Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя ўлады прынцыпова ня хочуць працаваць разам з апазыцыяй


3-га лістапада – апошні дзень фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў. Менавіта ў гэтых камісіях вядзецца беспасярэдні падлік бюлетэняў. І ўсім зразумела, наколькі важна для кандыдатаў мець ва ўчастковых камісіях сваіх прадстаўнікоў.

Апазыцыйныя палітычныя партыі разам вылучылі ў склад участковых камісіяў 1073 сваіх прадстаўнікоў. Лідэрам тут стала Аб'яднаная грамадзянская партыя – 505 чалавек. Сярод найлепшых таксама партыя левых "Справядлівы сьвет" (283 вылучэнцы) і Партыя БНФ (201). Калі ўлічыць, што ўсе зарэгістраваныя ў краіне партыі вылучылі 2281 прадстаўніка, то на долю апазыцыйных прыпадае амаль палова ўсіх кандыдатаў.

Да іх дадуцца яшчэ і вылучэнцы ад дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў, а таксама тыя, хто вылучаліся праз збор подпісаў выбарцаў. Але падобна, што ў адрозьненьне ад партыйнага вылучэньня іх будзе няшмат. Як паведамляе старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, сярод грамадзкіх арганізацыяў найбольшую актыўнасьць праявілі тыя, што падтрымліваюць дзейную ўладу:

"Вылучана ад грамадзкіх аб'яднаньняў – 29969 чалавек. І на першым месцы, як звычайна, знаходзяцца прафсаюзы – 10072 чалавекі. На другім месцы – аб'яднаньне "Белая Русь" (4311) і на трэцім – Беларускі саюз жанчын (4237 чалавек)".

Аднак вылучэньне – толькі пачатак справы. А яе працяг – уключэньне апазыцыйных вылучэнцаў у склад камісіяў. Калі сфармавалі тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, то высьветлілася – апазыцыянэраў у іх менш за 1%. Журналісты спыталіся ў Лідзіі Ярмошынай, як зрабіць, каб гэткай самай карціны не было і пасьля фармаваньня ўчастковых камісіяў.

Старшыня ЦВК патлумачыла, што выбарчыя камісіі ўтвараюць мясцовыя ўлады. А яны, маўляў, прынцыпова ня хочуць працаваць разам з апазыцыяй:

"Найперш перавага будзе аддавацца тым, хто могуць працаваць у камандзе і калектыве. Асноўная бяда прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў у тым, што гэта людзі не камандныя. Яны заўжды выбіваюцца, яны ня могуць існаваць у калектыве. І гэта выклікае праблемы для фармаваньня і функцыянаваньня любога калектыву".

Сакратар ЦК партыі "Справядлівы сьвет" Алена Скрыган так пракамэнтавала нашаму радыё гэтае выказваньне Лідзіі Ярмошынай:

"Гаворка ж ідзе не пра тыя каманды, якія павінны зрабіць выбары сумленнымі і справядлівымі, а пра каманды, якія скіраваныя на адно, каб перамогу любым чынам атрымаў той кандыдат, якога і спадарыня Ярмошына падтрымлівае ў сваіх выступах. Гэта – Аляксандар Лукашэнка. І таму каманды фармуюцца такім чынам, каб у іх былі толькі людзі, якія сапраўды не выбіваюцца. На чале такой каманды стаіць кіраўнік арганізацыі, а пад яго кіраўніцтвам знаходзяцца яго падначаленыя. І тое, што кіраўнік гаворыць, каманда выконвае.

А калі туды трапіць прадстаўнік апазыцыі, то ён не залежыць ад такога кіраўніка. І ён ніякіх камандаў выконваць ня будзе. Ён будзе праводзіць лінію на тое, каб выбары прайшлі сумленна і справядліва. Такіх людзей ня любіць наша ўлада. Такіх людзей ня любіць і спадарыня Ярмошына. Ну, ад гэтага ўсё і залежыць. І характар нашых выбараў залежыць ад таго, што іх робяць не камісіі, а каманды".

Паводле ўдакладненых зьвестак, у склад 6346 участковых камісіяў было вылучана 84024 прэтэндэнты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG