылка.

Напрыклад,Украіна і Малдова скарысталіся гэтай праграмай у эканамічным пляне. Малдова, магчыма, хутка прыступіць да перамоваў аб заключэньні дамовы з ЭЗ пра вольны гандаль. А Ўкраіна ўжо завяршае перамовы па гэтым пытаньні. І калі Менск разьлічваў, што можна ажыцьцяўляць праекты ў эканамічнай сфэры бязь зьменаў ці хаця б жэстаў у палітыцы, то гэта яго памылка».

Што вырашыў Варшаўскі саміт адносна беларускага пытаньня?


Карбалевіч: «Нізкі ўзровень беларускай дэлегацыі прывёў да таго, што на саміце дамінавалі прадстаўнікі апазыцыі. Яны сустрэліся з кіраўніцтвам Польшчы, з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, іх прыняў прэзыдэнт Рады Эўразьвязу Гэрман ван Ромпэй.

Асаблівую актыўнасьць праявіла польскае кіраўніцтва. Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Польшча пералічыла мільён эўра ў фонд Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку на карысьць Беларусі. Прэм’ер Польшчы Дональд Туск прапаноўвае цэлую „дарожную мапу“, якая прадугледжвае фінансавую падтрымку Беларусі ў абмен на дэмакратызацыю краіны. Якое ў вас уражаньне ад абмеркаваньня беларускага пытаньня ў Варшаве?».

Фёдараў: «Некаторыя беларускія экспэрты высунулі вэрсію, што міністар замежных спраў Мартынаў таму не ўзначаліў дэлегацыю Беларусі на саміце, што туды паехаў Някляеў. Цяпер відавочна, што гэта памылковае меркаваньне. У заяве МЗС Беларусі адзначана, што арганізатары саміту адмовіліся запрасіць у Варшаву кіраўніка беларускай дзяржавы. Тут гэта палічылі зьнявагай. Гэта і стала галоўнай прычынай дэмаршу афіцыйнага Менску: дэлегацыю ўзначаліў амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак. Таму цяжка было чакаць, што партнэры ў ЭЗ будуць паводзіць сябе, не зважаючы на такі дэмарш.

Але я лічу, што калі б нават і Мартынаў узначаліў афіцыйную дэлегацыю, сустрэчы эўрапейскіх кіраўнікоў зь лідэрамі беларускай апазыцыі ўсё роўна адбыліся б. Трэба было прадэманстраваць, што ЭЗ не забыўся пра дэмакратычныя прынцыпы і працягвае падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці».

Клысінскі: «Беларускае пытаньне займае значнае месца на гэтым саміце, на розных узроўнях. Па беларускім пытаньні ўзьніклі супярэчнасьці паміж краінамі ЭЗ і постсавецкімі краінамі-партнэрамі. Напрыклад, асабліва Грузія супраціўляецца жорсткім ацэнкам сытуацыі ў Беларусі. Аднак сярод краін ЭЗ існуе адзінства па гэтым пытаньні. Яны аднадушна патрабуюць вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў.

Абвінавачваньне беларускім МЗС арганізатараў саміту ў тым, што яны не запрасілі Лукашэнку, — гэта мова своеасаблівай дыпляматыі. Гэта было немагчыма, бо прэзыдэнт Беларусі знаходзіцца ў сьпісе неўязных.

Дэманстрацыя сілы Менскам бачыцца трохі сьмешнай. Бо ўсім вядомыя эканамічныя праблемы, якія існуюць у Беларусі. Таму гэта рызыкоўная гульня. Цяперашняя сытуацыя адрозьніваецца ад мінулых гадоў тым, што ў ЭЗ існуе адзінства па беларускім пытаньні. І раскалоць Эўропу ня ўдасца. Дэмарш Беларусі на саміце толькі павялічвае самаізаляцыю краіны».

Чаму афіцыйная дэлегацыя Беларусі ўчыніла скандал?


Карбалевіч: «Падаецца, беларускае кіраўніцтва, пакрыўджанае тым, што на саміт не запрасілі Лукашэнку, ад самага пачатку арыентавалася на скандал. Адмовіўся ехаць міністар замежных спраў Мартынаў, які быў запрошаны і павінен быў узначаліць беларускую дэлегацыю. Замест яго дэлегацыю ўзначаліў амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак. Яна пакінула саміт, не зьявіўшыся сёньня на паседжаньні, у знак пратэсту супраць таго, што не на ўсе мерапрыемствы яе запрашалі. Як можна пракамэнтаваць такую тактыку скандалу беларускіх уладаў?».
З заявы МЗС Беларусі вынікае, што краіна не зьбіраецца выходзіць з «Усходняга партнэрства». Бо гэта было б паводле прынцыпу: «назло маме адмарожу сабе вушы».

Фёдараў: «На жаль, ніякага рацыянальнага зерня ў такой тактыцы я ня бачу. Вось цытата з заявы МЗС: «Рашэньні саміту, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, прынятыя без прамой згоды нашай краіны, будуць нелегітымнымі». Гэта спроба прадэманстраваць нейкую манію велічы.

Справа ў тым, што функцыянаваньне праграмы «Ўсходняе партнэрства» не падобнае да дзейнасьці НАТО ці АБСЭ, дзе дзейнічае правіла кансэнсусу. Тут такога няма. Ва «Ўсходнім партнэрстве» асноўная ўвага сканцэнтраваная на двухбаковым супрацоўніцтве краін-партнэраў з ЭЗ. На саміце прымаецца выніковы дакумэнт, але гэта не «рашэньне», яно ня можа ні да чога прымусіць Беларусь. З заявы МЗС Беларусі вынікае, што краіна не зьбіраецца выходзіць з «Усходняга партнэрства». Бо гэта было б паводле прынцыпу: «назло маме адмарожу сабе вушы».

Клысінскі: «Лёгіка, якой кіруюцца ўлады Беларусі, небясьпечная для яе вонкавай палітыкі. Гэта тактыка шантажу ЭЗ. Маўляў, сапсуем вам вашу прэстыжную праграму, ваш саміт. Але гэтыя прыёмы састарэлі, яны ня дзейнічаюць. Бо зьнешні кантэкст моцна зьмяніўся.

Што траціць Беларусь? Траціць магчымасьць перамоваў з ЭЗ, якія важныя для Менску і ў палітычным, і ў фінансавым пляне. А Расея ўзмоцніць свой ціск».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG