Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Шыкуюць у нас толькі чыноўнікі ды іхныя сваякі-бізнэсоўцы"


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 1 сьнежня 2010 году

Да асноўнага дня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах — крыху больш за два тыдні. Беларусы пакрысе прыглядаюцца і прыслухоўваюцца да дзевяці палітыкаў, якія адважыліся кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку. Да якіх высноў прыходзяць выбарцы на падставе тэлевізійных і радыйных выступаў кандыдатаў? Як ацэньваюць пэрспэктывы апазыцыі на гэтых выбарах і верагоднасьць палітычных зьменаў у Беларусі пасьля 19-га сьнежня?

Пра гэта — асноўная часта нашай пошты апошніх дзён.

Даўні сябар "Свабоды" Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, ад выбарчай кампаніі сэнсацый не чакае, а шанцы апазыцыі ацэньвае скептычна. Слухач піша:

"Самае страшнае ня ў тым, што няма празрыстых скрыняў (хоць і гэта сур'ёзна, паколькі без драўляных скрыняў парушаецца тэхналёгія галасаваньня "па-беларуску"); і нават ня ў тым, што ў выбарчыя камісіі не ўключылі прадстаўнікоў апазыцыі, а на экране тэлевізара пануе адзін твар. Найстрашней — што сярод кандыдатаў, якія адважыліся кінуць выклік Лукашэнку — толькі апазыцыянэры, якім, як кажуць, няма чаго губляць. Ніводзін зь іх не займае прыстойнай пасады, таму людзі пра іх нічога ня ведаюць. Я зь вялікай павагай стаўлюся да мужнасьці гэтых людзей, але зараз размова не пра іх, а пра будучыню краіны.

Калі б не хвароба пад назвай "страх", то сярод кандыдатаў маглі б быць і Сідорскі, і Мартынаў, і нехта з губэрнатараў ці кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў. Я нават упэўнены: Сідорскі лёгка перамог бы на свабодных выбарах. Але, на жаль, усе яны баяцца, бо ведаюць: у выніку можна страціць ня толькі пасаду, але і асабістую свабоду. Лёсы Казуліна, Марыніча, Лявонава — ва ўсіх перад вачыма. А можа быць і яшчэ горш — як здарылася з Ганчаром ці Захаранкам...

Як хворы чалавек зайздросьціць здароваму, так і нам застаецца толькі зайздросьціць такім краінам, як Польшча, ЗША, Нямеччына, дзе пасьля выбараў усе кандыдаты ня толькі ацалелі, але і захавалі свае ранейшыя пасады, а некаторыя нават пасунуліся па службе. Нам, на жаль, належыць рыхтавацца да цяжкай і працяглай хваробы, якая, як вядома, нічым добрым звычайна не канчаецца"
.

Страх — хвароба спэцыфічная. Пазбавіцца ад яе чалавек здольны сам, калі знойдзе на тое ў сабе волю, рашучасьць, вытрымку. Перад вачыма ў беларусаў столькі прыкладаў, калі суседнія народы, якія таксама пакутавалі ад аўтарытарных рэжымаў, знаходзілі ў сабе сілы супрацьстаяць няпраўдзе і несвабодзе. І як імкліва адбываліся зьмены, як хутка развальваліся дыктатуры ў Чэхіі, Польшчы, Усходняй Нямеччыне, Вугоршчыне — калі людзі пераадольвалі страх, выходзілі на плошчу і ператвараліся з натоўпу ў народ...

Аўтар наступнага ліста Іван Шадзюль зь вёскі Пагародна Воранаўскага раёну падказвае апазыцыйным актывістам, як знайсьці паразуменьне зь вясковымі жыхарамі, паведаміць ім пра рэальны эканамічны стан Беларусі. Слухач піша:

"Вельмі цяжка апазыцыйным кандыдатам дайсьці да кожнага чалавека. Іх хаваюць ад народу, нават прозьвішчаў не называюць у дзяржаўных СМІ. Але — калі ўзяўся за гуж, не кажы, што нядуж.

Наш народ замбаваны, многія сапраўды вераць, што краіна квітнее, што Беларусь ператворана ў рай. Трэба, каб людзі расплюшчылі вочы, каб убачылі праўду. Як гэта зрабіць?

Апазыцыя павінна мець на ўвазе: не ўва ўсіх ёсьць кампутары і інтэрнэт, ня ўсе ўмеюць карыстацца сучаснымі сродкамі камунікацыі. Дык дзеля такіх людзей выбарчыя штабы павінны вырабіць маляўнічую наглядную агітацыю. Вось, напрыклад, нядаўна я даведаўся зь незалежных крыніцаў, якія грашовыя дапамогі атрымліваюць беспрацоўныя ў Беларусі і ў суседніх краінах. Гэта ж проста шок. Літва — 830 тысяч беларускіх рублёў, Латвія — больш як мільён, Эстонія — мільён семсот пяцьдзясят тысяч, Украіна — 200 тысяч. А ў Беларусі — 45 тысяч беларускіх рублёў. І пры гэтым Лукашэнка на нядаўнім зьезьдзе сваіх прыкормленых прафсаюзаў заявіў, што гэтую дапамогу яшчэ больш зьбіраюцца ўрэзаць. Гэта што — клопат пра абяздоленых людзей?

Кандыдатам варта было б знайсьці такія ж параўнальныя зьвесткі і наконт заробкаў, і цэнаў на самае неабходнае, і пэнсіяў, і іншых сацыяльных выплат. Каб народ зразумеў, як ён насамрэч "квітнее" дзякуючы дарагому прэзыдэнту.

Адзін красамоўны прыклад. Паспрабуйце зьвярнуцца ў нашу бясплатную паліклініку да стаматоляга, каб паставіць зубныя пратэзы. Пэнсіянэраў ужо ня лечаць, не пратэзуюць. Можа, разьлічваюць, што ў нас вырастуць новыя зубы, а мы будзем амалоджвацца ў прэзыдэнцкіх лядовых палацах?

Гаварыце пра тое, як растуць цэны на хлеб, малако, цукар, як мізарнее наш рубель, як ігнаруюць нашы просьбы аб вяртаньні абясцэненых савецкіх укладаў..."
.

Магчымасьці ў апазыцыйных сілаў цяпер ня надта вялікія, спадар Іван. І не выпадае чакаць, што дэсант дэмакратычных актывістаў з маляўнічымі плякатамі і лёзунгамі калі-небудзь зьявіцца ў вашай вёсцы і патлумачыць дэзарыентаваным бабулькам, які насамрэч іхны рэальны фінансавы стан і як іхнае жыцьцё адрозьніваецца ад жыцьця равесьнікаў у эўрапейскіх краінах. Выбарчыя пікеты апазыцыйныя кандыдаты здольныя арганізаваць нават не ўва ўсіх райцэнтрах — што ўжо казаць пра вёскі ды хутары... Так што пакуль самі насельнікі вёскі не захочуць даведацца праўду і не прыкладуць дзеля гэтага (самастойна ці з дапамогай дзяцей ды ўнукаў) хаця б мінімальных намаганьняў — разьлічваць асабліва няма на каго.

Пра настроі ў беларускім грамадзтве напярэдадні выбараў разважае ў сваім лісьце на "Свабоду" Алег Дубскі зь Менску. Ён піша:

"Калі і зараз нашы людзі не абудзяцца ад сьпячкі, то на будучыні краіны можна будзе паставіць крыж. Няўжо мы павінны легкадумна верыць гэтай хлусьлівай прапагандзе посьпехаў замест таго, каб цьвяроза паглядзець на рэчы? Калі разумна разважыць, то абавязкова зразумееш, хто і чаму ў нас насамрэч "квітнее", а хто ледзь зводзіць канцы з канцамі. 16 год таму да ўлады дарваліся сераднячкі, якія ня здольныя прымаць карысныя і сапраўды неабходныя для дзяржавы рашэньні. А вось пра ўласныя кішэні яны не забываюць. І гэта — галоўнае, дзеля чаго яны так трымаюцца за ўладу.

А што зроблена для народу і краіны? Можа, вернуты савецкія грашовыя ўклады, што згарэлі ў полымі гіпэрінфляцыі на пачатку 90-х? (Дарэчы, ва Ўкраіне і Прыбалтыцы ўлада вярнула людзям грошы). А можа, улада забясьпечыла энэргетычную бясьпеку і мы больш не залежым ад усходняга манапаліста? Ці, можа, пабудаваныя новыя сучасныя заводы, створаны працоўныя месцы і ўсе людзі маюць годную працу з добрымі заробкамі?

Шыкуюць у нас толькі чыноўнікі ды тыя бізнэсоўцы, што блізкія да ўлады, зрасьліся зь ёй. У гэтую каманду падбіраюцца альбо сваякі, альбо паслужлівыя "шасьцёркі", гатовыя лізаць панскія боты.

Спыніць альбо зрушыць зь месца гэтую махіну магчыма толькі ўсеагульным байкотам. Прыйшоўшы на выбарчы ўчастак, трэба не галасаваць, а выкрасьліць са сьпісу сваё прозьвішча і расьпісацца ў пратэсьце. Але ці зробіць так большасьць?"
.

Відавочна, спадар Алег, вы і сам ведаеце адказ на сваё пытаньне. Ня толькі на большасьць, але і проста на колькі-небудзь значную частку выбарцаў прыхільнікам ідэі байкоту разьлічваць сёньня не выпадае. Каб ажыцьцявіць такую акцыю, патрэбны дамоўленасьці, а значыць, згода і адзінства ў шэрагах апазыцыі (прынамсі ў гэтым пытаньні); неабходна шматмесячная мэтанакіраваная праца з грамадзкай думкай, якая б урэшце ўсьвядоміла і прыняла ідэю байкоту, пагадзілася зь ёй. Нічога гэтага сёньня ў Беларусі і блізка няма. Агітацыю за байкот вядуць хіба што нешматлікія прыхільнікі Зянона Пазьняка.

Наш даўні слухач Мікалай Куксо з Івянца Валожынскага раёну занепакоены эканамічнай сытуацыяй у Беларусі. Яго трывожыць, што дзяржава імкліва нарошчвае вонкавы доўг, пазычаючы за мяжой мільярды даляраў. Хто будзе аддаваць гэтыя даўгі? У сваім лісьце на "Свабоду" Мікалай Куксо піша:

"Гульня Лукашэнкі з Расеяй у саюзную дзяржаву і даўгавая кабала, у якую ўсё глыбей спаўзае Беларусь, нагадвае мне гульню ў кошкі-мышкі, якая скончыцца тым, што мышка апынецца ў кіпцюрох.

Улада, не раздумваючы, пазычае дзе толькі можна мільярды даляраў. І просіць усё новыя і новыя пазыкі. А вядома ж: калі пазычаеш грошы, то, хочаш ці ня хочаш, але становісься залежным ад крэдытораў.

Нават калі Расея нас эканамічна не праглыне, дык усё роўна нашым нашчадкам будзе несалодка. І што яны скажуць пра сваіх недальнабачных продкаў?

Нашы блізкія суседзі літоўцы нават падчас крызісу зусім не бяруць крэдытаў, а знаходзяць спосаб ашчаджаць: скарачаюць колькасьць чынавенства, аклады ўсіх дзяржаўных службоўцаў, пачынаючы з прэзыдэнта. А ў нас, нягледзячы на крызіс, чыноўнікі і сілавыя структуры раскашуюць. За чый кошт? Гэта дзеля іх краіна залазіць у даўгавую яму?

Масава будуюцца лядовыя палацы — і гэта ў той час, калі маладым сем'ям няма дзе жыць, калі востра не хапае дзіцячых садкоў, а студэнтам даводзіцца туляцца па здыманых кутках, бо няма інтэрнатаў. Няўжо ўлада не разумее, што робіць нешта ня тое? Жыць не па сродках — злачынства"
.

Яшчэ два гады таму вонкавы доўг Беларусі быў крыху большы за 2 мільярды даляраў. Сёньня ён складае каля 10 мільярдаў — а значыць, каля дзьвюх з паловай тысяч даляраў на кожнага жыхара, уключна зь немаўлятамі і нямоглымі старымі. Што праўда, крэдыты беларуская ўлада бярэ цяпер ня толькі ў Расеі: разам з Масквой у сьпісе галоўных беларускіх крэдытораў — Пэкін і Міжнародны валютны фонд. З асноўным доўгам разьлічвацца яшчэ ня надта хутка — праз чатыры гады. А вось працэнты трэба плаціць ужо з Новага году. І толькі працэнтаў штогод будзе набягаць каля 700 мільёнаў даляраў.

Добра, калі эканоміка ўвесь гэты час будзе расьці шпаркімі тэмпамі, калі крэдыты пойдуць на эфэктыўную вытворчасьць, якая прынясе прыбыткі і дазволіць разьлічыцца з даўгамі. Але пакуль што рэальнасьць іншая. Сярэдняя рэнтабэльнасьць па краіне не перавышае 7—8 працэнтаў, і пад такія ж працэнты (а часам і пад вышэйшыя) улада пазычае грошы за мяжой. І за кошт чаго ў такім разе вяртаць даўгі?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG