Спадар Уладзімер, Вы нядаўна згадалі пра трагічны лёс полацкага сабору сьвятога Стэфана, узарванага ў 1964 годзе. Хацелася б даведацца дэталі. Ці захаваліся якія-небудзь дакумэнты, што сьведчаць пра рабаваньне храма і ягоную "ліквідацыю"? Радзіма мусіць ведаць сваіх "герояў".
Сяргей Царык
Полацак пабагацеў на гэты выдатны помнік дойлідзтва ў 1745 годзе. Пабудаваны ў стылі позьняга барока храм узьнёс вежы параднага фасаду на 60 мэтраў і запанаваў над старажытным местам. Разам з адбудаванай празь пяць гадоў Сафіяй, што была ўзарваная салдатамі Пятра І, сабор сьвятога Стэфана зрабіўся дамінантай гарадзкога архітэктурнага ляндшафту. Нягледзячы на агромністыя памеры, храм нібыта плаваў над горадам дзівосным каменным галіёнам. Адна зь вежаў мела гадзіньнік з боем, твор віленскага майстра Густава Мудні. Вернікаў уражвалі тры абразы, маляваныя ў Вэроне славутым Сальваторам Розам, асабліва алтарнае "Закаменаваньне першапакутніка Стэфана".
Пасьля таго як у першай траціне ХІХ стагодзьдзя каляніяльныя расейскія ўлады выгналі з гораду спачатку езуітаў, якія збудавалі храм, а потым і іхніх спадкаемцаў піяраў, у саборы зьявіліся новыя гаспадары — праваслаўныя. Першым чынам яго перайменавалі ў Мікалаеўскі. Акадэмікі імпэратарскай акадэміі мастацтва Якаўлеў і Васільеў атрымалі выгадную замову на 12 тысяч рублёў — маляваць "истинно православные иконы". Шкодныя каталіцкія пачалі блуканьні па пакутах.
Разьбіраць саборныя арганы ўлады камандыравалі не абы-каго, а важнага спэцыяліста — кансэрватара заалягічнага кабінэту Віленскай акадэміі магістра Брунэра. (Міжволі згадваецца савецкая показка пра тое, як Васіль Іванавіч марыў пасьля перамогі над "белымі" панабудаваць кансэрваторыяў, каб у пралетарыяў не было праблемаў з кансэрвамі.).
Перахрышчаны сабор спачатку належаў кадэцкаму корпусу, быў гарадзкім катэдральным, а затым зазнаў зьдзекі бальшавіцкіх барбараў. "Па просьбах працоўных палачанаў" яго зачынілі і абезгалосілі — скінулі і адправілі на пераплаўку званы.
Гэта была толькі першая дзея. У сярэдзіне 1930-х сьвятыня займела заклятага ворага ў асобе Леніна — маленькага помніка на высачэзным п’едэстале. На фоне сабору ён выглядаў прыкладна так, як кухвайка на патомным арыстакраце. Але саборныя вежы ўсё адно заставаліся вышэйшыя за правадыра, з чым бальшавікі зьмірыцца не маглі. Нарадзілася геніяльнае рашэньне падкараціць храм, разабраўшы верхнія ярусы званіцаў. Тады ж зьнішчылі і ўнікальны гадзіньнік, які, відаць, адбіваў буржуйскі час. Паміж абезгалоўленых вежаў павесілі пачварна вялізны партрэт Сталіна, кшталту таго, што паветраны балён падымае над даляглядам у фільме Мікіты Міхалкова "Стамлёныя сонцам".
Пасьля вайны сабор і прылеглыя старадаўнія будынкі давалі прытулак шматлікім установам і больш чым сотні сем’яў.
Улады адплацілі сьвятыні чорнай няўдзячнасьцю.
У кастрычніку 1963 году нарадзілася падпісанае старшынёй выканкаму Полацкага гарсавету Н.Кляпацкай рашэньне № 328 "О мероприятиях по сносу церкви и правого крыла бывшего кадетского корпуса". Апошнія хвіліны існаваньня сабору назаўсёды ўрэзаліся ў маю памяць. Ішлі зімовыя школьныя вакацыі, і мы глядзелі стужку пра "нашых" і "немцаў" у кінатэатры "Радзіма". Раптам запалілася сьвятло і чалавек з ордэнскімі калодачкамі сказаў:"Дети, не бойтесь. Сейчас будем рвать церковь". Пасьля фільму заместа храму мы ўбачылі цыкляпічную закураную крушню. Ужо значна пазьней прыйшло разуменьне, што плошча страціла суладнасьць архітэктурнага ансамблю, а горад — свой гістарычны сылюэт. А тады ў нашых душах проста жыло адчуваньне нечага вусьцішнага і непапраўнага.
Праз шмат гадоў у мэмуарах савецкага дысыдэнта генэрала Грыгарэнкі я прачытаў, што на полацкім саборы сьвятога Стэфана і на віцебскай царкве Зьвеставаньня ХІІ стагодзьдзя "испытывалась новая передовая технология сноса культовых зданий". Чамусьці ў расейскіх гарадах яе тады не выпрабоўвалі...
Улады выдаткавалі "на разборку развалин и вывоз мусора" 30 тысяч рублёў. Ганаровая грамадзянка гораду Н.Кляпацкая апраўдвалася ў друку, што зьнішчыць сабор яе прымусіла рэспубліканскае начальства. Пэўна, так і было. Дакумэнты сьведчаць, што апошнюю камісію, якая вырашала лёс сьвятыні, узначальваў тагачасны намесьнік старшыні Савету міністраў БССР В.Каменскі, а ў яе складзе быў старшыня Дзяржбуду рэспублікі В.Кароль.
Але хто змушаў гарсавет узнагароджваць герояў зьнішчэньня сабору таварышаў Карагодзіна і Даўгашэя ганаровымі граматамі, а капітану Шульжэнку аб’яўляць падзяку?
На месцы храму савецкія дойліды паставілі вусьцішны дзевяціпавярховік, вядомы ў Полацку як "дом з вушамі"...
Аднак ужо існуе праект аднаўленьня старадаўняй сьвятыні. Калі ён будзе ўрэчаісьнены, я канчаткова паверу, што ў ХХІ стагодзьдзі Полацак стане сталіцай.
УСЕ ТЭКСТЫ СЭРЫІ “ПАКУЛЬ ЛЯЦІЦЬ СТРАЛА”