Слухачка Свабоды абмяркоўвае сытуацыю, якая склалася ў краіне напярэдадні чарговай прэзыдэнцкай кампаніі, і выказвае сваю думку:
"Палітыкі гадаюць, ці ёсьць імавернасьць чарговага збліжэньня паміж Менскам і Брусэлем. А хіба было ўжо гэтае збліжэньне? Была хітрасьць, каб атрымаць крэдыты. Калі спэцпадразьдзяленьні прэзыдэнта робяць свае трэніроўкі зграяй на полі, дзе разьвесілі для іх шмат бел-чырвона-белых сьцягоў — так пабачыў выпадкова чалавек, які вам тэлефанаваў. Вось які цынізм! Ужо ідзе падрыхтоўка да новых прэзыдэнцкіх выбараў. Дзе тут збліжэньне з эўрапейскімі каштоўнасьцямі? Лукашызм — асаблівая і вельмі небясьпечная зьява ня толькі для Беларусі. А спадар Лукашэнка разумее, што перамагчы без Масквы яму будзе на выбарах цяжка. І разам з выбрыкамі да Крамля ён працягвае біць у самае сэрца беларушчыны. Толькі што ліквідаваныя яшчэ дзесяткі школ зь беларускай мовай навучаньня, больш зь вясковых пачатковых, дзе дзеткі найбольш убіралі ў сябе беларускае з маленства. Вельмі сьпешна ўводзяцца ўрокі праваслаўнай культуры ў школах. Можа і ацэняць гэта ў Крамлі — палітыку Мураўёва ў Беларусі ёсьць каму працягваць. Паважаная апазыцыя, ну знайдзіце ўсё ж у сабе сілы на адзінага кандыдата. На гэтым тыдні Мілінкевіч адказваў на Свабодзе на тэлефанаваньне пра заможнае жыцьцё ў Беларусі. Проста адказаў, ясна, лягічна, каротка. Наогул, у спадара Мілінкевіча матэматычны склад розуму. Гэта палітык, які добра разумее ўсю адказнасьць перад беларускім народам".
Гэтае тэлефанаваньне камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў:
"Мэдыйнае асьвятленьне тых працэсаў, якія цяпер адбываюцца ў апазыцыі, скандальнае. Прэсе цікавыя скандалы, маўляў, апазыцыя ня можа аб'яднацца, ах, якая кепская апазыцыя.
Справа ў тым, што адзіны кандыдат — гэта ня ёсьць сьвятая карова. Гэта паліттэхналягічны элемэнт у ажыцьцяўленьні пэўных сцэнараў. На дадзены момант, калі ў апазыцыі няма адзінага падыходу да гэтых выбараў, то й няма адзінага сцэнару.
Пэўная частка апазыцыі бачыць пагрозу, што народнае абурэньне падчас гэтых выбараў можа быць інсьпіраванае і скарыстанае зьнешнімі сіламі дзеля таго, каб умацаваць у Беларусі яшчэ больш прарасейскі рэжым, яшчэ больш прарасейскага кандыдата. Менавіта з-за таго, што няма адзінага падыходу да гэтых выбараў, няма й адзінага кандыдата".
Шмат тэлефанаваньняў выклікаў зварот слухача, які папрасіў спыніць праграму "Жнівень з Ларысай Геніюш", матывуючы гэта тым, што слухачам гэта нібыта не цікава і паэтку ўсё роўна ніхто ня ведае.
"Мяне не зьдзівіла, што беларускі бухгальтар ня чула пра Ларысу Геніюш. Упэўнена, што гэтая бухгальтарка ня чула і пра Яўгена Еўтушэнку, а пра Фёдара Дастаеўскага і пагатоў. Гэтая самая бухгальтарка і прагаласавала за кандыдатуру на пост прэзыдэнта, які і сёньня, пасьля 16 гадоў кіраваньня дзяржавай, яшчэ не разабраўся, хто ж такі Францыск Скарына".
Наша слухачка ўважліва слухала перадачу "Як Ларыса Геніюш кулінарыла" і параўнала тагачасны эканамічны стан краіны зь цяперашнім.
"Паслухала я пра кулінарныя здольнасьці Ларысы Геніюш і некалькі рэцэптаў, прапанаваных ёй. Калі яна жыла ў Зэльве, яна магла гатаваць па гэтых рэцэптах. Калі б цяпер асабіста мне і многім нашым пэнсіянэрам давялося гатаваць па гэтых рэцэптах, траціны кампанэнтаў мы б не знайшлі у нашых крамах, а нават калі б знайшлі, то цэны — завоблачныя. Нашы пэнсіянэры харчуюцца дрэнна і няякасна, таму шмат хварэюць. Адразу пасьля вайны харчаваліся лепш, чым цяпер. Траска лічылася рыбай для бедных, у крамах яе было шмат. Рэцэпт быў вельмі просты: рыба па-грэцку. Цяпер гэта ўжо недаступна, гэта казка. Селядзец ісландзкі, хамса — гэта ўсё простыя прадукты. А сальцісон з самых простых прадуктаў. Можна пералічаць бясконца — цяпер гэта недасяжна. Выснова: разьвівайце індывідуальную сельскую гаспадарку. Насаджайце вёскі, каб людзі не імкнуліся ў гарады, тады бузе ўсім ежа — і гараджанам, і вяскоўцам".
Адзін наш слухач сталага веку зьвяртае ўвагу на тое, пра якіх дзеячаў культуры распавядаюць з экранаў беларускім гледачам.
"Гэта было ў Юрмале, у жніўні 1990 года. Гатэль “Юрмала”. Я сядзеў у холе, калі да мяне падсела парачка. Гэта быў Цой і дзяўчына, яны вельмі сварыліся. Пасьля Цой ускочыў, выбег на пляцоўку, сеў у ружовы "Масквіч" і газануў. Празь вялікае шкло ўсё было добра відаць. Дарога ў Юрмале вузенькая і пакручастая, дзесьці і занесла. Як сказаў бы Жыглоў, трэба своечасова разьбірацца са сваімі жанчынамі. Дык вось 15 жніўня па АНТ паказвалі канцэрт да 20-годзьдзя трагічнай сьмерці Цоя. Гэты карэйскі хлопчык сьпяваў па-расейску, сьпяваў нядрэнна, але не набыў сусьветнай вядомасьці. Далей АНТ зьбіраецца паказаць перадачу да 75-годзьдзя расейскага артыста Табакова, а 9 жніўня да стагодзьдзя нараджэньня мудрай і таленавітай беларускі Ларысы Геніюш АНТ нічога не паказаў, і мабыць, не пакажа".
Вы слухалі званкі на "Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё “Свабода”.