Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка папросту прыбядняецца"


На якія парушэньні чыноўнікаў ўлада заплюшчвае вочы? Ці мае Аляксандр Лукашэнка ўласнае жытло? Ці могуць прадстаўнікі пракуратуры абараніць свае правы ў выпадку арышту?


Слухач Свабоды пад уплывам супярэчлівай інфармацыі пра фінансавы стан кіраўніка Беларусі, якую агучваюць розныя СМІ, задае пытаньне:

"Шаноўная Свабода! Лукашэнка заяўляе, што жыве вельмі сьціпла, нават ня мае ўласнай кватэры ні ён, ні яго дзеці. Інфармацыйнае агенцтва Расеі паведаміла, што набытак Лукашэнкі складае мільярды даляраў. Каму верыць, скажыце!

Старшыня "Эўрапейскай кааліцыі" Мікола Статкевіч камэнтуе гэтае пытаньне:

"Праблема ў непразрыстасьці сёньняшняга жыцьця кіраўніцтва Беларусі, у адсутнасьці поўнага кантролю за імі. Адсутнасьць такога кантролю разбэшчвае ўладу. Тады праяўляюцца не самыя лепшыя бакі чалавечай натуры.

Я ў гэтай сытуацыі схільны больш верыць расейскім тэлевізійным каналам, якія папросту паўтараюць інфармацыю, якую дэмакратычная апазыцыя агучвала дастаткова даўно. Спадар Лукашэнка проста прыбядняецца. Дастаткова паглядзець, як ён апранаецца, якія гадзіньнікі носіць. Гэта вельмі багаты чалавек. Памеры яго багацьця, я думаю, мы раней ці пазьней высьветлім".

Наш слухач задае пытаньне пра беспакаранасьць беларускіх чыноўнікаў.

"Лукашэнка сказаў па тэлевізіі аднаму з чыноўнікаў: не крадзі, і ўсё астатняе будзе табе даравана. Што ён меў на ўвазе пад усім астатнім? Крымінальнае заканадаўства?

Іншы слухач ставіць пытаньне больш канкрэтна і прыгадвае арышт сьледчай генэральнай пракуратуры Сьвятланы Байковай.

"Нават і Сьвятлане Байковай з Генпракуратуры Беларусі дзяржава і яе прадстаўніцтва не даюць права на абарону. У яе адабралі здароўе і растапталі яе чэснае імя, якое наступіла на хвост беларускай карупцыі".

Праваабаронца Людміла Гразнова камэнтуе гэтае выказваньне:

"Як толькі палітычна матываваная справа ўсплывае, то тады ня дзейнічае ні Канстытуцыя, ні закон, а ўсё робіцца на загад зьверху. Справа Байковай належыць да гэтай катэгорыі. Мы бачым, як зь ёй распраўляюцца, як яна церпіць ад нейкіх асобаў, якія маюць дачыненьне да гэтага пытаньня. Такая сытуацыя агульная".

Наша слухачка выказала сваё абурэньне фактам вандалізму ў Берасьці:

"Тыя злачынцы, што ўчынілі жудасны вандалізм на старых каталіцкіх могілках у Берасьці, лічаць сябе, відаць, не грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а нахабнымі насельнікамі Паўночна-Заходняга краю, або саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Муляе ім наша ліцьвінская памяць, ой як муляе. Начны арганізаваны пагром на вуліцы даволі вялікага беларускага горада, дзе пастаянна патрулююць міліцэйскія машыны, іх ня знойдуць. Надзея на Бога і на людзей, адданых сэрцам радзіме нашай. Пытаньне: зь якога ўзросту і для каго трэба праводзіць так званыя і неабходныя цяпер урокі праваслаўнай культуры?

Тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё “Свабода”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG