Што для вас свабода?
Свабода — гэта права рабіць свой выбар самой. Я не хачу шчасьця па рэцэпце Лукашэнкі ці іншага палітыка. Я хачу менавіта самастойна выбіраць, як мне жыць. І калі такі выбар ёсьць — гэта шчасьце.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Маё сумленьне.
Што для вас шчасьце?
Шчасьце — кахаць і быць каханай.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Вельмі баюся начных званкоў, бо для мяне кожны званок уначы — гэта знак бяды. Кагосьці арыштавалі, некага затрымалі. Трэба ехаць у пастарунак, везьці цёплыя рэчы і ежу.
Які талент вы хацелі б мець?
Танчыць.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Гэтых людзей так шмат, што іх і не пералічыць.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Я вельмі люблю сваю працу. Так, я працаголік. І часам мае калегі мяне папікаюць, што так шмат немагчыма працаваць. Але праца прыносіць мне такое задавальненьне, што часам я перабольшваю.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Нічога. Бог даў нам самае каштоўнае, што толькі можа быць — права выбару. Кожны чалавек — гаспадар свайго жыцьця, таму кожны выбірае сваё жыцьцё самастойна. Я б нічога не зьмяняла, але не адмовілася б пражыць сваё жыцьцё яшчэ раз. Ну, можа, крышачку больш часу праводзіла б з роднымі і блізкімі.
Калісьці ў дзяцінстве сяброўка спытала мяне, што б я зрабіла, калі б ведала, што празь месяц мы памрэм. Маўляў, будзе канец сьвету. Мы зь ёй прыдумвалі розныя гіпотэзы, што б зрабілі, але потым я падумала: ніхто ня ведае, колькі ён будзе жыць. Год, пяць, дзесяць, пяцьдзесят ці заўтра памрэ. А ў выніку ўсе нашыя мары застаюцца не рэалізаванымі. Таму я стала жыць і прымаць усе рашэньні так, як быццам празь месяц мяне ня будзе.
Мне няма чаго наракаць на лёс і жадаць іншага жыцьця — яно ў мяне вельмі цікавае.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Дарэчы, я ня вельмі люблю парады. Звычайна іх даюць тыя, хто ніколі свае парады не рэалізоўваў у жыцьці ці ня ведае наогул, пра што гаворка.
Але найлепшую параду я атрымала калісьці ад сяброўкі. Я ёй скардзілася, што цяжка, стамілася, штосьці там не атрымліваецца. А яна так хітра ўсьміхнулася і сказала: «Калі ты йшла ў гэты сьвет, табе ніхто не абяцаў, што будзе лёгка. Але табе абяцалі, што будзе цікава. Жыцьцё трэба любіць такім, якое яно ёсьць».
Цяпер, калі часам бывае цяжка, я ўзгадваю гэтыя словы, і зьяўляюцца новыя сілы, бо сапраўды, я вельмі люблю жыцьцё, ва ўсіх праявах. І мяне не падманулі — тут сапраўды цікава.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Нават калі Вас праглынулі, у Вас застаецца два выхады.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У такой, дзе грамадзяне могуць уплываць на тое, што робяць улада і палітыкі.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі. Калі б я хацела жыць у іншай краіне, то я б там ужо жыла. Мне б ніхто ня змог перашкодзіць у гэтым. Беларусь — мой сьвядомы выбар.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Цяпер. Але хацела б дакачацца часу, калі чалавецтва зможа паляцець і да іншай галяктыкі.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Тры рэформы:
- эканамічную (зьмяніла б умовы для прыватнага бізнэсу),
- палітычную (каб выбары былі празрыстымі і дэмакратычнымі),
- рэформу дзяржаўнай службы (каб зьмяніць стыль і паводзіны чыноўнікаў).
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Сябраваць.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Сябраваць. Але незалежнасьць краіны — гэта сьвятое. Мы не павінны яе губляць.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Я лічу, што мы ўнутры Беларусі разьбярэмся самастойна са сваімі палітыкамі. Проста трэба трошачкі больш часу, чым мы думалі.
Дыктатура не патрэбная — «ні свая», ні «чужая».
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Улада ў Беларусі зьменіцца, калі прыйдзе час. Нельга разбудзіць Спячую Прыгажуню празь 50, 80 ці 99 гадоў — яна павінна спаць менавіта 100 гадоў. Але колькі часу складаюць гэтыя «сто гадоў сну» для Беларусі, і калі яна прачнецца — ніхто ня ведае. Таму будзем працаваць, каб усё было падрыхтавана. Бо зьмена ўлады будзе разам і чаканай, і нечаканай.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Я веру ў тое, што беларусы загавораць па-беларуску толькі ў свабоднай краіне.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Тады гэта азначае, што ў нас усё яшчэ дыктатура.