Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: "Здаровая нацыя пачынаецца зь фізычнага выхаваньня дзяцей"


У беларускім заканадаўстве няма правілаў, якія б прадугледжвалі публікацыю мэдычных бюлетэняў пра стан здароўя беларускага прэзыдэнта або прадстаўленьне кандыдатамі на прэзыдэнта мэдычных даведак у ЦВК. Ня дзейнічаюць падобныя законы і ў іншых постсавецкіх краінах. Хаця заклікі наконт іх увядзеньня ўсё часьцей можна пачуць ад саміх заканадаўцаў. Апошнім часам з адпаведнымі ініцыятывамі выступалі дэпутаты Эстоніі, Украіны, Кіргізстану…

Напярэдадні выбараў 19 сьнежня "Свабода" пацікавілася, як кандыдаты падтрымліваюць здаровы лад жыцьця, ці маюць яны нейкія мэдычныя праблемы, якія крокі, на іх думку, неабходна рабіць, каб палепшыць здароўе нацыі.


Яраслаў Раманчук: узрост 44 гады, рост 178 см, вага 82 кг, ціск 120/70.

Паводле Яраслава Раманчука, калі чалавек прымае рашэньне балятавацца ў прэзыдэнты, ён павінен падысьці да гэтага з усёй адказнасьцю. Што да выбарцаў, дык тыя, у сваю чаргу, павінны быць упэўненыя, што такое рашэньне прыняў здаровы і адэкватны чалавек. Менавіта таму стан здароўя кіраўніка дзяржавы павінен быць нацыянальным здабыткам, а такія пытаньні, як фізычны стан ды псыхалягічная ўстойлівасьць лідэра нацыі, павінны знаходзіцца пад пільным кантролем адмыслоўцаў.

У сувязі з гэтым — наступнае пытаньне да кандыдата на прэзыдэнта: гісторыя сьведчыць пра тое, што нацыямі нярэдка кіравалі, мякка кажучы, ня надта здаровыя людзі. Пры гэтым адмыслоўцы, лекары прэзыдэнтаў — зразумела ж, зацікаўленыя асобы — інфармавалі грамадзкасьць пра добрае здароўе кіраўніка нацыі. Як гэтага магчыма пазьбегнуць у беларускіх умовах?

Раманчук: "Гэта тыя рэчы, якія павінны быць нэўтралізаваныя праз інстытуты палітычнай улады. Неабходна, каб гэтыя рэчы кантраляваў парлямэнт, а ня сам прэзыдэнт.
За 20 гадоў я ані разу ня быў у паліклініцы.
Неабходна, каб існавала нейкая экспэртыза, якой бы давяраў парлямэнт. Бо менавіта парлямэнт прымае рашэньні адносна таго, ці можа чалавек працаваць з гэтым дыягназам. Неабходна, каб улада была падзеленая паміж прэзыдэнтам, парлямэнтам і судом, каб была палітычная канкурэнцыя, свабода СМІ, каб прэзыдэнт памятаў, што ёсьць закон, які ён ня можа парушыць, ідучы на повадзе ў сваёй хваробы".

"Свабода": "Размова ідзе пра нейкія пэўныя хваробы?"

Раманчук: "Прынцыповымі могуць быць псыхалягічныя хваробы, якія не спрыяюць прыняцьцю адэкватных рашэньняў. У руках першай асобы — магутны палітычны апарат, і ёсьць небясьпека, што ў стане стрэсу гэты чалавек можа аддаць ня тыя загады.
Адэкватнасьць маю могуць пацьвердзіць шмат людзей.
А гэта, у сваю чаргу, можа прывесьці да бяды. Што тычыцца фізіялягічных хваробаў — без нагі, без рукі — то чалавек можа выконваць свае абавязкі на інвалідным вазку. Я не лічу, што гэта можа быць аргумэнтам супраць таго, каб чалавека абіралі на пасаду кіраўніка".

"Свабода": "Сярод найбольш распаўсюджаных мэдычных праблемаў палітыкаў ЭЗ (пасьля 40 гадоў) — сардэчна-сасудзістыя захворваньні (у той жа Нямеччыне кожная другая таблетка, якую прымае палітык, мае якраз гэтае прызначэньне), таксама захворваньні страўнікава-кішэчнага тракту, далей ідуць практалягічныя праблемы, праблемы мочапалавой сыстэмы, нэўралягічныя захворваньні… Вам што-небудзь з гэтага знаёма? Як у вас са здароўем?"

Раманчук: "Здароўе ў мяне вельмі добрае. Адэкватнасьць маю могуць пацьвердзіць шмат людзей. І калі будзе такая норма ў Канстытуцыі, як праходжаньне мэдычнага агляду, я гатовы выканаць яе і прайсьці поўны мэдагляд…"

"Свабода": "Які ў вас халестэрын?"

Раманчук: "Ня ведаю. За 20 гадоў я ані разу ня быў у паліклініцы. Па сутнасьці, я за народнае лячэньне. Малако, мёд, нейкія зёлкі, вітаміны, якія дапамагаюць функцыянаваць арганізму".

"Свабода": "Наколькі вам дапамагае спорт?"

Раманчук: "Мне дапамагае. Спорт дапамагае быць здаровым і энэргічным у жыцьці. Таму я гуляю ў футбол. У тэніс — вялікі і настольны. Калі няма часу, то раблю нейкія практыкаваньні зь ёгі.
Трэба мець фізычнае здароўе, калі ты праводзіш з выбарцамі па 5—6—8 гадзін.
Трэба мець прынамсі кожны тыдзень час на спартыўныя заняткі, фізычную нагрузку. Гэта забясьпечвае псыхалягічную ўстойлівасьць і стабільнасьць. Калі не пасьпеў за дзень, трэба рабіць перад сном. Безумоўна, трэба мець фізычнае здароўе, калі ты праводзіш з выбарцамі па 5—6—8 гадзін. Трэба мець здароўе і энэргію, каб не заснуць на паўслове або не зламацца на палове дыстанцыі".

"Свабода": "На вашу думку — ці гэта добра, калі па тэлевізіі паказваюць прэзыдэнта, які гуляе на тэнісным корце, катаецца на горных лыжах, які шмат часу праводзіць на хакейнай пляцоўцы?"

Раманчук: "Гэта добры прыклад, калі гэта спрыяе разьвіцьцю фізычнай культуры. Тады гэта трэба вітаць. Аднак гэта не адмяняе канкрэтнай праграмы па разьвіцьці фізычнай культуры сярод моладзі і дзяцей".

"Свабода": "Чаму, аднак, падобныя прыклады не спрыяюць разьвіцьцю масавага спорту? Нягледзячы на наяўнасьць вялікіх спартыўных аб’ектаў у краіне, іх маштабнае будаўніцтва, здароўе насельніцтва псуецца. Скарацілася працягласьць жыцьця, асабліва сярод мужчын, памаладзелі шмат якія захворваньні".

Раманчук: "Мэты добрыя, а выкананьне — ня надта. Таму я за разьвіцьцё фізычнай культуры на школьным узроўні. Я б павысіў заробкі настаўнікаў фізкультуры, тых людзей, якія вядуць розныя спартыўныя сэкцыі. Менавіта зь фізычнага выхаваньня дзяцей пачынаецца здаровая нацыя. Элітны спорт — гэта таксама добра, аднак на гэта патрэбныя грошы спонсараў, а ня грошы бюджэту".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG