Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы заклік Эўразьвязу і мікракрокі Менску ў адказ


Візыт прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце ў Менск мы папрасілі пракамэнтаваць беларускіх і літоўскіх палітыкаў ды палітолягаў.

Дэпутат Сойму Літвы сацыял-дэмакрат Чэславас Юршэнас перакананы, што Літве трэба працаваць зь Беларусьсю па дзьвюх лініях: вырашаць двухбаковыя праблемы з афіцыйнымі ўладамі краіны і падтрымліваць беларускую апазыцыю:

"Спадарыня Грыбаўскайце дзейнічае менавіта па гэтых лініях, яна сустракаецца з прэзыдэнтам і, як чалавек прамы, можа сказаць тое, што трэба, і ад свайго імя, і ад нашай дзяржавы, і ад нашых калегаў па Эўразьвязу, ад заходніх краін".

Чэславас Юршэнас лічыць, што візыт Грыбаўскайце можа мець пазытыўныя наступствы як для двухбаковых адносін, гэтак і для разьвіцьця дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Тое ж, што літоўскі лідэр прыбыла ў Менск перад выбарамі, — ня самае галоўнае, мяркуе ён:

"Ня выбары тут у галаве, таму што Лукашэнка — па ўсіх прагнозах ён і так выйграе выбары... Прынамсі, так многія кажуць. А тут пытаньне ў тым, што доўга вяліся перамовы пра нейкія пагадненьні, асабліва аб перасячэньні ў аблегчаным парадку нашай працяглай сумеснай мяжы. Наколькі я ведаю, беларускі бок тут прыняў больш нашых прапановаў. Дык чаму не скарыстаць момант і не падпісаць такое пагадненьне? Суседзям усё роўна трэба супрацоўнічаць, нікуды мы адзін ад аднаго не ўцячэм".

Віленскі палітоляг Кястуціс Гірнюс робіць іншы акцэнт. Ён перакананы ў важнасьці перш за ўсё таго, што візыт адбываецца менавіта перад выбарамі:

"Па-першае, яна прыехала ня проста як прэзыдэнт Літвы, але і як будучы старшыня АБСЭ, бо з пачатку будучага году Літва пачне старшыняваць у гэтай арганізацыі. І, сярод іншага, спадарыня Грыбаўскайце мае нагадаць Лукашэнку пра дэмакратычныя стандарты і пра тое, што выбары павінны быць сумленнымі і адкрытымі. Я лічу, што важна перад тым, як адбудуцца выбары, сказаць Лукашэнку, што Захад, АБСЭ і Літва чакаюць ад яго, што выбары будуць свабоднымі і справядлівымі. Іншы момант палягае ў тым, што Літва зацікаўленая ў паляпшэньні сваіх дачыненьняў зь Беларусьсю, і гэты візыт мае паказаць, што Літве патрэбныя лепшыя адносіны, але яны ня могуць быць усталяваныя любым коштам".

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў згадвае, што ў адказ на заклікі з Эўразьвязу аб дэмакратызацыі і празрыстых выбарах афіцыйны Менск робіць толькі нейкія мікракрокі — напрыклад, кампанія збору подпісаў праходзіць больш свабодна. Гэтага мала, але лепей, чым нічога, лічыць ён:

"12 гадоў былі жорсткія ўмовы, ніякіх адносінаў. Эканамічных санкцыяў не было, але, можа, гэта і добра… Былі жорсткія ўмовы, не размаўлялі, не кантактавалі, — і што атрымалі? Абсалютна ніякіх зрухаў. Зараз, хоць маленькія, яны ёсьць. І потым — прайшло ж толькі два гады. Давайце пачакаем".

Андрэй Фёдараў лічыць важным, якое падмацаваньне будзе за чарговым заклікам на адрас афіцыйнага Менску аб адкрытых і вольных выбарах.

Кандыдат на пасаду прэзыдэнта Яраслаў Раманчук разам зь іншымі прадстаўнікамі апазыцыі запрошаны на сустрэчу зь міністрам замежных спраў Літвы. Ён перакананы, што візыт Грыбаўскайце трэба разглядаць як частку эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі.

"Я лічу, што трэба было б, каб спадарыня Грыбаўскайце сустрэлася і зь іншымі кандыдатамі ў прэзыдэнты, таму што гэта было б падтрымкай дэмакратычных працэсаў і забясьпечыла б роўны статус усім. А так паводле гэтых фармальных прыкметаў падаецца, што спадарыня Грыбаўскайце спадзяецца нешта перад выбарамі выбіць са спадара Лукашэнкі".

Яраслаў Раманчук перакананы, што ранейшыя спробы Эўразьвязу дэмакратызаваць беларускі рэжым нічога істотнага не далі, бо і цяпер няма ніякіх гарантыяў, што ў Беларусі на выбарах будуць лічыць галасы:

"Таму нам патрэбная сёньня сытуацыя, калі ёсьць дарожная мапа, якая зьяўляецца эўрапейскім парадкам дня для Беларусі, пад якой падпісваюцца ўсе эўрапейцы, а не асобныя краіны. І тут нельга дапускаць, каб перад выбарамі разгортвалася нейкая Realpolitik, карта энэрганосьбітаў ці транзыту як нешта, што зьяўляецца больш важным, чым дэмакратызацыя нашай краіны".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG