Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку — адстаўка, потым — чаканьне пасады


У выніку гучных кадравых адставак, якія адбыліся ў апошнія дні мінулага году, без пасадаў засталіся асобы, якія мелі значную вагу на палітычнай сцэне Беларусі. Чым займаюцца адстаўленыя прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі, першая намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, старшыня Камітэту дзяржкантролю Зянон Ломаць, старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімер Замяталін?

Згаданыя чыноўнікі знаходзяцца ў так званым дзяржаўным рэзэрве і спадзяюцца, што атрымаюць новыя пасады. Яны дагэтуль наведваюць важныя палітычныя мерапрыемствы: сядзяць побач зь дзейнымі функцыянэрамі на прэсавых канфэрэнцыях Аляксандра Лукашэнкі, былі заўважаныя падчас ягонай інаўгурацыі. Аднак збольшага захоўваюць рэжым маўчаньня.

Так, былы кіраўнік Беларускага тэлебачаньня Аляксандар Зімоўскі да канца сакавіка наклаў мараторый на кантакты з журналістамі — маўляў, да таго часу можа нешта праясьніцца. Нідзе афіцыйна Зімоўскі не працуе, размовы пра тое, што былога тэлеідэоляга могуць кудысьці накіраваць па дыпляматычнай лініі, пакуль ня спраўджваюцца. Зрэшты, ён шмат гадоў знаходзіцца ў сьпісе неўязных, таму нават гіпатэтычная ягоная працоўная геаграфія выглядае абмежаванай. Дарэчы, незадоўга да адстаўкі спадар Зімоўскі гаварыў у інтэрвію «Свабодзе» пра падыходы да вызначэньня неўязных — маўляў, хто ўжо не працуе на дзяржаўнай пасадзе, таго і чапаць ня мае сэнсу:

Аляксандар Зімоўскі
Сяргей Сідорскі
Зянон Ломаць
Леанід Сініцын
Уладзімер Замяталін
«Давайце зірнём: спадар Навумаў больш не зьяўляецца чыноўнікам, спадар Паўлічэнка таксама не пры справах. Віктар Уладзімеравіч Шэйман таксама не зьяўляецца тым, кім пазначаны ў загадзе, Сьцяпан Мікалаевіч Сухарэнка таксама даўно не працуе на ранейшай пасадзе. Або тады ў загадзе трэба пісаць больш зразумела: былы старшыня КДБ, былы дзяржаўны сакратар, былы міністар абароны. Таму звычайная бюракратычная машына, яна працуе».

Самы значны паводле палітычнай вагі ў дзяржаўным рэзэрве — экс-старшыня ўраду Сяргей Сідорскі. Ніякай іншай пасады пакуль што яму не прапанавалі. А колькі ўвогуле часу можна трымаць чыноўніка ў такім рэзэрве? Запытваю ў былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра:

«Колькі шэф вырашыць — столькі будуць трымаць. Ніякіх абмежаваньняў па часе няма. Каб штосьці на гэты час плацілі — ня ведаю. Але той жа Ломаць — пэнсіянэр паводле ўзросту, ня думаю, што разагналіся яму за нешта плаціць. Хоць у нашых умовах з абсалютнай перакананасьцю нічога казаць нельга. Але нам дакладна няма чаго за іх хвалявацца, хто-хто, а гэтыя не прападуць».

Калі Зянон Ломаць з улікам значнага стажу працы дзяржаўнага службоўца можа разьлічваць на нядрэнную пэнсію, то функцыі былой намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Пяткевіч звузіліся да маштабаў грамадзкай дзейнасьці. Яна — старшыня Беларускай фэдэрацыі гарналыжнага спорту і сноўборду. Пра гэта гаворыцца і на сайце асацыяцыі.

Дарэчы, у прэзыдыюм фэдэрацыі ўваходзіць старшыня праўленьня «Прыёрбанку» Сяргей Касьцючэнка. Была інфармацыя, што пасьля адстаўкі Натальля Пяткевіч спрабавала ўладкавацца менавіта ў гэты банк, але нібыта не атрымала дазволу з адміністрацыі прэзыдэнта. Сама спадарыня Пяткевіч падобныя размовы не камэнтуе.

Колішні кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын лічыць працэс ратацыі кадраў на вышэйшым узроўні цалкам лягічным. Аднак заўважае, што ў Беларусі чыноўнікі практычна пазбаўленыя магчымасьці самастойна вызначаць свой лёс і мусяць чакаць адпаведнай «адмашкі» зьверху:

«У любой дзяржаве такія працэсы адбываюцца, і гэта правільна. Ратацыя кадраў — нармальная зьява. Практычна для ўсіх краінаў характэрна, калі папрацаваў ва ўладзе, а потым пайшоў, дапусьцім, у бізнэс; папрацаваў у бізнэсе — зноў імкнуцца ва ўладу. Такім чынам разьвіваецца ўлада і разьвіваецца бізнэс. Нармальная зьява. Іншая справа, што ў нас такая ўзаемазамяняльнасьць якраз не вітаецца».

Не захацеў расказаць пра свой цяперашні статус і выпраўлены ў адстаўку з пасады дырэктара кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімер Замяталін. Сказаў, што як запатрабуецца, то сам затэлефануе і пра ўсё раскажа. Спадар Замяталін за апошнія 20 гадоў зьмяніў нямала самых разнапрофільных месцаў працы і, як лічаць экспэрты, будзе запатрабаваны і ў будучыні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG