Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары і палітычныя сымболіка


Якой палітычнай сымболікай карыстаюцца пры зборы подпісаў патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта? Вулічныя пікеты некаторых вылучэнцаў ад апазыцыі разьмяшчаюць на сваіх стэндах нацыянальную сымболіку бел-чырвона-белага колеру. Іншыя — уласную сымболіку, распрацаваную адмыслова пад выбары. Яшчэ прысутнічаюць сьцягі Эўразьвязу і дзяржаўныя сьцягі. А некаторыя пікеты — увогуле без палітычных сымбаляў.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Нацыянальны сьцяг ёсьць. А чаму «Пагоні» няма?

У Гомелі большасьць зьбіральнікаў подпісаў не карыстаюцца якімі-колечы сымбалямі. Найчасьцей абыходзяцца толькі пераноснымі пляншэтамі з партрэтамі прэтэндэнтаў зьбіральнікі подпісаў за Яраслава Раманчука, Мікалая Статкевіча. Зрэдку зьяўляюцца пікеты са штандарам «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» за Віталя Рымашэўскага.

Вылучаюцца ў горадзе сваімі сымбалямі найперш пікеты за Ўладзімера Някляева. На пляцоўцы ля ўнівэрмагу «Гомель» узвышаюцца бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг, белы сьцяг з камбінаваным надпісам «Zа НякляеVа» й зеленаваты сьцяг ягонай жа кампаніі «Гавары праўду».


Гаворыць спадар Яўген, сябра ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева:

«Вельмі важна выкарыстоўваць сымбалі. Шмат людзей падыходзяць, бо бачаць здалёк, бачаць з аўтобусаў. Выходзяць адмыслова на прыпынках, каб паставіць подпіс. Хачу сказаць, што вось гэты стэрэатып — людзі палохаюцца бел-чырвона-белага сьцяга — быў хіба што першыя два дні. Адзін-два чалавекі падыходзілі з такой правакацыяй: што гэта ў вас бээнэфаўскі сьцяг вісіць?

Апошні тыдзень сьцяг узвышаецца, людзі яго бачаць і не ўспрымаюць яго як нейкі бээнэфаўскі ці яшчэ які. Яны падыходзяць і бачаць, што мы зьбіраем подпісы за кандыдата ў прэзыдэнты, за нешта новае. У іх сьцяг атаясамліваецца ўжо зь пераменамі, з надзеяй на нешта лепшае».

Побач спадарыня Галіна зьбірае подпісы за Андрэя Саньнікава. Звычайна ля пікету за Саньнікава вісіць сіні штандар Эўразьвязу, але сёньня яго няма.

Спадарыня Галіна: «Сымбаль у нас ёсьць, але ён у напарніка Аркадзя, які сёньня на выходным. Сьцяг у нас эўрапейскі — за эўрапейскую Беларусь».

Зьбіральніца подпісаў кажа, што пра адсутнасьць нацыянальнага сьцяга трэба запытацца ў каардынатараў кампаніі. Афіцыйны сьцяг на пікеце не вывешваецца прынцыпова:

«Афіцыйны — у мяне алергія на яго, на чырвона-зялёны колер. А ў хлопцаў ў побач нацыянальна-гістарычны сьцяг».

На пляцоўцы ля ўнівэрмагу доўгі час стаяў пікет пад афіцыйным сьцягам — мясцовыя чыноўніцы з аддзелу моладзі зьбіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку. Цяпер збор подпісаў за дзейнага кіраўніка дзяржавы перамясьціўся з вуліц непасрэдна ў калектывы. Напрыклад, ва ўнівэрсытэце імя Ф.Скарыны вывесілі аб’яву, што ахвотныя падпісацца за Лукашэнку могуць гэта зрабіць у галоўным корпусе.

Афіцыйная сымболіка ў вітрыне ўнівэрмага.

Зьбіральнік подпісаў за Някляева Арцём Хмяльніцкі, які стаяў сёньня ля вакзалу, быў таксама бяз звыклых штандараў. Спаслаўся на панядзелак. Учора, калі збор подпісаў вёўся пад беларускім гістарычным сьцягам, некаторыя мінакі пыталіся й пра гістарычны беларускі герб:

«Маладзёны падыходзілі, і нават людзі сталага ўзросту, якія ведаюць гісторыю, і пыталіся: «Чаму сьцяг вісіць, а „Пагоні“ — няма? Чаму „Пагоні“ няма?»

Арцём Хмяльніцкі зьбірае подпісы ля вакзалу.


ВІЦЕБШЧЫНА


Сьцяг — прыкмета пікету апазыцыйнага вылучэнца

Першымі нацыянальную сымболіку пачалі выкарыстоўваць у Віцебску прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага. Зьбіральнікі подпісаў выходзяць у горад, накінуўшы бел-чырвона-белыя сьцягі на плечы і замацаваўшы іх на грудзёх значыкам з партыйнай сымболікай.

Пікет у падтрымку Віталя Рымашэўскага.

Гэткая ж сымболіка ёсьць і ў афармленьні пікетаў, падкрэсьлівае зьбіральніца подпісаў, віцебская каардынатарка партыі БХД Тацяна Севярынец:

«На блакітным тле жоўтая бэтлеемская зорка і надпіс „Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя“. Гэта ня проста назва партыі, гэта яшчэ і слоган нашай кампаніі. А сьцяг мы пачалі выкарыстоўваць амаль адразу, і стаўленьне было рознае. Нехта падыходзіў і казаў: „Вось даў бы подпіс, але гэты сьцяг ненавіджу, таму ня дам!“ Тады я адказваю: „А я толькі тады ў вас подпіс вазьму, калі вы будзеце да нашага сьцяга належным чынам ставіцца!“ (сьмяецца). І тлумачу, што гэта наш нацыянальны сымбаль. А бывае і так, што людзі адразу кажуць: слушна, што вы са сьцягам стаіце!»

Тацяна Севярынец

Нацыянальныя сьцягі на пікетах па зборы подпісаў выкарыстоўваюць ініцыятыўныя групы Рыгора Кастусёва. Адзін з такіх пікетаў якраз прайшоў у мінулыя выходныя ў Воршы, распавядае мясцовы актывіст кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ігар Казьмярчак:

«У мінулыя выходныя на кірмашы побач стаялі зьбіральнікі подпісаў за Міхалевіча, за Кастусёва і за Някляева. Мінакі бачылі тры пікеты, але падыходзілі адразу да «кастусёўцаў», бы там быў такі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Адназначна кожны, хто хацеў падпісацца за апазыцыйнага кандыдата, кіраваўся адразу туды, а потым ужо заўважаў: «Ага, дык тут жа можна падпісацца і за кагосьці яшчэ!»

Пікет у Воршы.

Подпісы за вылучэньне Алеся Міхалевіча таксама зьбіраюць пад бел-чырвона-белым сьцягам. Так было, да прыкладу, у мінулую суботу, калі ў горад прыяжджаў сам патэнцыйны кандыдат.

Алесь Міхалевіч на пікеце ў Віцебску.

Адзін са сьцягоў, пад якім зьбіралі подпісы за вылучэньне Міхалевіча, цяпер знаходзіцца ў Першамайскім РАУС — яго адабралі ў віцебскага актывіста Алеся Галаваня, які ладзіў пікеты каля Полацкага кірмашу. Нацыянальны сьцяг забралі нібыта на экспэртызу і паабяцалі вярнуць 29 кастрычніка — якраз калі збор подпісаў скончыцца. На думку іншых сябраў ініцыятыўнай групы, сьцяг у Алеся Галаваня забралі невыпадкова — на кірмашы заўжды шмат людзей, і сьцяг адразу прыцягваў увагу да «апазыцыйнага» пікету, тады як побач стаялі пікеты за Аляксандра Лукашэнку.

Дарэчы, у афармленьні гэтых пікетаў заўжды выкарыстоўваецца цяперашняя дзяржаўная сымболіка — сучасны герб і чырвона-зялёны сьцяг.

Сьцяг Эўразьвязу можна штодня ўбачыць у Полацку на пікеце, дзе зьбіраюць подпісы за Андрэя Саньнікава.

Полацкі зьбіральнік подпісаў за Андрэя Саньнікава.

У Віцебску яго амаль не выкарыстоўваюць. Гэтаксама ў Полацку пад партыйным сьцягам АГП зьбіралі подпісы за вылучэньне Яраслава Раманчука. Але гэта была прыежджая «група падтрымкі» зь Менску. На Віцебшчыне ў зьбіральнікаў подпісаў за кандыдата ад АГП — толькі пазнавальныя накідкі жоўта-лімоннага колеру.

Па чырвоных або белых накідках пазнаюць і пікеты ў падтрымку Ўладзімера Някляева. Віцебскі каардынатар збору подпісаў Уладзімер Алексенка кажа, што выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі ініцыятыўная група лічыць немэтазгодным:

«Мы ня маем на мэце гаварыць цяпер пра нацыянальную сымболіку, бо гэта ня мае сэнсу. Калі адбудзецца замена рэжыму, тады мы будзем пра гэта гаварыць. Цяпер у нас няма задачы акцэнтаваць увагу на нацыянальнай сымболіцы: наша задача — перамагчы на выбарах».

Хіба толькі адзін Сяргей Парсюкевіч, зьбіраючы подпісы за вылучэньне Ўладзімера Някляева, выкарыстоўвае сымболіку кампаніі «Гавары праўду!» Зялёны сьцяг з гэтым слоганам прымацаваны на капоце ягонай машыны, якая сталася атрыбутам перасоўнага пікету.

Пікет Сяргея Парсюкевіча.

Але самы, бадай што, незвычайны сымбаль выкарыстоўваюць віцебскія зьбіральнікі подпісаў за Мікалая Статкевіча. Эмблема эўрапейскіх сацыял-дэмакратаў — гэта стылізаваны малюнак ружы, заціснутай у далоні. Таму зьбіраць подпісы ўдзельнікі пікету выходзяць зь вялізнай чырвонай штучнай ружай — каля паўтара мэтра вышынёй.

Сацыял-дэмакраты зьбіраюць подпісы з ружай.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Хто ня мае сымболікі, той шкадуе

Бел-чырвона-белыя сьцягі прыкметна ажывілі гарадзкі ляндшафт перадвыбарчага Магілёва. Там, дзе яны луналі, былі спрэчкі ды падзякі. Тыя, хто ня меў такіх сьцягоў, — шкадавалі.

Першай у Магілёве бел-чырвона-белую сымболіку пачала публічна выкарыстоўваць ініцыятыўная група Рыгора Кастусёва. Рэакцыя людзей на зьяўленьне нацыянальнага беларускага сьцягу пасьля пятнаццацігадовай забароны — розная, адзначае фронтаўскі актывіст Віталь Макаранка:

«Частка рэагуе даволі станоўча, некаторыя нават падзяку выказваюць. Што мы вяртаем бел-чырвона-белы сьцяг у публічнае жыцьцё. Людзі больш сталага веку, але ёсьць і такія маладзёны, замбаваныя прапагандай — вось яны ставяцца варожа, маўляў, гэта фашыстоўскі сьцяг. Для іншых жа гэты сьцяг — сьцяг усёй апазыцыі».

Фронтаўскі пікет.

Нягледзячы на рознае стаўленьне людзей, праяваў агрэсіі што да сьцягу, які да 1995 году быў дзяржаўным, ні ў рэгіёне, ні ў самім Магілёве не было.

Бел-чырвона-белы сымбаль выкарыстоўвалі і зьбіральнікі подпісаў за Віталя Рымашэўскага. Нацыянальную колеравую гаму дапаўняла сіняя беларуская зорка.

Сябра ініцыятыўнай групы Алеся Міхалевіча Юры Стукалаў шкадуе, што бел-чырвона-белага сьцяга не было на іхных пікетах. Яны абмяжоўваліся толькі інфармацыйным стэндам:

«Гэта перадусім, я думаю, недапрацоўка цэнтральнага штабу. Яны павінны былі быць, бо гэта відовішчна, прыгожа. Людзі на гэта ўвагу зьвяртаюць. У нас і колер, у нашага кандыдата, белы й чырвоны. Але нашы пікеты стаялі ў асноўным зь пікетамі Рыгора Кастусёва, і яны былі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі».

Юры Стукалаў

Сіні сьцяг Эўразьвязу вылучае на пляцоўцы каля гарадзкога Дома быту пікет Андрэя Саньнікава. На сьцягу надпіс «Беларусь», аточаны зоркамі. Сэнс сымбалю тлумачыць сябра ініцыятыўнай групы Віктар Болдзін:

«Гэта азначае, што Беларусь павінна імкнуцца ў Эўропу, што гэта эўрапейская краіна й што мы — частка Эўропы. Наш родны сьцяг — бел-чырвона-белы, сваім жа сьцягам мы яго дапаўняем, і гэта падабаецца нашым выбарцам».

Віктар Болдзін

Усю кампанію збору подпісаў пад сваім сьцягам правяла ў Магілёве ініцыятыўная група Някляева. Белы сьцяг з надпісам «За Някляева» — адзіны, які бачылі выбарцы ў спальных раёнах Магілёва:

Сябра ініцыятыўнай групы Аксана Закрэўская: «Усе нашы пікеты вылучаюцца менавіта гэтым сьцягам. Здалёк відаць, што гэты пікет — пікет Някляева. На кожным пікеце гэты сьцяг. Ён дапаўняе слоган кампаніі агульнай: «Я прыйшоў, каб вы перамаглі».

Ініцыятыўная група Някляева.

Што да афіцыйнай сымболікі, то яе выкарыстоўвалі толькі актывісты БРСМ. «Белая Русь» зьбірала подпісы пад сваім сьцягам, які й блізка ня меў падабенства з чырвона-зялёным сьцягам афіцыйнай беларускай улады.

На заднім пляне — пікет БРСМ.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Кампанія ў рэгіёне — без нацыянальных сымбаляў

Гарадзеншчына — адзіны рэгіён, дзе сёлета падчас збору подпісаў на пікетах не луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Зьбіральнікі подпісаў за апазыцыйных кандыдатаў па-свойму тлумачаць адсутнасьць нацыянальных сымбаляў.

Ад сёньняшняга дня на Гарадзеншчыне спынілі збор подпісаў за Яраслава Раманчука. Каардынатар па рэгіёне Юры Істомін распавядае, што наагул сабралі больш за 130 тысяч подпісаў, у тым ліку на Гарадзеншчыне — чатырнаццаць з паловай тысяч, і вырашылі надалей праводзіць толькі інфармацыйныя пікеты.


Што датычыць сымболікі кандыдата ад АГП, то Юры Істомін кажа, што ўсе зьбіральнікі маюць накідкі зь лягатыпам кампаніі — рамонак у зялёна-жоўтых колерах. Гэта нешта новае. А што да нацыянальных сымбаляў, то Юры Істомін лічыць, што гэта не кампанія адраджэньня нацыянальных сымбаляў: яна, маўляў, носіць іншы характар:

«Мы іх не выкарыстоўвалі таму, што найперш скіраваныя на выбарцаў, а яны ў большасьці не гавораць па-беларуску, на жаль. І потым, мы рабілі сваю сымболіку для кандыдата, а не для партыі. Таму і сымболіка ў нас тая, якая распрацавана непасрэдна пад выбары».

Актывіст збору подпісаў за Рыгора Кастусёва ад партыі БНФ Максім Губарэвіч кажа, што ў іх не было магчымасьці разьмясьціць сьцягі на пікетах, але нацыянальная сымболіка прысутнічала на плякатах, на кожным бэджыку зьбіральніка подпісаў таксама ёсьць герб «Пагоня»:

«Калі мы рыхтаваліся да пікетаў, спачатку глядзелі, ці выканкамы наагул дазволяць іх праводзіць, бо ў нас паўсюль былі забароны на іх, і ў такой сытуацыі думаць пра сьцягі не даводзілася. А калі стала зразумела, што пікеты дазволеныя, фактычна ў нас ужо не было часу, каб гэтым займацца. Хаця, як паказвае практыка Менску і іншых гарадоў, дзе сьцягі выкарыстоўвалі, туды болей падыходзілі людзі».

Зьбіральнікі подпісаў за Ўладзімера Някляева сёньня расьцягнулі на мосьце па вуліцы Гарнавых у Горадні расьцяжку зь лягатыпам сваёй кампаніі. Да іх некалькі разоў падыходзілі міліцыянты, патрабавалі, каб тыя сышлі з моста. У іх таксама не было нацыянальнай сымболікі.

Зьміцер Бандарчук: «На гэты пэрыяд кампаніі вырашылі пакуль не выкарыстоўваць нацыянальнай сымболікі, але ў нашым адзеньні прысутнічаюць нацыянальныя колеры. А саміх сьцягоў пакуль няма».


Зьбіральнік подпісаў за Андрэя Саньнікава ў Лідзе, Уладзімер Круцікаў, кажа, што ў іх няма сымболікі, бо на гэта папросту, напэўна, не хапіла сродкаў. Але, зь яго слоў, людзі і так добра падыходзяць да іхніх пікетаў і пакідаюць свае подпісы.

Менск


Нацыянальныя сьцягі выкарыстоўўвае ініцыятыўная група Кастусёва.
У някляеўцаў сьцягі з надпісамі «Гавары праўду» і «За Някляева».
На аб'яднаных пікетах Вуса і Статкевіча сьцягоў не назіраецца.
Хрысьціянскія дэмакраты выкарыстоўваюць партыйную сымболіку.
Подпісы за Лукашэнку зьбіраюць пад чырвона-зялёным сьцягам.
Ініцыятыўная група Андрэя Саньнікава стаіць пад сымболікай аб’яднанай Эўропы.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG