Лінкі ўнівэрсальнага доступу

... а ён чыжыка зьеў!


Пятнічны заклік Беларускай партыі «Зялёныя» да ЦВК не рэгістраваць Някляева кандыдатам у прэзыдэнты вельмі нагадвае, кажучы мовай блогасфэры, «наброс» - наўмысную правакацыю, якая прадказальна выкліча бурную хвалю водгукаў.

Трэба сказаць, што пятніца ў сеціве - традыцыйны дзень «набросаў». Апошні дзень працоўнага тыдня, калі матывацыя да працы зьяжджае на нішто і офісны працаўнік бессаромна сыходзіць у інтэрнэт, а ўзбуджальнасьць разам з успрымальнасьцю, наадварот, максымальна ўзрастаюць. Экспрэсіўны на мяжы гратэску загаловак звароту - «Спыніць забойцу кацяняці» - ідэальны раздражняльнік для блогера ў пятнічным стане сьвядомасьці. Эфэкт бомбы гарантаваны. Што і адбылося - навіна са сьвістам разьляцелася па абшарах інтэрнэту (загалоўкі рабіліся ўсё болей і болей гратэскавымі: «Забойца кацянятаў ірвецца ў прэзыдэнты!», «Забойца-Някляеў не павінен быць кандыдатам у прэзыдэнты!») і раскачагарыла блогасфэру.



(Зьмешчана ў суполцы by_demotivators)


ВІРУСНЫ МАРКЕТЫНГ?


Пытаньне, хто быў сапраўдным ініцыятарам «набросу», бо на гэты конт ёсьць розныя меркаваньні. Прыкладам, блогер beatleofdoom упэўнены, што гісторыя з кацянём - выдумка някляеўскага выбарчага штабу:

«І ўсё-ткі мне хацелася б спытаць у тэхнолягаў Някляева, ці закладзены ў кацяня нейкі мэсыдж, калі будзе другі ход, ці гэта чыста патрыньдзець, каб на яго прынамсі інтэрнэты зьвярнулі ўвагу, праца на хоць якую-небудзь пазнавальнасьць?»

«Ясны пень, партызанскі маркетынг», - згаджаецца b0rmann. - «Да таго ж, кожны, хто ў дзяцінстве хоць раз забіў ката (а такіх, не паверыш, амаль кожны другі, хаця мала хто прызнаецца) - ягоны патэнцыяльны выбаршчык».

Тады ўжо не партызанскі, а вірусны маркетынг - тэхніка, якая выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі для падвышэньня пазнавальнасьці брэнду, заснаваная на заахвочваньні індывіда да перадачы маркетынгавага паведамленьня іншым асобам. Падобна вірусам, такія тэхналёгіі карыстаюцца любой спрыяльнай магчымасьцю для павелічэньня колькасьці перададзеных паведамленьняў.

Так, колькасная мэта дасягнутая. Не памылюся, калі скажу, што сярод інтэрнэт-публікі, дзякуючы гісторыі з кацянём, разрэклямаванай «Зялёнымі», Някляеў стаў найбольш пазнавальным кандыдатам. Але што наконт якаснай мэты?



(Зьмешчана ў суполцы by_demotivators)

ГАЛАСУЮЧЫ ЗА НЯКЛЯЕВА, ВЫ ЗАБІВАЕЦЕ КАЦЯНЯ


Якаснае ўзьдзеяньне такога кшталту рэклямы аказалася даволі сумнеўным. Бо сэнтымэнтальных блогераў ня меней, а мо і болей, чым цынічных. Пагатоў, кацяня - «безабаронную істоту», «маленечкі пухнаты камячок» могуць пашкадаваць і запісныя цынікі. Нават lesnoi_slon, «сорам і ганьба беларускай блогасфэры» піша з нагоды: «ня ведаю, як вам, а мне чамусьці ня сьмешна». І стварае кранальны дэматыватар, перапублікаваны ў суполцы by_politics яшчэ адным скончаным цынікам, блогерам aliaksei (зрэшты, апошні мог гэта зрабіць выключна з хуліганскіх памкненьняў) :



У аснове гэтага дэматыватара ляжыць папулярны інтэрнэт-мэм, спароджаны дзесяць год таму ў Амэрыцы. Усё пачалося з фразы «Кожны раз, калі вы мастурбуеце, Бог забівае кацяня» («Every time you masturbate, God kills a kitten» ), якую пасьля перагаворвалі на розныя лады: «кожны раз, калі вы карыстаецеся Інтэрнэт-эксплорэрам...», «кожны раз, калі вы зьмяшчаеце паведамленьне ў сваім блогу...» і г.д. У палітычнай антырэкляме ён таксама фігуруе не ўпершыню. Падчас апошніх выбараў прэм'ер-міністра ў Вялікабрытаніі сярод іншых антырэклямных плякатаў быў і такі:



(Надпіс на плякаце з выявай Дэвіда Кэмэрана, цяперашняга прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі, лідэра Кансэрватыўнай парты: «Галасуйце за кансэрватараў. Іначай я забью кацяня».)

Ня выключана, што і гэтае таксама было загадзя прадугледжана - дасьведчаны блогер абавязкова мусіў убачыць сувязь з шырока вядомым інтэрнэт-мэмам, узрадавацца свайму адкрыцьцю і кінуцца рабіць адпаведныя дэматыватары. Што мусіла спрыяць хутчэйшаму распаўсюду, папулярызацыі «віруса». Хаця станоўчай такую асацыяцыю не назавеш.

Яшчэ менш станоўчай аказалася другая (магчыма, не прадугледжаная) асацыяцыя, ужо з расейскай культуры - з Шарыкавым Паліграфам Паліграфавічам, ахвярай нялюдзкіх навуковых досьледаў, душыцелем катоў:



Аўтар гэтага дэматыватара, блогер chudentsov, заўзяты кашатнік, які, па ўласным прызнаньні, катоў «заўжды любіў і разумеў болей, чым людзей», вельмі блізка прыняў кашэчы скандал да сэрца :

«Такога грамадзяніна ня толькі да ўлады падпускаць нельга, але і неабходна трымаць у як мага больш строгай ізаляцыі ад грамадзтва ў добра ахоўванай псыхіятрычнай клініцы. Мэдыкі ў курсе, што калі такія тэндэнцыі выявіліся ў псыхіцы істоты (прабачыце, цяжка назваць яго чалавекам) у 10-гадовым узросце, то з гадамі яны могуць ператварыцца ў нешта куды больш жахлівае... Вельмі гідка на душы і хочацца лаяцца мацюкамі - гэты кандыдат раней здаваўся мне адзіным, хто годны».

Іншы кашатнік, panjamonec наогул лічыць, што жыцьцё коткі ці не вышэйшае за жыцьцё чалавека:

«А тут яшчэ гэтая гісторыя з кацянём. Да яе Някляеў для мяне быў і быў, а тут як апошняя кропка. Памятаю, колькі я нацярпеўся, калі эміграваў, ад розных устаноў, якія не давалі маёй котцы перасячы украінска-эўрапейскую мяжу. Як перажываў за яе, знаходзячыся ў лягеры для ўцекачоў, і г.д. Скажу адказна, што без замінак і праблемаў для сумленьня перарэзаў бы горла таму чалавеку, які б забіў яе. Жыцьцё жывёліны роўнае жыцьцю чалавека, а можа і больш значыць, і ніхто не дакажа мне адваротнае».

А panamarou прамым тэкстам сьцьвярджае, што «можна забіць чалавека, кацяня - нельга»:

«Можна забіць чалавека: ворага, ці ў спрэчцы, з гарачкі, абараняючыся... але за істоту бяз розуму, безабаронную, якой Усявышні даў жыцьцё - недаравальна!!!»




(Аўтарскі дэматыватар)

Не хацелася б абражаць пачуцьці аматараў котак. Магчыма, гэтая маленькая, мэлядраматычная, цацачная любоў да мілых і далікатных стварэньняў прыроды - самае вялікае і шчырае іх пачуцьцё, у якім выяўляецца моцная цяга да дабра і прыгажосьці. І ўсё-ткі не магу не сказаць, што любіць кацяня занадта лёгка, такая любоў не патрабуе ніякіх душэўных высілкаў. Калі ж кацяня ставіцца вышэй за чалавека, прабачце, гэта ўжо патыхае маральным вычварэньнем.


ЖЫВЁЛЬНА-РАСЬЛІННЫ ШАВІНІЗМ


Нягледзячы на высокую ацэнку, дадзеную Сяргеем Чалым «піяр-ходу» Някляева - за «цэльнасьць вобразу» (гаворыць праўду, у адпаведнасьці з слоганам сваёй кампаніі) і спробу «немач у доблесьць ператварыць» - насамрэч ён аказаўся правальны. На жаль, шараговы беларускі блогер вельмі павярхоўна асэнсаваў сытуацыю. Прыкладна так, як зрабіў гэта chudentsov:

«Мяне абсалютна не цікавяць унутраныя пакуты грамадзяніна Някляева ды іншая лабуда. Важны факт. Ён забіў кацяня з асаблівай жорсткасьцю».

Што тычыць «унутраных пакутаў ды іншай лабуды», на гэты конт разумна выказалася блогерка barbanel:

«"Зялёныя" пішуць пра нейкую нібы браваду - дзе бравада? У словах, што чалавек усё жыцьцё думае пра тое, чаму гэты выпадак у ягоным жыцьці здарыўся? У тым, што ён так і не знайшоў адказу на гэтае пытаньне? У тым, што менавіта таму гэты эпізод ён спрабуе аналізаваць - прычым не ў адным творы?!

Скажыце, ці шмат Вы ведаеце людзей, якім НІ ЗА ШТО ў жыцьці ня сорамна? А ці шмат сярод іх тых, хто ў сілах прызнацца пра гэта ўсяму сьвету?

Асабіста ў мяне такіх практычна няма. А Някляеў - здолеў. І тое, што ён пра гэта піша - сьведчыць аб тым, што пачуцьцё віны за гэту жорсткасьць - нікуды ня дзелася і з гадамі ня стала меншае - а хутчэй - большае. Яно зь ім - і ў ім».


Сапраўды, закід «Зялёных» на адрас Някляева ў тым, быццам ён «бравіруе» забойствам кацяняці - суцэльная лухта. І калі гэта ніякі ня «вірусны маркетынг», а толькі іхная ўласная ініцыятыва - хлусьня і подласьць у дадатак.

Мажліва, ненаўмысныя. Проста іхнаму разуменьню недаступная драматычная прырода чалавека ўва ўсёй сваёй складанасьці. Яны б і Герасіма абвінавацілі ў «забойстве сабачкі з асаблівай жорсткасьцю» ды ўпяклі за краты ў парыве свайго жывёльна-расьліннага шавінізму.

Зрэшты, «Зялёныя» і павінны мысьліць менавіта так - з пункту гледжаньня жывёлаў і расьлінаў, за якіх больш няма каму мысьліць. Прыкра тое, што многія блогеры, даволі далёкія ад ідэалаў «Зялёных», таксама знаходзяцца на дачалавечым узроўні рэфлексіі. Даліся ў знакі 16 гадоў кіраваньня барбарскай паводле свайго культурнага разьвіцьця ўлады. Яшчэ, крый божа, пяць гадоў, і камунікаваць з выбарнікамі давядзецца на пальцах...

Неяк так:



ПЕРАМЕНЫ - ГЭТА КАЛІ ШТОСЬЦІ ВЯЛІКАЕ Ў ЛЕСЕ ЗДОХНЕ


Праз прызму літаратурнай клясыкі паглядзеў на ўсю гэтую палітычную катавасію b0rmann, згадаўшы «Мядзьведзя на ваяводзтве» Салтыкова-Шчадрына.

Дакладней Таптыгіна 1-га, ад якога чакалі «кровапраліцьцяў», а ён, дурань, зганьбіўся, зьеўшы Чыжыка. Апусьціўшы сябе ў вачах грамадзкай думкі ніжэй няма куды. Не дапамагла і парада Асла - «абавязкова вам трэба асаблівае кровапраліцьце ўчыніць, каб гнюснае гэтае ўражаньне вынішчыць». Ён статак бараноў перарэзаў, бабу ў маліньніку злавіў і кош у яе забраў, нарэшце забраўся ўначы ў друкарню, станкі разьбіў, шрыфт зьмяшаў, а творы розуму чалавечага ў прыбіральную яму зваліў - усё дарэмна.

Звольніў яго Леў. Так і застаўся Таптыгін 1-й кандыдатам у кандыдаты маёрам навек.

«А калі б ён адразу з друкарняў пачаў», - падсумоўвае аўтар, - «быць бы яму цяпер генэралам».

Блогер hubarevic, дачытаўшы аповед да канца, выявіў, што Таптыгіну 1-му яшчэ, можна сказаць, пашанцавала:

«Незайздросны лёс у Таптыгіна 3-га: "Але тут зьявіліся ў трушчобу мужыкі-лукашы і выйшаў Таптыгін 3-і зь бярлога ў поле. І спасьцігла яго доля ўсіх пушных зьвяроў"».


Фінальную рысу падводзіць блогерка niareisha:

«2006 - дохлыя пацукі.
2010 - дохлыя каты.
Перамены - калі штосьці вялікае ў лесе здохне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG