Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абмежаваць кантакты зь беларускімі ўладамі да абсалютнага мінімуму»


19 студзеня ў Страсбуры на сэсіі Эўрапарлямэнту пройдуць дэбаты пра сытуацыю ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. На чацьвер прызначанае галасаваньне па праекце рэзалюцыі, якая сярод іншага будзе ўтрымліваць рэкамэндацыі наконт санкцыяў адносна беларускіх уладаў.

Свае праекты рэзалюцыі па Беларусі рыхтуюць усе палітычныя фракцыі Эўрапарлямэнту. Адзін з самых жорсткіх праектаў падрыхтаваны ад імя групы Эўрапейскай народнай партыі, ён падпісаны 21 дэпутатам Эўрапарлямэнту.

У першых пунктах дакумэнту ход і вынікі мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ацэньваюцца нэгатыўна, са спасылкаю на справаздачу місіі АБСЭ, і робіцца заклік да беларускіх уладаў «правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары».

Аўтары праекту рэзалюцыі асуджаюць брутальны разгон дэманстрацыі пратэсту 19 сьнежня, арышт кандыдатаў на прэзыдэнта, лідэраў і актывістаў апазыцыі, хвалю масавых рэпрэсіяў і патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызваленьня арыштаваных. Апрача таго, дэпутаты заклікаюць Раду Эўразьвязу, Эўракамісію перагледзець палітыку адносна Беларусі, «уключна з эканамічнымі стасункамі», заклікаюць перанакіраваць дапамогу ЭЗ на адрас грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і беларускіх студэнтаў, выключаных з ВНУ на падставе палітычных матываў.

У праекце рэзалюцыі гучыць заклік да аднаўленьня візавых санкцыяў адносна беларускага кіраўніцтва, пашырэньня сьпісу неўязных праз уключэньне ў яго асоб, адказных за фальшаваньне выбараў і палітычныя рэпрэсіі. У дакумэнце таксама гучыць заклік замарозіць фінансавую дапамогу Беларусі праз МВФ і эўрапейскія фінансавыя інстытуты, абмежаваць кантакты зь беларускімі ўладамі да «абсалютнага мінімуму», замарозіць актывы «Белтэхэкспарту» і іншых беларускіх фірмаў, якія гандлююць зброяй.

У адным з пунктаў праекту рэзалюцыі гаворыцца, што спартыўныя спаборніцтвы, такія, як чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 году, ня могуць праводзіцца ў Беларусі, пакуль там ёсьць палітвязьні.

Праект рэзалюцыі Эўрапейскай народнай партыі можа сабраць большасьць галасоў дэпутатаў Эўрапарлямэнту, мяркуе менскі палітоляг Алесь Лагвінец:

«Гэта самая ўплывовая партыя, якая мае найбольшую колькасьць дэпутатаў, якая можа разьлічваць на падтрымку іншых фракцыяў, у прыватнасьці — фракцыі эўрапейскіх кансэрватараў і рэфарматараў. Могуць яны дамовіцца і зь зялёнымі. Хоць сацыялісты, другая па колькасьці фракцыя, маюць іншую думку, менш жорсткае стаўленьне да сытуацыі».

Паводле Алеся Лагвінца, рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ня дзейнічаюць наўпрост, але кіраўніцтва выканаўчых органаў Эўразьвязу і нацыянальныя ўрады краін-сябраў, безумоўна, прыслухоўваюцца да пазыцыі дэпутатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG