Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі рэкорд: участковыя выбаркамы — без апазыцыі


3 лістапада завяршаецца працэс фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў. Пра адметнасьці гэтага этапу прэзыдэнцкай кампаніі ў рэгіёнах перадаюць уласныя карэспандэнты «Свабоды».

ВІЦЕБШЧЫНА


Галасавалі сынхронна

Ад партыйных структураў Віцебшчыны найбольш прэтэндэнтаў ва ўчастковыя камісіі вылучыла партыя «Справядлівы сьвет»: па вобласьці — 50 чалавек, зь іх у Віцебску 17. Другое месца займае Партыя БНФ. Ад яе прапанавана 25 прэтэндэнтаў. 24 выказалі жаданьне браць удзел у віцебскіх камісіях і адзін, Пётар Куцкін, — у Гарадку.

Аднак там камісіі ўжо былі сфармаваныя, і кандыдатуру прэтэндэнта ад партыі БНФ адхілілі. Не ўключылі ў камісіі і яшчэ аднаго мясцовага актывіста, Леаніда Гаравога, які вылучаўся ад грамадзкага аб’яднаньня «Самакіраваньне і грамадзтва».

Спадар Гаравы пабыў на пасяджэньні камісіі і падзяліўся сваімі высновамі. На ягоную думку, сцэнар галасаваньня сябраў раённай выбарчай камісіі быў падрыхтаваны загадзя:

«Галасаваньне вялі па тых паперках, якія перад імі ляжалі. І, у залежнасьці, мусіць, ад пазначанага ў іх, галасавалі сынхронна ці „за“, ці „супраць“, ці нехта ўстрымаўся. Прычым прэтэндэнтаў ніхто не прадстаўляў. Аднак пры ўсёй той сынхроннасьці, калі ўжо стаміліся, мусіць, памылкова прагаласавалі за 20 чалавек у адной камісіі замест 19.
Па кандыдатуры адной жанчыны перагаласоўвалі: спачатку „супраць“ было 3 галасы, а як сказалі, што трэба перагаласоўваць, адразу стала 6.
Па кандыдатуры адной жанчыны перагаласоўвалі: спачатку „супраць“ было 3 галасы, а як сказалі, што трэба перагаласоўваць, адразу стала 6».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Кропкавая» лібэралізацыя

Фармаваньне ўчастковых камісій на Гомельшчыне адрозьніваецца ад таго, што было ў папярэднюю аналягічную кампанію. Як паведамляюць назіральнікі, прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў й дэмакратычных арганізацыяў у склад камісій уключаюць, але «кропкава».

У Мазыры, напрыклад, пяць участковых камісіяў маюць вылучэнцаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі й Партыі левых «Справядлівы сьвет». Па два прадстаўнікі згаданых партыяў патрапілі ў камісіі ў Жлобіне. У Рэчыцы ўключылі ў камісіі аднаго прадстаўніка Партыі БНФ і чатырох — «Справядлівага сьвету». Паасобныя вылучэнцы апазыцыі ёсьць і ў некаторых іншых раёнах.

Рэгіянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары 2010» Уладзімер Кацора так камэнтуе сытуацыю:

«Калі параўноўваць з выбарамі ў мясцовыя саветы, падчас якіх нашых людзей наагул не ўключалі ў участковыя камісіі, то гэта нейкі зрух. „Кропкавае“ ўключэньне, асабліва ў раёнах, адбываецца, я думаю, таму, што ўлады ўжо ня тыя — яны слабыя, і таму, што ім трэба неяк і перад Захадам, і перад Расеяй паказваць сябе ў лепшым сьвятле. Ад таго і ідзе такая гульня ў дэмакратыю».

А вось у Савецкім раёне Гомелю дэмакратычныя партыі й рухі вылучылі супольна ва ўчастковыя камісіі звыш паўсотні сваіх прадстаўнікоў. Але ніводнага зь іх у склад гэтых камісіяў не ўключылі.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Усе ўчастковыя камісіі — без апазыцыянэраў

Калі ў некаторых рэгіёнах зафіксаванае «кропкавае» прадстаўніцтва апазыцыі ва ўчастковых камісіях, то ў Магілёўскай вобласьці пастаўлены своеасаблівы рэкорд. Тут усе ўчастковыя камісіі — без апазыцыянэраў.

У Магілёве ў 153 участковыя камісіі вылучаліся 122 актывісты руху БНФ «Адраджэньне», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі левых «Справядлівы сьвет», а таксама дзьвюх няўрадавых арганізацыяў: «Грамадзянскага форуму» ды Магілёўскага праваабарончага цэнтру. Ніводнага апазыцыянэра райвыканкамы ў камісіі не зацьвердзілі.

29 актывістаў ва ўчастковыя камісіі Бабруйску вылучала Аб’яднаная грамадзянская партыя. Вынік той жа, што і ў Магілёве.

«У людзей няма досьведу працы ў камісіі — гэта асноўная прычына. Калі такія чэсныя й дэмакратычныя выбары, чаго баяцца дапусьціць туды ці апазыцыянэра, ці простага чалавека? Няхай ён там днюе й начуе. Які досьвед там патрэбны? За прапіскай глядзі і выдавай бюлетэні — гэта ўсё асноўнае», наракае кіраўнік бабруйскай гарадзкой арганізацыі АГП Віктар Бузінаеў.

Пяцёра актывістаў ва ўчастковыя камісіі Крычаўскага раёну вылучалі рух БНФ «Адраджэньне» і Аб’яднаная грамадзянская партыя.

«Іх не ўключылі без тлумачэньня прычынаў. Усе яны вядомыя людзі, і ўсе ведаюць іх грамадзянскую і палітычную пазыцыю, то бок для выканкаму сакрэтам гэта не было. Паседжаньне было фармальным. Зачытвалі сьпісы й галасавалі аднагалосна. Абмеркаваньняў не было. БРСМ у кожнай камісіі й Белая Русь», зазначае адзін з вылучэнцаў Сяргей Няроўны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG