Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зарплата 500 даляраў? Казка для даверлівых!


Аляксандар Лукашэнка падчас выступу на так званым Ўсебеларускім народным сходзе паўтарыў сваё ранейшае абяцаньне пра тое, што сярэдні заробак у краіне да канца году дасягне 500 даляраў. Гэтая заява выклікала шырокі розгалас у рэгіёнах.

Пра тое, якія рэальныя заробкі атрымліваюць цяпер жыхары невялікіх гарадоў і вёсак, высьвятлялі карэспандэнты «Свабоды».

ВІЦЕБШЧЫНА


«Заробак на „Шкловалакне“ — гэта вынік барацьбы, а ня клопату дзяржавы»

Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец напярэдадні ад’езду дэлегацыі свайго рэгіёну ў Менск асьцярогся агучваць памер сярэднемесячнага заробку. Паводле газэты «Віцебскі рабочы» за 4 лістапада, якая цытуе апошнія выказваньні старшыні аблвыканкаму, «сёньня ў вобласьці забясьпечана стабільнасьць», і пра ўзровень заробкаў больш ні слова. Канкрэтныя лічбы давялося высьвятляць карэспандэнту нашага радыё Браніславе Станкевіч.

Жыхар Віцебску Сяргей Рыжоў, які спрабаваў сёлета балятавацца на пасаду прэзыдэнта, паведаміў сёньня «Свабодзе», што заробкі працаўнікоў пладова-гародніннага камбінату «Ноўка» далёка не такія, як дэкляруе Лукашэнка:

Сяргей Рыжоў
«Я атрымліваў 750 тысяч. Чалавек, які адказваў за ўсё кампутарнае забесьпячэньне, — крыху больш за 500 тысяч. Грузчыкі атрымліваюць 280 тысяч. Заробкі галоўнага бухгальтара, дырэктара, яго намесьніка ніколі не агучваліся. І сярэдні заробак нейкім чароўным чынам вымалёўваўся каля 700 тысяч. Прычым заробкі катастрафічным чынам затрымліваюцца. Адсюль уцякаюць людзі, і цяпер забясьпечанасьць кадрамі — усяго 60 адсоткаў!»

Полацкае прадпрыемства «Шкловалакно» лічыцца ў вобласьці адным з самых багатых: у верасьні гэтага году сярэдні заробак там складаў каля 1 мільёна 300 тысяч. Цяпер паабяцалі падняць яго і да 500 даляраў. Але, кажа работнік Віктар Стукаў, — гэта не паказьнік клопату дзяржавы: дамагчыся падвышэньня ўдалося толькі дзякуючы высілкам суполкі Свабоднага прафсаюзу:

«Мы біліся за заробкі ці ня зь верасьня — цэлая эпапэя была! Людзі адчулі, што выбары набліжаюцца і біцца за падвышэньне заробкаў трэба цяпер, бо інакш ужо ніколі не даб’есься! Зь дзявятага, дзясятага цэхаў людзі зьвярталіся: каму пісаць, куды? Мы проста патрабавалі 500 баксаў, бо калі такі сярэдні заробак па краіне, то ў нас шкодная праца і нам мінімум 700 мусяць плаціць».

На «Шкловалакне» пабываў не адзін дзясятак праверак, і прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі загадаў знайсьці грошы на падвышэньне заробкаў. Даплаты пачаліся фантастычныя, кажа Віктар Стукаў: то нейкія пераразьлікі, то прэміі — абы толькі выканаць загад вышэйшага начальства…

Мажліва, толькі ў начальства і ёсьць 500 даляраў заробку, разважае настаўнік Георгі Станкевіч, які працуе ў Бешанковіцкім раёне:

Георгі Станкевіч
«Чыноўнікі, вядома, і болей атрымліваюць. Але мне як настаўніку ніколі не выходзіла больш за мільён. Ніхто з маіх знаёмых і сяброў больш за мільён не атрымлівае. Кіроўца аўтобуса, дакладна ведаю, атрымлівае 800–900 тысяч. Мая жонка, яна працуе санітаркай у прыёмным пакоі, увогуле 350 тысяч мае. І то — ёй 10 тысяч дабавілі. Казала: „Дадуць вялікую надбаўку!“ А прынесла дахаты — усяго на 10 тысяч болей».

Пра 500 даляраў сярэдняга заробку Георгі Станкевіч пачуў па тэлевізіі ад Аляксандра Лукашэнкі і тлумачыць ягонае выказваньне так:

«Ён калі чуе ад іншых кандыдатаў, што яны нешта такое надзённае прапануюць, то стараецца іх перакрыць: маўляў, мы гэтага ці ўжо даўно дасягнулі, ці яшчэ дасягнем, але безь іхнай дапамогі. Ён ня ў стане рэальна ацэньваць рэчаіснасьць, ня можа прызнаць, што — так, у нас цяжкасьці… Ён папуліст, і як быў ім 16 гадоў, так і застаецца ім да канца!»

Рэальны стан з заробкамі ў абласным цэнтры, без дэклярацыяў з тэлеэкранаў і газэтных старонак, добра відаць на афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкаму ў разьдзеле «Вакансіі». Тут добра відаць, якія заробкі прапануюць у рэгіёне за тую ці іншую працу. Пераважная большасьць «не дацягвае» да 500 даляраў добра калі напалову: жывёлаводу прапануюць 700 тысяч, аграному і вэтэрынару — па 720 тысяч, прарабу — 650 тысяч, кавалю — 484 тысячы, кіроўцу — 400 тысяч, і гэтак далей.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Заводы стаяць, адкуль будуць заробкі?»

Якая сытуацыя з заробкамі на Гарадзеншчыне?

Перш за ўсё — колькі тут зарабляюць у прамысловасьці? Пяцьсот даляраў — на якіх прадпрыемствах маюць такія заробкі? Я зьвярнуўся да актывіста незалежнага прафсаюзнага руху Анатоля Хацько, і вось што ён сказаў:

«Пяцьсот — гэта з нацяжкай хіба маюць толькі „Азот“, „Хімвалакно“. У асноўным заробная плата ў межах семісот-васьмісот тысяч — гэта сярэдняя. Тым больш ён падняў цяпер на трыццаць адсоткаў бюджэтнікам, але ж рэальнаму сэктару эканомікі трэба зарабляць, а станка- і машынабудаўнічыя заводы практычна стаяць гарадзенскія. Адкуль там будуць заробкі?»

Анатоль Хацько прыводзіць канкрэтны прыклад:

Наладчык шостага разраду на гарадзенскім заводзе аўтаагрэгатаў атрымлівае васемсот тысяч, гэта самы высокакваліфікаваны рабочы.
«Наладчык шостага разраду на гарадзенскім заводзе аўтаагрэгатаў атрымлівае васемсот тысяч, гэта самы высокакваліфікаваны рабочы. На прадпрыемствах галіны заробная плата высокакваліфікаваных рабочых будзе ня больш за васямсот-дзевяцьсот тысяч. Груба кажучы, гэта трыста баксаў».

Анатоль Хацько кажа, што часта размаўляе з працаўнікамі розных заводаў, якія ёсьць у абласным цэнтры: «Радыёхваля», «Гандальмаш», карданных валаў ды іншыя. Ён мяркуе, што сярэднюю лічбу заробкаў павялічваюць праз павышэньне платы адміністрацыі, а таксама — прыплюсоўваючы да заробкаў усе сацыяльныя выплаты, якія атрымліваюць рабочыя.

У гарадзенца Сяргея жонка пэдагог, колькі ёй плацяць? Ці ёсьць пяцьсот даляраў?

«Няма, атрымлівае яна сямсот-васямсот тысяч. Яна са стажам, робіць у былым Палацы піянэраў».

Жыхар Мастоўскага раёну спадар Аляксандар распавядае, колькі зарабляюць на вёсцы:

«У вёсцы ўзімку пяцьсот не атрымліваюць, гэта можа ўлетку на ўборцы быць. А ўзімку — у межах ста пяцідзесяці-двухсот даляраў».

Спадар Аляксандар падкрэсьлівае: нават што датычыць жніва, лічбы адносныя:

«Кіраўнікі атрымліваюць па два-тры мільёны, потым гэта плюсуецца. Хаця ёсьць даяркі, якія атрымліваюць па два мільёны, працуюць на знос, але зарабляюць — прынамсі паўтара мільёна, мільён сямсот».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Заробак 500 даляраў — казка з тэлевізара, але не рэчаіснасьць»

У рэгіёне Прыбужжа сярэдні заробак у простых людзей не перавышае мільёна рублёў. Заява кіраўніка краіны пра заробак у 500 даляраў ЗША выклікае зьдзіўленьне.

Жыхар Піншчыны кажа, што сёньня яго сям’я, якая налічвае шэсьць чалавек працаздольнага ўзросту, можа толькі марыць пра заробак у паўтары мільёна рублёў. На самой справе амаль напалову людзі атрымліваюць менш:

«У мяне трое дзяцей. Максымальны іх заробак складае каля мільёна, мільёна ста тысяч. Болей не атрымліваюць. Увогуле ў маёй сям’і працуюць шэсьць чалавек, але ніводзін не атрымлівае агучанага кіраўніком краіны заробку, толькі ня больш за мільён рублёў. Цяжка мы яшчэ жывем. Але спадзяюся, што будзем жыць лепш».

Наш суразмоўца кажа, што заява кіраўніка краіны пра павелічэньне заробку — на самой справе толькі словы, якія занатаваныя ў перадвыбарчай праграме, але, на жаль, адарваныя ад рэальнай сытуацыі:

«Ну канечне, кожны прэтэндэнт, кожны кандыдат сваю праграму хваліць. Як Лукашэнка, так і астатнія дзевяць кандыдатаў».

Жыхар Баранавіцкага раёну, пэнсіянэр, кажа, што заява пра сярэдні заробак 500 даляраў — толькі заява. Пажылы чалавек прывык да падобных заяваў і пустых абяцаньняў:

«Заўсёды на выбары нехта нешта абяцае. Але няхай, Бог зь імі, няхай абяцаюць. У мяне няма пэнсіі ў 500 даляраў. Увогуле ў сельскай гаспадарцы яшчэ вельмі-вельмі далёка да абяцанага заробку. Вельмі далёка».

Маладая сям’я зь Бярозаўскага раёну атрымлівае толькі каля паловы абяцанага кіраўніком краіны заробку. Маладая жанчына ня верыць абяцаньням, кажучы, што гэта проста казка, расказаная з экрана тэлевізара:

«Я зараз у дэкрэтным адпачынку, а мой муж штомесяц зарабляе каля 600–700 тысяч. Прычым гэта не стабільная лічба, часам ён можа атрымаць і меней».

Жанчына адзначае, што пры сёньняшнім узроўні цэн маладая сям’я павінна атрымліваць каля 1000 даляраў для таго, каб больш-менш прыстойна існаваць. Абяцаньням такога заробку з вуснаў кіраўніка краіны жанчына ўжо ня верыць:

«Гэта лухта, казка — пра тое, што неўзабаве будзем атрымліваць каля 1000 даляраў, гэтак жа, як і словы, што нібыта сёньня маем па 500 даляраў. У сельскай гаспадарцы такія заробкі на сёньняшні дзень нерэальныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG