Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці была Беларусь калёніяй Расеі?


Вы сьцвярджаеце, што ў царскай імпэрыі Беларусь была расейскай калёніяй. Ці не занадта катэгарычная гэтая выснова? Калёнія ўсё ж выклікае асацыяцыіі з геаграфічна аддаленай і цывілізацыйна адсталай тэрыторыяй, а тут – блізкія па культуры і веры суседзі, якія самі шмат у чым адставалі ад нашых продкаў.

Сяргей Верас


Каб вызваліцца з падманлівага палону асацыяцый, нагадаю, што Ірляндыя была калёніяй суседняй Брытаніі, што ўсталявала жорсткі рэжым эксплюатацыі прыродных і чалавечых рэсурсаў улучна з культурнай і моўнай асыміляцыяй.

Але для брытанскай імпэрыі Ірляндыя сапраўды пэўны вынятак з правіла. Астатнія каляніяльныя ўладаньні Лёндану ляжалі далёка ад мэтраполіі. Расейская ж імпэрыя зьяўлялася не заморскай, а кантынэнтальнай. Іначай кажучы, калёніі былі недалёка і пры пэўнай этнічнай блізкасьці калянізатары мелі магчымасьць ня толькі маскаваць прыгнёт дэмагагічнымі лёзунгамі, але і накідаць паняволенаму народу чужую гісторыю з чужымі героямі.

У расейскай, а потым у савецкай імпэрыі захоп нашых земляў пры канцы ХУІІІ стагодзьдзя называўся не іначай як узьяднаньнем, хоць ніколі раней Літва-Беларусь у межах Расеі не знаходзілася.

Былое Вялікае Княства Літоўскае зь ягонымі дэмакратычнымі традыцыямі і эўрапейскімі эканамічнымі навацыямі стала часткаю краіны, якую Маркс і Энгельс трапна назвалі жандарам Эўропы, а Ленін – турмой народаў. У Расеі панавалі абсалютызм і фэўдальныя формы гаспадаркі.

Кацярына ІІ і яе сын імпэратар Павел І раздалі сваім дваранам на далучаным абшары блізу паўмільёна беларусаў. Пераважная большасьць гэтых запрыгоненых сялянаў датуль была асабіста вольная. Задушыўшы паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі, Сувораў быў узнагароджаны цэлым Кобрынскім староствам з 25 тысячамі “душаў”. Прыгонных, якія раней плацілі пераважна грашовы аброк, пагналі на паншчыну. Памешчыкі тысячамі здавалі сялянаў на будаўнічыя работы ў далёкія расейскія губэрні.

Рэзка пагоршылася становішча гарадзкога насельніцтва. У гарадоў і мястэчак адабралі старыя гербы і скасавалі магдэбургскае права на самакіраваньне. Мяшчанаў абклалі падушным падаткам і ў вайсковай павіннасьці прыраўнялі да сялянаў. Падаткі ў беларускіх губэрнях да 1811 году заставаліся ў чатыры-пяць разоў цяжэйшыя, чым у расейскіх.

На зьмену расфармаванаму прафэсійнаму войску Вялікага Княства прыйшлі невядомыя дагэтуль рэкруцкія наборы з пажыцьцёвай службай, якую пазьней абмежавалі “ўсяго” чвэрткай стагодзьдзя. Беларусы рабіліся гарматным мясам у захопніцкіх царскіх паходах. Тым часам рэкруцкая павіннасьць не накладалася на Латвію, Эстонію, Бэсарабію, Грузію, Фінляндыю, а пазьней і на Ўкраіну, якая пасылала на службу казацкія палкі.

Захоп Беларусі адбываўся пад выглядам абароны правоў праваслаўных. Аднак яны на той момант складалі ўсяго 6% насельніцтва і ніякіх выгодаў, апынуўшыся ў імпэрыі, не атрымалі. А вось беларусы-вуніяты, да якіх належала больш за 75% жыхароў краю, трапілі пад жорсткі перасьлед.

Расейская імпэрыя ніколі ня ведала рэлігійнай і нацыянальнай талеранцыі. Беларусаў наогул не прызнавалм асобным народам, а лічылі папсаванымі пальшчызнаю расейцамі. Адпаведнае стаўленьне было і да мовы. Продкаў нават пазбавілі права на ўласныя імёны і прозьвішчы. Царскія пісары ў дакумэнтах ператваралі Язэпаў у “Иосифов”, Тамашоў – у “Фомов”,”Якубаў” – у “Яковов”. Да беларускіх прозьвішчаў дадаваліся расейскія канчаткі, а сялянаў часта запісвалі па гаспадару-памешчыку. Такім, дарэчы, чынам набыў прозьвішча адзін з маіх продкаў па мячы -- стаўшы, паводле ўказу яе вялікасьці, прыгонным аднаго з братоў Арловых, што ўзводзілі Кацярыну на трон.

Расейскія ўлады ўстанавілі для габрэяў вядомую “мяжу аселасьці”. Юдэі мусілі плаціць удвая большыя за хрысьціянаў дзяржаўныя падаткі.

Былі ўведзеныя абмежаваньні ў дачыненьні жанчын. У Рэчы Паспалітай шляхцянкі і мяшчанкі валодалі маёмаснымі правамі, у Расейскай імпэрыі – не. Гэта страшэнна звужала эканамічныя магчымасьці асабіста вольных ліцьвінак і паніжала іх грамадзкі статус.

Пасьля вызвольнага паўстаньня 1831 году каляніяльны ўціск рэзка ўзмацніўся. Пры расейскім урадзе быў створаны асобы Камітэт па справах заходніх губэрняў, мэтаю дзейнасьці якога стала поўная русыфікацыя Літвы-Беларусі. Месца звольненых службоўцаў займалі прыежджыя з цэнтральных губэрняў. У дзесяці тысяч нашых суайчыньнікаў адабралі шляхецтва. Расейскія дваране і чыноўнікі проста шалелі ад шырокай ракі разнастайных палёгкаў і прывілеяў. Уяўленьне пра гэта, а таксама пра цяжар падаткаў дае такі факт: разам узятыя даходы Менску, Віцебску, Магілева, Горадні, Полацку, Берасьця, Пінску і Бабруйску былі ў 2,5 разы меншыя за гадавы даход, які расейскі князь Паскевіч меў толькі з Гомельскага маёнтка.

Найкрасамоўнейшым прыкладам таго, што калянізатары цалкам пагарджалі інтарэсамі нашых людзей, стаў драматычны лёс Берасьця. Дзеля пабудовы вайсковай фартэцы быў знішчаны цэлы горад, які лічыўся адным з найпрыгажэйшых ва Ўсходняй Эўропе. Берасьцейцаў перасялілі за тры кілямэтры, а на месцы зруйнаваных дамоў, храмаў, манастыроў збудавалі царскую цытадэль.

У галіне асьветы царскія ўлады кіраваліся меркаваньнем, што расейская школа зробіць для заняволеньня краю нязьмерна болей за расейскую армію. Моваю навучаньня магла быць толькі расейская. Затым выйшаў указ, што і ўвогуле размаўляць у сьценах вучэльняў розных узроўняў дазволена выключна па-расейску. Ішла мэтанакіраваная расправа з навучальнымі ўстановамі, якія зрабіліся асяродкамі апазыцыі царызму. Яшчэ ў 1820 годзе зачынілі Полацкую акадэмію, што мела ўнівэрсытэцкія правы. У 1832-м такі самы лёс напаткаў Віленскі ўнівэрсытэт, у 1842-м – Віленскую мэдычна-хірургічную акадэмію...Калянізатары мелі на мэце пазбавіць Літву-Беларусь сваёй інтэлігенцыі.

Вайна з рэлігійнай вуніяй завяршылася ў 1839 годзе Полацкім царкоўным саборам, што пад дыктоўку калянізатараў прыняў пастанову пра вяртаньне грэка-каталікоў “в лоно прародительской веры, дабы пребывать отныне в послушании Святейшего Правительствующего Всероссийского Синода” (які сам быў у поўным паслушэнстве царскага ўраду). Пра долю тых, хто не хацеў вяртацца “в лоно” напісаў у артыкуле “Секущее православие” Аляксандар Герцэн: “Со стороны гражданского начальства истязанием заведовал окружной Новицкий. Этот полицейский апостол сек людей до тех пор, пока мучимый не соглашался принять причастие от православного попа. Один четырнадцатилетний мальчик после двухсот розг отказался от такого

общения со Христом. Его снова начали сечь, и только тогда, уступая страшной боли, он согласился. Православная церковь восторжествовала!”.

Падрыхтаваўшы глебу забаронай народнае веры, у 1840 годзе імпэратар Мікалай І адмысловым загадам забараніў ужываць у афіцыйных дакумэнтах самі найменьні “Літва”, “літоўскі” і “Беларусь”, “беларускі”. Нашай зямлі далі каляніяльны назоў “Северо-Западный край”.

Каб сьцерці у будучых пакаленьняў памяць пра сваю былую дзяржаву, царская адміністрацыя зь нечуваным размахам і цынізмам рабавала культурныя й гістарычныя багацьці. У Расею вывезьлі бальшыню кнігазбораў і мастацкіх калекцыяў ліцьвінскай арыстакратыі. Сярод безьлічы скарбаў на ўсход трапіў і архіў Вялікага Княства с сотнямі тамоў Літоўскай Мэтрыкі.

Краю навязалі (што тыпова для каляніялізму) монакультуру -- бульбу, каб гнаць гарэлку ледзь не для ўсёй імпэрыі.

Калянізатары высмоктвалі як матэрыяльныя багацьці, так і інтэлектуальныя сілы Беларусі. Адсутнасьць вышэйшых навучальных установаў, забарона беларускай мовы ў навучаньні і кнігадрукаваньні прычыніліся да таго, што шмат беларусаў рабіліся дзеячамі расейскай навукі і культуры. Літаратары Фадзей (Тадэвуш) Булгарын і Фёдар Глінка, кампазытары Восіп Казлоўскі, Міхаіл Глінка, Мадэст Мусарскі, скульптар Міхаіл Мікешын, матэматык Соф’я Кавалеўская ... Сьпіс бясконцы.

Каляніяльную імпэрскую палітыку, што праводзілася ў Беларусі, падтрымлівала і бальшыня расейскіх “валадароў думак”, што лічацца дэмакратамі.

На паведамленьні эўрапейскага друку пра жорсткія расправы с інсургентамі 1831 году ді іхнямі сем’ямі Аляксандар Пушкін, да прыкладу, адгукнуўся вершам “Клеветникам России”, дзе называў тыя крывавыя падзеі ўсяго толькі “спором славян между собою”. Яшчэ адзін абаронца імпэрыі Фёдар Цютчаў бачыў місію Расеі ў тым, каб

Славян родные поколенья
Под знамя русское собрать
И весть на подвиг просвещенья
Единомысленных, как рать...

У вынішчэньні ўсяго нацыянальнага найбольш вызначыўся былы дзекабрыст Міхаіл Мураўёў, які з 1831 году служыў менскім ваенным губэрнатарам, а пазьней, падчас паўстаньня Каліноўскага, быў, як вядома, прызначаны віленскім генерал-губэрнатарам і заслужыў мянушку “Вешальнік”. (Узьнёслыя радкі прысьвяціў яму, “миротвоцу края”, расейскі паэт-дэмакрат Мікалай Някрасаў.) Зьвяртаючыся да беларускага дваранства, Мураўёў папярэджваў: “Помните, что если вы не станете по своим мыслям и чувствам русскими, то будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край”.

...Праз сто гадоў беларускі паэт Алесь Дудар у знакамітым вершы “Пасеклі край наш напалам” (ганарарам за падобныя творы ў тыя часы быў расстрэл) напіша:

О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні
Такі разлом, туга такая!
І баюць байкі баюны
Северо-Западного края...

Плююць на сонца і на дзень.
О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?
Ім мураўёўскі б гальштук ўзьдзець,
Нашчадкам мураўёўскім гэтым...

Ці можам мы сказаць, што гэтыя радкі ўжо страцілі актуальнасьць?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG