Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч: мне раілі не вяртацца ў Беларусь


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
Пасьля амаль двух месяцаў за мяжой намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч вярнуўся ў Беларусь. Літва перадала афіцыйнаму Менску зьвесткі пра яго банкаўскія рахункі, як і пра рахункі старшыні "Вясны" Алеся Бяляцкага, які на падставе гэтых зьвестак быў арыштаваны.

Перад прыездам у Беларусь Валянцін Стэфановіч меў размову з шэрагам дыпляматаў, якія раілі яму не вяртацца ў Беларусь, Міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс назваў гэта нерацыянальным крокам, беручы пад увагу "прынцыпы беларускай прававой сыстэмы, палітычную сытуацыю і досьвед іншых дысыдэнтаў". Паводле Ажубаліса, "давяраць прававой сыстэме Беларусі і спадзявацца на неперадузятае правасудзьдзе — прынамсі наіўна". У інтэрвію "Свабодзе" Валянцін Стэфановіч распавёў:

"Ён мне тэлефанаваў асабіста. Напярэдадні я сустракаўся з прадстаўнікамі літоўскага МЗС, якія мне таксама казалі, каб я падумаў і што яны мне раяць не вяртацца. І што я магу застацца ў Літве, чарговы раз мне сказалі. Я сказаў, што маё рашэньне прынятае і я паеду дахаты. Потым учора я сустрэўся з амбасадарам ЗША ў АБСЭ, які мне сказаў тое самае. А пасьля мне патэлефанаваў міністар замежных спраў Літвы і сказаў, што яны вельмі турбуюцца за маю бясьпеку, раяць мне ня ехаць і што я магу застацца ў Літве".

Валянцін Стэфановіч патлумачыў, што рашэньне аб вяртаньні ў Беларусь прыняў даўно. Ён дзякуе дыпляматам за клопат і лічыць, што пагроза адносна яго перабольшваецца.

"Мы ўжо працуем тут 15 гадоў, і зь іх 8 гадоў "Вясна" дзейнічае без
Я не зьбіраюся нікуды хавацца і зьбіраюся далей займацца праваабарончай дзейнасьцю ...

рэгістрацыі. Гэтыя пагрозы існавалі ўсе апошнія восем гадоў. Ты кожны дзень ня ведаў, што з табой будзе. Я пра гэта стараўся ня думаць і ня думаю цяпер, бо гэта ад мяне не залежыць. Я не зьбіраюся нікуды хавацца і зьбіраюся далей займацца праваабарончай дзейнасьцю. Таму я і прыехаў. Калі б я хацеў, я мог бы застацца. Не было праблемы для мяне папрасіць палітычнага прытулку ў розных краінах, у тым ліку ў Францыі, дзе я быў. Навошта, я не хацеў гэтага рабіць. Займацца праваабарончай дзейнасьцю ў Беларусі — гэта заўсёды рызыка розных непрыемных гісторый, у тым ліку і магчымасьці ізаляцыі. Шмат гадоў такая сытуацыя".

Падатковая інспэкцыя Партызанскага раёну Менску пастанавіла спагнаць зь сябра праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча 31 мільён 500 тысяч рублёў нібыта ўтоенага падатку. А таксама 6 мільёнаў рублёў пені. Падаткоўцы накіравалі ў суд Партызанскага раёну пазоў аб спагнаньні гэтых грошай у сувязі зь няплатай іх у добраахвотным парадку. Аднак пакуль нейкіх папераў ці тэлефанаваньняў, вярнуўшыся дахаты, праваабаронца не атрымліваў. Ці зьбіраецца ён выплачваць вялізны штраф, калі да гэтага дойдзе справа?

"Я пакуль пра гэта ня думаю, бо ў мяне, па-першае, няма такіх грошай. А па-другое, я буду намагацца абскарджваць па інстанцыях як мага больш. Для мяне найгоршае ў гэтай сытуацыі, што дзеля забесьпячэньня позвы, нават да разгляду судом, ёсьць падставы абмежаваць мне права на выезд. У мяне вялікія сумневы адносна таго, якое рашэньне прыме суд. Хоць у мяне ёсьць доказы, я прывёз некаторыя пісьмовыя дакумэнты адносна таго, што гэтыя грошы не пералічаліся ў якасьці майго асабістага прыбытку. Гэта дакумэнты ад фондаў, якія пералічалі грошы. І прэтэнзій зь іх боку да мяне няма. Але тым ня менш, відаць, давядзецца іх недзе шукаць. 4 тысячы эўра атрымліваецца па цяперашнім курсе".

3 кастрычніка лідэры грамадзянскай супольнасьці правядуць у Менску прэс-канфэрэнцыю, прысьвечаную міжнароднай кампаніі ў абарону старшыні "Вясны", віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. Праваабаронца за кратамі працягвае знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы, заведзенай супраць яго нібыта за ўтойваньне падаткаў. Сябра "Вясны" Ўладзімер Лабковіч патлумачыў, ці ёсьць вынік абароны Бяляцкага за межамі Беларусі:

"Ні ў кога за межамі Беларусі няма сумневу, што гэта палітычны перасьлед, і патрабаваньне вызваліць Бяляцкага зьяўляецца першым, як і іншых палітвязьняў. І гэтае пытаньне ня будзе зьнятае з парадку дня, пакуль ня будуць вызвалены ўсе палітвязьні і Алесь Бяляцкі. За мяжой выклікаў асаблівае абурэньне арышт Бяляцкага, бо ён не палітык і пацярпеў выключна за гуманістычную дзейнасьць, як праваабаронца. І гэта выклікае вялікае абурэньне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG