Што для вас свабода?
Мажлівасьць самарэалізоўвацца. Гэта – як адчуваньне патэнцыі ў шырокім сэнсе, усьведамленьне, што нешта можаш, умееш і значыш у творчасьці, бізнэсе, грамадзкім жыцьці…
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Бар'еры, перашкоды для самарэалізацыі.
Што для вас шчасьце?
Суладдзе з самім сабою і з блізкімі.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Што пойдзе ў лепшы сьвет мая мама.
Які талент вы хацелі б мець?
Талент працаголіка, каб болей пасьпяваць рабіць, хутчэй арганізоўвацца на пэўную справу.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
На жаль, пра веліч асобы найчасьцей пачынаем разважаць і казаць, калі яна пакідае нас. Некалькі гадоў таму як бясспрэчнага маральнага аўтарытэта назваў бы папу рымскага Яна Паўла ІІ. Сярод суайчыньнікаў вылучаю магутнейшыя таленты Рыгора Барадуліна і Арлена Кашкурэвіча.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Тварыць і ствараць – у розных праявах. Знаёмая журналістка кажа, што мой найлепшы твор – малодшая дачка Хрысьціна.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Часам шкадую, што не пайшоў у асьпірантуру, а таксама, што адмовіўся балятавацца ў дэпутаты напачатку 90-х гадоў.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Чамусьці найперш згадваецца парада прадоўжыць адукацыю на беларускім аддзяленьні філялагічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Беларуская прыказка – не рабі благога і ня бойся нікога!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Ня стаў бы абсалютаваць тую ці іншую сыстэму. Пры абсалютнай манархіі самому манарху, мабыць, ня кепска. Фідэль Кастра паўстагоддзя выпівае штораніцы шклянку грэйпфрутавага соку і ў вус (ці ў бараду?) ня дзьме. А як пачуваецца кубінец-селянін на цукровай плянтацыі?
У якой краіне вы хацелі б жыць?
На радзіме. А вось пажыць па некалькі месяцаў хацеў бы ў Італіі, у Японіі, у Францыі, на Таіці…
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Мабыць, у часіны высокага Адраджэньня, але ў якасьці каго… Лёсы рамесьніка, кандацьера ці кардынала і тады кардынальна розьніліся.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Прапанаваў бы ўнесьці зьмену ў Канстытуцыю – усталяваць парлямэнцкую рэспубліку.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Аднаго разу дырэктар аднаго з расейскіх выдавецтваў спытаўся ў мяне: “Якой вам бачыцца будучыня Беларусі?”. Шчыра адказаў, што хацеў бы бачыць яе заможнай, незалежнай, эўрапейскай краінай, як Польшча альбо Славакія. І што я пачуў?! “Уладзімер Мікалаевіч, адкуль у вас антырасейскія настроі?!” “Зьлітуйцеся, - кажу, – хіба я хоць паўсловам згадаў Расею? Маці мая нарадзілася на беларуска-расейскім памежжы, паміж Неўлем і Вялікімі Лукамі і ў пашпарце была запісаная расіянкаю. На расейскай мове гавару я ня горш за вас, цьверыцяніна (так апошнім часам палюбілі менавацца жыхары горада Цьвер). У дыплёме ў мяне напісана “Спэцыяліст па беларускай і расейскай мове і літаратуры”. Дагэтуль гасьцюю часам у сваякоў на Волзе і прымаю іх у сябе. Урэшце, эўрыстычна і эканамічна спрыяю вашаму бізнэсу, а вам усё трызьняцца антырасейскія настроі?! Можа лепш патлумачыце мне сэнс вашага нядаўняга сьвята – Дня Незалежнасьці Расейскай Фэдэрацыі? Дужа цікава, ад каго гэта вы, расіяне, раптам сталі незалежнымі 12 чэрвеня, хто вас прыгнятаў і рабаваў напрыканцы мінулага стагодзьдзя?”
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрасуседзкія. Але жыцьмем па сваіх кватэрах.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Катэгарычна супраць дыктатуры, як дамарослай так і прыўнесенай. Хаця сам з гадзіну быў дыктатарам, калі верыць адной з удзельніц агульнанацыянальнай дыктоўкі. Над надыктаваным мною тэкстам, знакамітай «Прадмоваю…» Мацея Бурачка, яна паставіла свой подпіс і ўдакладненьне «Дыктатар Уладзімер Сіўчыкаў».
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Нечакана і, хочацца верыць, хутка і без крыві. Каталёнцы сёлета вывелі на вуліцы Барсэлёны паўтарамільённую (!) дэманстрацыю ў абарону сваёй незалежнасьці!
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Яны гаварылі ў часы Францішка Скарыны і Францішка Багушэвіча, гавораць і сёньня. Больш за тое, сярод моладзі беларуская мова лічыцца элітарнай, пачуць яе можна ў Варшаве, у Празе, у Нью-Ёрку…
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Мацей Бурачок амаль паўтара стагоддзя таму заклікаў суайчыньнікаў не пакідаць беларускай мовы, каб ня ўмёрлі. Паміраць як нацыя мы ня хочам, а таму й не пакідаем.