Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў дражніць Крэмль


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка
Афіцыйная Масква рэзка адрэагавала на нежаданьне беларускіх уладаў датэрмінова вызваліць грамадзянаў Расеі, затрыманых падчас апазыцыйнай акцыі 19 сьнежня ў Менску.

Пры канцы мінулага тыдня амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў не сумняваўся, што ягоныя суайчыньнікі вернуцца дадому яшчэ да каталіцкіх Калядаў. Аднак напярэдадні суд Менску адмовіў у пераглядзе спраў усім 11 расейцам, ад чыйго імя хадайнічала амбасада. Прадстаўнікі МЗС Расеі выказалі заклапочанасьць, што падобная пазыцыя найбліжэйшага саюзьніка можа прывесьці да нэгатыўных наступстваў у двухбаковых адносінах.

Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Рыгор Красін падчас тэлефоннай размовы з амбасадарам Беларусі ў Маскве Васілём Даўгалёвым заявіў, што зацягваньне справы з вызваленьнем расейцаў нэгатыўна адбіваецца на агульнай атмасфэры міждзяржаўных адносін. Прадстаўнікі расейскай дыпмісіі ў Менску зьбіраюцца аспрэчыць фактычную адмову беларускага боку пераглядаць справы асуджаных расейцаў празь Вярхоўны суд Беларусі. Хоць вядома, што ўжо 29 сьнежня першыя грамадзяне Расеі, асуджаныя на 10 сутак адміністратыўнага арышту, і без таго выйдуць на волю.

А вось расейскі публіцыст Дзьмітрый Быкаў ня зьдзіўлены няўступлівасьцю кіраўніцтва Беларусі і кажа, што такая пазыцыя лішні раз сьведчыць: мець справу з рэжымам Лукашэнкі могуць толькі такія ж "палітычныя пярэваратні", як і ён сам:

Дзьмітры Быкаў
"Канечне, сытуацыя з расейцамі абсалютна жахлівая. І хоць Дзьмітрый Анатольевіч павіншаваў Аляксандра Рыгоравіча, але пакуль незразумела, з чым. Напэўна, з тым, што мы нарэшце ўбачылі ягоны твар, што называецца, у поўны рост. Увогуле ў гэтай сытуацыі можа па-рознаму ацэньваць дзеяньні беларускай апазыцыі. Але давайце прынамсі дамагацца таго, каб людзей выпусьцілі з турмаў. Паводле беларускіх законаў яны могуць атрымаць ад 5 да 15 гадоў. Фактычна ні за што, дакладней, за нейкую адзіную за вельмі доўгі час спробу выказаць сваё стаўленьне да таго, што адбываецца. І калі насамрэч рэжым адрэагуе па максымуме, то гэта будзе пачаткам ягонага палітычнага самагубства. Пакуль многія ў Беларусі яшчэ спадзяюцца на добрага "бацьку", але калі "бацька" паўстане ў сапраўдным сваім абліччы, думаю, што падтрымка яго захістаецца вельмі сур'ёзна. У любым выпадку апэратыўна трэба вырашаць менавіта гэтую праблему. Трэба дабіцца таго, каб на нашых вачах проста не катавалі мірных людзей. Асабліва жанчын і дзяцей".

Менскі гарадзкі суд напярэдадні разгледзеў скаргі 9 з 11 расейцаў, асуджаных да адміністратыўных арыштаў на тэрмін ад 10 да 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Яшчэ дзьве справы будуць разгледжаныя 30 сьнежня — гэтых расейцаў затрымалі на 15 сутак.

Дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Аляксей Астроўскі кажа, што кіраўніцтва Расеі трапіла ў досыць складаную сытуацыю. З аднаго боку, ёсьць нейкія кулюарныя дамоўленасьці пра тое, што Беларусь зноў трапляе ў сфэру ўплыву Расеі. Але зразумела, што гэта зноў заганяе Маскву ў кабалу зь неабходнасьцю датаваць стратную беларускую эканоміку. Дэпутат задаецца пытаньнем: ці вартыя саюзьніцкія адносіны такіх выдаткаў?
мы вельмі даўно як дзяржава застаёмся закладнікамі сытуацыі, зьвязанай з Аляксандрам Лукашэнкам ...

"Дрэнна адно: мы вельмі даўно як дзяржава застаёмся закладнікамі сытуацыі, зьвязанай з Аляксандрам Лукашэнкам. З аднаго боку, ёсьць Беларусь, ёсьць братэрскі народ, славяне. А зь іншага боку, ёсьць Лукашэнка. І так атрымліваецца, што, не падтрымліваючы братэрскі народ, мы зробім дрэнна не асабіста Лукашэнку — мы нашкодзім простым людзям. Лукашэнка гэта вельмі добра і карысьліва выкарыстоўвае ўсе апошнія гады. Між тым, я перакананы, што ўсё ж надышоў час комплексна перагледзець расейска-беларускія адносіны па ўсіх напрамках. Трэба нарэшце назваць зразумелымі словамі тое, што цяпер адбываецца".

Аглядальнік газэты "Московский комсомолец" Аляксандар Мінкін лічыць, што Крэмль "праглыне" гісторыю з арыштаванымі расейцамі і павальным парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. Ён кажа, што заплюшчваць вочы прымушаюць камэрцыйныя інтарэсы, якія для многіх важнейшыя за лёсы людзей:

Аляксандар Мінкін
"Тут асноўную ролю грае камэрцыя, усё вырашаюць асабістыя інтарэсы кіраўнікоў. А калі хтосьці кагосьці некалі абазваў крыўднымі словамі — дык гэта ўсім абсалютна ўсё роўна. Зусім нядаўна па НТВ нейкія страшныя фільмы пра Лукашэнку паказвалі. Ну і што? І пасьля гэтых фільмаў, і пасьля жахлівых словаў Мядзьведзева, які сказаў, што вось гэты чалавек такі-растакі, зусім сумленьне страціў, яны раптам зноў сустракаюцца, абдымаюцца, "здрасьце" вам, усё добра. Нічога путнага тут ня будзе. Яны, я маю на ўвазе нашых кіраўнікоў, пагражалі, што не прызнаюць выбары. Ну і што ўрэшце атрымалася?"

Тым часам расейскія друкаваныя і інтэрнэт-СМІ, а таксама тэлеканалы працягваюць інфармацыйную вайну ў адносінах да беларускага рэжыму. Штодня ў расейскіх мэдыях зьяўляюцца матэрыялы, якія расказваюць пра наступствы акцыі апазыцыі 19 сьнежня ў Менску і крытыкуюць Крэмль за спробу дараваць Лукашэнку ягоныя выказваньні на мяжы фолу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG