Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самагубства праз галадоўку – ці гэта ўчынак нармальнага чалавека?


Пайшоў другі месяц галадоўкі кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча ў СІЗА КДБ. Ні блізкім палітыка, ні адвакату пра стан яго здароўя нічога невядома. Аднак усе, хто больш-менш ведае Статкевіча, перакананыя, што той пойдзе да канца і галадоўкі ня спыніць, бо гэта "яго ўнутраныя прынцыпы і перакананьні".

Нашы слухачы і наведнікі сайту па-рознаму ацэньваюць пратэставую акцыю Міколы Статкевіча, які патрабуе ад уладаў адмяніць вынікі выбараў. Некаторыя ўдзельнікі форуму "Свабоды" прызнаюцца, што не разумеюць мэты Статкевіча. Маўляў, хіба можа нармальны чалавек разьлічваць, што "неяк разжаліць Лукашэнку"? Другія раяць палітыку быць мужным, але не да вар'яцтва. Трэція, іх большасьць, называюць бестэрміновую галадоўку Статкевіча актам адчаю мужнага чалавека.

Якія зьмены адбываюцца ў фізычным і псыхічным здароўі чалавека пасьля 30 дзён галадоўкі? На гэтую тэму ў нашай сёньняшняй праграме разважаюць адмыслоўцы — тэрапэўты і псыхіятры.

"Галадоўка — цяжкае выпрабаваньне для мозгу і ўсяго арганізму"

Паводле адмыслоўцаў у галіне ўнутраных захворваньняў, працяглая адмова ад ежы — сама па сабе ўжо вялікі стрэс для арганізму. Калі ж тэрмін галадоўкі перавышае месяц, у арганізьме могуць пачацца незваротныя зьмены, мяркуе менскі лекар Аляксандар:

"Пры такім працяглым тэрміне галадоўкі ў чалавека настаюць праблемы з імунітэтам і пачынаюцца дэгенэратыўныя або дыстрафічныя зьмены ў сэрцы, пячонцы, нырках. А гэта ў сваю чаргу можа прывесьці да летальнага выніку".
Статкевіч: "Я чалавек ідэі"...


Як цьвердзіць лекар-псыхіятар Ігар, у стане галадоўніка на першае месца выходзіць так званы астэнічны фактар — то бок падвышаная ўтомнасьць, няўстойлівасьць настрою, раздражняльнасьць, аслабленьне самакантролю, непераноснасьць моцных гукаў, яркага сьвятла, рэзкіх пахаў і г.д.:

“Безумоўна, гэта цяжкае выпрабаваньне для ўсяго арганізму, у тым ліку для галаўнога мозгу як субстрату нашай псыхікі. Чалавек стамляецца, як ад найбольшай нагрузкі. Зразумела, калі настае выхад з галадоўкі і чалавек вяртаецца да ежы, астэнія зьнікае".

"Людзі, якія ідуць на такую сьмерць, катэгарычна ня хворыя"

Людзей, якія фактычна ідуць на самагубства праз такія формы негвалтоўнага пратэсту, як галадоўка ці самаспаленьне, часам характарызуюць як асобаў з пэўнымі псыхічнымі праблемамі. Падобныя меркаваньні час ад часу гучаць і на адрас праскага студэнта Яна Палаха, які ў 1969 годзе спаліў сябе на Вацлаўскай плошчы ў Празе на знак пратэсту супраць савецкай акупацыі Чэхаславаччыны.

"Ці сапраўды гэтыя людзі хворыя?" — пытаюся ў менскага псыхіятра- клініцыста Ігара:

"Катэгарычна не. Гэтыя людзі ня хворыя. Яны ідуць на такі крок таму, што іншага спосабу, каб заявіць пра сябе і быць пачутымі, яны ня маюць. Іншымі словамі, чалавек сьвядома выбірае шлях, які вядзе да сьмерці. Ён лічыць, што ўлады не выконваюць сваіх нармальных функцыяў. Справа кожнага чалавека — жыць ці ня жыць. Галадаваньне ці самаспальваньне — гэта пратэст. Гэта не ад добрага жыцьця, а ад безвыходнасьці. Няма як дамагчыся ўсяго прававым шляхам. Каб была магчымасьць дагрукацца да гэтай улады, дык хто б галадаваў?"
"Гісторыя ведае некалькі прыкладаў ідэйнага галоднага супраціву, якія заканчваліся гібельлю галадоўнікаў"...


У адным з інтэрвію Мікалай Статкевіч сказаў, што ён ня хоча скончыць сваё жыцьцё ў турме, аднак пры гэтым падкрэсьліў: "Я чалавек ідэі. І, калі трэба, у мяне ня будзе ваганьняў".

Гісторыя ведае некалькі прыкладаў ідэйнага галоднага супраціву, якія канчаліся гібельлю галадоўнікаў. Ваеўнікі Ірляндзкага рэспубліканскага войска галадавалі ў брытанскай турме "Мэйз" у 1981-м, а савецкі дысыдэнт Анатоль Марчанка — у савецкай турме ў 1986-м. Гэтаксама, як і Статкевіч, галадоўнікі выстаўлялі палітычныя патрабаваньні, якія не выконваліся ўладамі. Статкевіч запатрабаваў непрызнаньня вынікаў выбараў, ірляндцы патрабавалі для сябе статусу палітзьняволеных, Марчанка — вызваленьня ўсіх іншадумцаў у СССР.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG