Вытокі песьні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменьнікаў.
Складаньне і падрыхтоўка тэкстаў Янкі Казекі. Менск, Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1973Кніга ёсьць працягам двух папярэдніх аналягічных зборнікаў (54 дарогі, 1963; Пра час і пра сябе, 1966). Склалі яе аўтабіяграфіі пісьменьнікаў новага пакаленьня, творчасьць якога на той час пасьпела набыць шырокую вядомасьць. Сынанімічны рад назоваў прыемна доўжыцца — «Крэскі з аўтабіяграфіі», «Мае рабінавыя ночы», «З берагоў Бярозы», «Творчы непакой», «Квадры майго жыцьця», «Ад матчыных песень», «Штрыхі майго пакаленьня», «Замаразкі на першацьвет», «Кожнаму сваё», «Радкі з успамінаў і сустрэч», «Пасьпяшаючы за часам», «Па пройдзеных сьцежках», «Ня лёгкі хлеб», «Выток маёй песьні»…
«Каб я быў мастаком і меў шчыра-балючы талент Ван-Гога, я нашу вёску, зямлю і людзей маляваў бы ня ў сіні, а ў шэра-жоўты колер — колер прывялага лета, сьпелага жыта і нашае нішчымна пясчанае зямлі,» — пісаў у аўтабіяграфіі Вячаслаў Адамчык. Але ў многіх ягоных суаўтараў па кнізе за плячыма стаяў яшчэ прывід Іосіфа Вісарыёнавіча, таму нават такой шчырасьці ў іхніх жыцьцяпісах мы ня знойдзем.
Алесь МаRа. Аўтаманаграфія.
Менск, (выдавецтва не пазначана), 2002У адметным томе творцы найперш вылучаюцца рэпрадукцыі ягоных знакавых карцін, што судакранаюцца з болевымі кропкамі Айчыны, — «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля», «Бабка Марыля», «Натурморт з дранікамі», «Рэчка Мнюта», гістарычных партрэтаў Кірылы Тураўскага, Эўфрасіньні Полацкай, Вітаўта Вялікага, Францішка Скарыны, Івана Луцкевіча, Цёткі, трыпціха «Размова аб вечнасьці. Скарына і Парацэльс», росьпісу аўтакефальнай царквы Маці Божай Жыровіцкай у Кліўлендзе. Арганічна ўплятаюцца ў выданьне вершы, нататкі, развагі, дзёньнікавыя запісы. Натуральна глядзяцца фотаздымкі бацькі Антося і маці Хадоры, жонкі Ірыны, сына Ягоркі і ўнука Злата, фотапартрэты Ларысы Геніюш, Яўгена Куліка, Зянона Пазьняка, іншых паплечнікаў і калегаў, а таксама фотавыявы крыжоў змаганьня і пакутаў у Курапатах, фотанарысы з Чарнобыльскіх шляхоў, з мастакоўскіх майстроўняў, з гуканьняў вясны…
Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому.
У кнізе: Васіль Быкаў. Выбраныя творы. Менск, «Беларускі кнігазбор», 2004Гэты твор апостала беларускае нацыі стаіць на мяжы аўтабіяграфіі і мэмуараў, і нярэдка аддзяліць адно ад другога немагчыма. Кніга напісана пра сябе і пра свой час, і чытачу цікава дазнацца шмат новага як пра жыцьцёвы і творчы шлях пісьменьніка, так і пра эпоху, пабачаную ягонымі вачыма, успрынятую ягонай душою, прааналізаваную ягоным розумам, апісаную ягонай рукою, пачынаючы ад роднае вёскі Бычкі і ажно да дзён, змушана праведзеных па-за межамі Айчыны.
Валянцін Тарас. На высьпе ўспамінаў.
Менск, «Беларускі кнігазбор», 2004Кніга ахоплівае гістарычны час з 1934 года да нашых дзён. Сусьветная вайна, акупацыя Беларусі, партызанскі атрад, у які Валянцін Яфімавіч пайшоў трынаццацігадовым падлеткам, пасьляваенныя гады, лёсавызначальныя 80—90-ыя мінулага стагодзьдзя, журналісцкі і пісьменьніцкі асяродкі — такая прастора кніга. Паралельна з асноўным тэкстам, які творца вызначаў як аўтабіяграфічную мастацкую прозу, пісаўся і больш агульны, публіцыстычны, прадыктаваны роздумам пра тое, што адбывалася за вокнамі, клікала на вуліцу.
Пра мастацкія вартасьці кнігі сьведчыць хаця б тое, што неўзабаве ў «Кнігарні «Нашай Нівы» выйшла другое, пашыранае выданьне.
Багуслаў Радзівіл. Аўтабіяграфія.
Менск, «Радыёла-плюс», 2009Гэтую кнігу з яе асноўным творам, «Аўтабіяграфіяй», што належыць пяру выбітнага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага княства Літоўскага князя Багуслава Радзівіла, трэба аднесьці да «літаратуры факту». Дзякуючы яму і ягонаму стрыечнаму брату Янушу Беларусь магла б набыць у адрозьненьне ад усходняга, расійскага альбо заходняга, польскага трэці, паўночны, швэдзкі вэктар зьнешняй палітыкі!
Быў ён сваяком многіх тагачасных эўрапейскіх манархаў. Таму тыя, хто цікавіцца эўрапейскай гісторыяй, будуць уражаныя нават адно толькі пералікам мясьцінаў з «Падарожнага дзёньніка» заснавальніка майго роднага Жодзіна, якому лёс намерыў няпоўныя паўстагодзьдзя, — Гданьск, Вільня, Кейданы, Каралявец, Эльблонг, Ліхтэнбэрг, Варшава, Ружаны, Слонім, Навагрудак, Жупраны, Далятычы, Ашмяны, Біржы, Гронінгэн, Утрэхт, Гаага, Парыж, Лёндан, Ротэрдам, Брусэль, Антвэрпэн, Амстэрдам, Слуцак, Койданава, Вена, Кракаў, Брэст, Люблін, Берастэчка, Львоў, Бельск, Камянец-Падольскі, Капыль, Менск, Магілёў, Карэлічы, Бранск, Тыкоцін, Мальбарк, Клецак, Быдгашч, Брандэнбург, Клайпэда, Паланга, Бэрлін, Вітэмбэрг, Дрэздэн, Пілава, Іўе, Любча, Карэлічы, Турэц, Залужжа, Рымашы, Івашкевічы, Кобрын, Рэймс, Мсьцібаў, Вількамір, Дубінкі, Заблудаў… І ўсё гэта (і ня толькі гэта!) у ХVІІ стагодзьдзі — падчас войнаў і міжканфэсійных канфліктаў, прычым конна ці ў карэце, а не цягніком або самалётам!
Аматарам гісторыі сучаснай будзе прыемна дазнацца, што прадмову да ўнікальнага выданьня напісаў гісторык з беларускім прозьвішчам Генрык Літвін — былы амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і цяперашні намесьнік міністра замежных справаў РП.