У мінулую пятніцу зь сьледчага ізалятару КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе выпусьцілі рэдактарку сайту "Хартыя-97" Натальлю Радзіну. Разам зь яшчэ 36 асобамі Натальля застаецца абвінавачанай у справе аб масавых непарадках у Менску. Вызваліўшы зь сьледчага ізалятару, Натальлю Радзіну абавязалі жыць па месцы прапіскі ў Кобрыне.
Натальля Радзіна ў панядзелак раніцай была госьцем нашага ранішняга эфіру.
Радзіна: Дзякуй вялікі вам за салідарнасьць, за матэрыялы, якія вы публікавалі за гэты час – я ўжо ўсё прагледзела – дзякую вам і ўсім людзям, якія выказвалі салідарнасьць з намі і працягваюць выказваць салідарнасьць зь іншымі вязьнямі, якія яшчэ застаюцца за кратамі.
Бушлякоў: Як сустрэлі вас у Кобрыне?
Радзіна: Перш за ўсё мяне вельмі добра сустрэлі ў Менску. Я прыехала ў Кобрын толькі ўчора ўвечары, а першага паўтара дня было нешта неверагоднае, бо дзьверы ў кватэру, у якой я жыла, проста не зачыняліся. Велізарная колькасьць тэлефанаваньняў ад журналістаў, праваабаронцаў, усіх маіх знаёмых і сяброў, ад чытачоў – гэта было проста штосьці неверагоднае. Людзі ішлі і ішлі, апошнія госьці з маёй кватэры выйшлі а 2-й гадзіне ночы, а пачалі прыходзіць яшчэ раніцай. Столькі людзей мяне падтрымалі, столькі людзей за мяне маліліся...
Ну а ў Кобрыне перш за ўсё, вядома, бацькі – таксама сьлёзы, вялікае шчасьце, што сустрэліся. Прыйшлі родныя, якія мяне падтрымлівалі ўвесь гэты час. Ну а цяпер я ўжо чакаю міліцыянтаў, якія павінны прыйсьці правяраць, ці я на месцы, ці куды ня зьехала.
Бушлякоў: Рэжым знаходжаньня ў Кобрыне прадугледжвае адзначэньне ў міліцыі сваёй прысутнасьці?
Радзіна: Не. Ня ведаю, як будзе далей, але мне сказалі, што да мяне будзе прыходзіць участковы, я павінна быць пастаянна на мабільнай сувязі і не магу нікуды выяжджаць з Кобрына. Па дазвол я мушу зьвяртацца да сьледчага. Мне нават не вярнулі пашпарта.
Бушлякоў: Наколькі сьледчыя дзеяньні на мінулым тыдні давалі падставы спадзявацца на вызваленьне з турмы КДБ? Ці яно сталася для вас абсалютнай неспадзяванкай?
Радзіна: Я ведала, што рана ці позна гэта скончыцца, я з розных крыніц даведвалася аб жорсткай рэакцыі сьвету і Эўропы і думала, што нам можа дапамагчы толькі гэтая салідарнасьць, больш нічога. Але, вядома, вызваленьне было неспадзяванае.
Бушлякоў: Якраз сёньня міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу будуць разглядаць пытаньне аб санкцыях супраць афіцыйнага Менску – якое ваша стаўленьне да санкцыяў?
Радзіна: Я лічу, што санкцыі безумоўна трэба ўводзіць. Бо што мы бачым на гэты момант? Вось я пад падпіскай аб нявыезьдзе, Ірына Халіп і Ўладзімер Някляеў – пад дамашнім арыштам. Гэта не свабода. Абвінавачаньні застаюцца ў сіле, нас чакае суд. У любы момант нас могуць ізноў арыштаваць. Дый «вызвалілі» пакуль толькі нас, а пытаньне вырашаецца сёньня. За кратамі застаюцца Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Бандарэнка, Аляксандар Атрошчанкаў, Анатоль Лябедзька, шмат іншых людзей.
Я хачу толькі нагадаць факты. Візавыя санкцыі дзейнічалі шмат гадоў, і нічога ў краіне не мянялася. А калі ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі – толькі дзякуючы гэтаму былі вызваленыя ўсе палітвязьні, у тым ліку Аляксандар Казулін. Вызваленыя канчаткова, а ня так, як мы цяпер – па нас у любы момант могуць прыйсьці зноў, уначы зламаць дзьверы, схапіць і пасадзіць гвалтоўна ў турму...