Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякам нічога не паведамляюць пра зьняволеных


Родныя, сваякі і сябры рэгіянальных актывістаў, якія былі затрыманыя і асуджаныя за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня, да цяперашняга часу ня маюць зьвестак пра стан здароўя зьняволеных. Нават тыя, хто здалёк даяжджае да менскай турмы на вуліцы Акрэсьціна, скардзяцца, што міліцыянты не адказваюць на пытаньні і не прымаюць перадачы. Пра канкрэтныя прыклады гэтага расказваюць карэспандэнты «Свабоды».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Нас нават ніхто не папярэдзіў, што дзіця арыштавалі»

За ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня два дзясяткі жыхароў Магілёўшчыны атрымалі ад дзесяці да пятнаццаці сутак зьняволеньня. Разам зь вядомымі ў рэгіёне актывістамі ў няволі й людзі, якія проста прыехалі пратэставаць, бо гэтага вымагалі іх перакананьні.

Жыхары Бабруйску Ганна і Яраслаў Грудзінскія — з такіх людзей. Пра Ганну і Яраслава апавядае журналістка Алеся Скопінцава:

«Ганна — рамантычная паненка, пяшчотная й спакойная. Яна адна зь нешматлікіх людзей у Бабруйску, зь якой можна было паразмаўляць на сваёй роднай мове. А брат яе — больш актыўны. Яраслаў неяк зусім нечакана выказаў жаданьне зьбіраць подпісы за Міхалевіча. А за Кастусёва ён проста подпісы прынёс і перад фактам паставіў. Мы зьдзівіліся вельмі».

Ганна Грудзінская на волю мае выйсьці заўтра. Ёй далі дзесяць сутак. Калі пабачыць свабоду Яраслаў, праваабаронцы высьвятляюць.

Заўтра на волю мае выйсьці і жыхар Магілёва Ягор Новікаў. Ён сын вядомага мясцовага палітыка Юрыя Новікава. Маці, Натальля Міхайлаўна, лічыць, што віна сына не даказаная, а ягонае зьняволеньне незаконнае:

«Нас нават ніхто не папярэдзіў, што дзіця арыштаванае. Потым ужо муж пачаў даведвацца, і яму сказалі, што ў нас надарылася такое вось гора. Ён у нас самастойны хлопец. Для яго гэта ўдар. Я ня думаю, што яго за гэтае адміністрацыйнае правапарушэньне могуць звольніць з працы альбо з вучобы непасрэдна, але знайсьці нагоду могуць. Могуць пачацца рэпрэсіі».
Яго пазвалі па імені, ён абярнуўся. Яго схапілі й павезьлі людзі ў цывільным.


У Асіповічах чакае Арцёма Дубскага маці Алена Васільеўна. Яна лічыць, што сына затрымалі незаконна. За якое правапарушэньне арыштавалі яго, маці ня ведае. Гэта здарылася 21 сьнежня, калі ён вяртаўся зь Менску ў Асіповічы. Як адбывалася затрыманьне, яна пераказвае са слоў тых, хто бачыў:

«Яго пазвалі па імені, ён абярнуўся. Яго схапілі й павезьлі людзі ў цывільным. Гэта як у трыццатыя гады. Потым мы пачалі тэлефанаваць ва ўсе СІЗА і знайшлі, дзе ён. На Акрэсьціна. Ну, а за што — будзем ведаць тады, калі ён прыйдзе. 5 студзеня яго вызваліць павінны».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


З бацькамі рэгіянальных актывістаў у турме на Акрэсьціна міліцыянты не размаўляюць

Родныя затрыманых актывістаў з Гарадзеншчыны езьдзілі на Акрэсьціна зь перадачамі, але ад іх не ўзялі ніякіх харчоў, толькі мінэральную ваду.

Тамара Істоміна сёньня прыйшла з ранішніка старэйшай унучкі ўсхваляваная, бо дзеці пытаюцца — калі вернецца з камандзіроўкі іх тата. Спадарыня Тамара разам з мужам езьдзілі ў Менск на Акрэсьціна, вазілі перадачу для сына, Юрыя Істоміна, кіраўніка абласной арганізацыі АГП.

«Нічога не прынялі з прадуктаў, толькі мінэральную ваду і сок. Хацела даведацца дакладна — калі яго адпусьцяць, дык ніхто нічога ня кажа».

Яшчэ адна гарадзенка, Ніна Крапівіна, таксама мінулымі выходнымі езьдзіла ў Менск на Акрэсьціна, дзе знаходзіцца яе дачка Надзея. Але, зь яе слоў, там нічога нельга дабіцца: ні на якія пытаньні не адказваюць, сустрэцца не дазваляюць.

Спадарыня Ніна распавядае, што ў Менску валянтэры перадаюць для затрыманых перадачы, не пакідаюць вязьняў без увагі сябры, знаёмыя і родныя.

Яна ўпэўнена, што ейная дачка Надзея датрывае свой тэрмін.

«У яе там шмат сяброў, і кожны дзень нехта нешта перадае. А таксама родныя, якія мне вельмі блізкія людзі, перадалі ёй усё неабходнае. Нават кнігу перадалі, якую напісаў яе стрыечны брат. Думаю, ёй яна вельмі дапаможа».

Ірына Бедка са Слоніма таксама чакае свайго мужа. Кажа, што той можа зьявіцца толькі недзе трэцяга студзеня. Сумуюць у сям’і ўсе. Новы год сям’я адзначыць без гаспадара.

Яны таксама былі на Акрэсьціна. Родныя туды ходзяць штодня, але ніякіх навінаў. Спадарыня Ірына кажа, што знаёмыя і блізкія людзі пра іх не забываюць.

«Звоняць да нас, пытаюцца свае і проста знаёмыя. Ну, але што вам сказаць — самі ведаеце, як гэта… Шкада, што пацярпелі мірныя людзі…»

У гэтай турме шмат выпадковых людзей.
Гарадзенец Андрэй Пачобут — журналіст польскай «Gazety Wyborczej». Яго затрымалі на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня ўвечары, але ў судзе выпусьцілі. Андрэй пасьпеў паведаміць пра сваё затрыманьне, таму рэдакцыя прыклала намаганьні, каб ён апынуўся на волі. Сёньня журналіст сочыць за лёсамі арыштаваных удзельнікаў пратэсту супраць несправядлівых выбараў і распавядае пра людзей, зь якімі сутыкнуўся падчас затрыманьня сам.

У «аўтазаку» апынулася нямала выпадковых людзей. Гэта зьдзівіла нават больш, чым затрыманьне ўдзельнікаў пратэсту, зазначае Андрэй Пачобут:

«Быў затрыманы супрацоўнік філярмоніі, у якога на 20-га быў заплянаваны выступ. Ён ішоў зь дзяўчынай, у руках яго былі ноты. Падлятаюць амапаўцы, хапаюць, ноты ляцяць у розныя бакі. 21-гадовая дзяўчына дамовілася сустрэцца зь сяброўкай, ні пра што ня ведала: хапаюць, цягнуць, даюць дубінкай. Людзі, якія выпадкова патрапілі, казалі: лепш бы я сам выйшаў на плошчу, бо вынік той самы — я таксама за кратамі».

Ён бачыў моцна пабітых людзей, дзяўчыну, якая не магла хадзіць. Сярод самых адмоўных уражаньняў — знаходжаньне ў падземнай вязьніцы каля Дома правасудзьдзя ў чаканьні суду.

«Там маленькія камэры, на дзьве асобы разьлічаныя. У нашай было сем чалавек: два сядзелі, астатнія былі вымушаныя стаяць. Адзін быў грамадзянін Украіны, ён прыйшоў паглядзець, яму было цікава, бо ён ведае, як такія падзеі праходзяць ва Ўкраіне. Быў яшчэ грамадзянін Расеі, ён адзін з тых, каго цяпер патрабуе вызваліць расейская дыпляматыя».

Надоўга запомніцца і бяссонная ноч усярэдзіне аўтазака, кажа Андрэй Пачобут:

«Ноч правялі ў аўтазаку, на нас не хапіла месца. Шэсьць аўтазакаў стаялі ноч у двары на Акрэсьціна. У маленькіх камэрах унутры было шмат людзей, адначасова — вельмі холадна. Гэтая ноч была дастаткова цяжкай, калі параўноўваць іншыя камэры, у якіх я пабываў за час, як краінай кіруе Аляксандар Лукашэнка. Ня ўсе маглі сесьці, двое вымушаныя былі стаяць».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Асуджаных запалохваюць новымі перасьледамі й пакараньнямі

Шмат хто з затрыманых на Плошчы неўзабаве выйдзе на волю. Але яны чакаюць далейшых рэпрэсій.

Блізкі сябар Ганны Дайняк, жыхаркі Баранавічаў, затрыманай у Менску на Плошчы 19 сьнежня, кажа, што 29 сьнежня Ганна выйдзе з-пад варты. Яе асудзілі на 10 сутак арышту. Дзяўчына была сярод журналістаў, дзе спрабавала схавацца ад арышту. Але нават і гэта не дапамагло. Малады чалавек кажа: яна баіцца, што магчымы далейшы перасьлед:

«Яна вельмі баіцца наконт сваёй вучобы, баіцца, што можа сапсаваць сваю будучыню».

Пры гэтым прычыны затрыманьня, перасьледу і пакараньня ня толькі Ганны, але і соцень іншых людзей на Плошчы — гэта страх улады, кажа сябра Ганны Дайняк:

«Затрымалі і кінулі ў турму для таго, каб не было другога, трэцяга дня Плошчы. Улады імкнуцца настолькі запалохаць людзей, каб яны ня думалі нават абмяркоўваць падзеі ў краіне. Акрамя іншага, затрыманымі і асуджанымі будуць гандляваць у перамовах з Захадам і Ўсходам. Такім чынам улады шукаюць для сябе выгаду».

Віктар, блізкі сябра Касі Сяльдзеўскай, жыхаркі Берасьця, якая адбывае 10 сутак арышту на Акрэсьціна, кажа, што ўлады і пасьля Плошчы будуць запалохваць людзей. Арышты і ператрусы не спыняюцца:

«Грамадзтва крыху адышло ад гэтых выбараў. І зараз, пад такое пэўнае змоўчваньне, хаваньне інфармацыі пра сапраўдныя падзеі, пачынаецца ізноў перасьлед людзей. Улады імкнуцца запалохаць грамадзтва».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG