Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У нас любога могуць беспадстаўна звольніць з працы і пазбавіць свабоды..."


У эфіры "Званкі на Свабоду"! Як адаб'юцца на ўзроўні жыцьця беларусаў пастаўкі нафты з Вэнэсуэлы? Чаму дагэтуль дэмакратычныя сілы не абралі адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта? Ці здолее грамадзкасьць адстаяць гістарычную спадчыну — касьцёл бэрнардынцаў, які ўлады хочуць перабудаваць у гатэль? Гэтыя ды іншыя пытаньні турбуюць слухачоў “Свабоды”.

Наш слухач з Маладэчна пытаецца: “Хто заплаціць за пастаўкі заакіянскай нафты ў Беларусь?”, і выказвае сваё абурэньне.

"Калі па ацэнцы эканамістаў вэнэсуэльская нафта абыходзіцца ў 600 даляраў за тону, улічваючы доўгую і складаную дастаўку, пасярэднікаў і прыліпал, як сваіх, так і эстонскіх, літоўскіх, украінскіх, расейская нафта абыходзілася б у 400 даляраў. Лукашэнкаўская дывэрсыфікацыя — гэта дывэрсія супраць свайго народу, а расплачваецца ня клан Лукашэнкі, а ўсе мы праз рост цэн на ўсё -- ад хлеба да бэнзіну. І ў сваім праліку ён ніколі не прызнаецца. Гэта ўпартасьць".

Эканаміст Барыс Жаліба камэнтуе гэтае выказваньне:

Барыс Жаліба
"Па-першае, цана вэнэсуэльскай нафты больш за 600 даляраў за тону. Яна значна даражэйшая за расейскую нафту. Гэта ўжо агульнавядома.

Тут мэта палітычная, і больш галоўная, чым мэта эканамічная. З эканамічнага пункту гледжаньня, нам трэба дывэрсыфікаваць пастаўкі нафты і пазбавіцца ад залежнасьці ў гэтым пытаньні ад Расеі. Але лягістыка невыгодная. Бяруцца папярэднія падлікі. Гэтая нафта больш якасная за расейскую. Думаю, што час пакажа, як гэта адаб'ецца.

Будзе зьніжэньне рэнтабэльнасьці і нават страты ў нафтаперапрацоўшчыкаў. Гэта Наваполацк і Мазыр. Будзе расплачвацца бюджэт, а значыць, эканоміка і народ".

Слухачы "Свабоды" штодня абмяркоўваюць падрыхтоўку да прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Шмат тэлефанаваньняў наконт абраньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл. Адзін са слухачоў ня верыць, што апазыцыйныя палітыкі могуць дамовіцца наконт адзінай кандыдатуры:

"Падобна на тое, што апазыцыя не жадае зьяўленьня відушчага і нармальнага адзінага кандыдата ў прэзыдэнты праз нацыяналістаў, нацыстаў і празь іншых несумленных, бо ім даспадобы дзікая і вельмі небясьпечная краіна, дзе больш за 99 адсоткаў грамадзянаў пазбаўленыя правоў і свабод. То бок любога грамадзяніна могуць звольніць з працы, не дапускаць да працы, гвалтоўна пазбавіць свабоды і забраць у войска і г.д".

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька камэнтуе:

Анатоль Лябедзька
"Я загадзя, задоўга да кампаніі, казаў, што ні на што не прэтэндую, ні на пасаду адзінага, ні на партфэль каля адзінага, але прыклаў усе намаганьні, каб зьявіўся гэты адзіны, з новым тварам, з новай біяграфіяй, з новымі мажлівасьцямі. Прапаноўваў усё, што толькі можна, пачынаючы ад праймэрыз да ўсіх іншых працэдураў.

Я разумею, што ёсьць абурэньне, ёсьць чаканьне, але прымусьце сваё шэрае рэчыва папрацаваць і прааналізуйце, хто ёсьць хто.

Я б прапанаваў, каб народ не сядзеў на завалінцы і не чакаў. Сёньня ў нас ёсьць вялікая патрэба ў руках, нагах, галовах. Давайце пачнем усе працаваць, пачынаючы ад таго, што будзем распаўсюджваць інфармацыю. Не падабаецца партыя АГП, прыйдзіце ў іншую. Скажыце: "Набліжаецца выбарчая кампанія. Я магу тое, тое і тое. Выкарыстайце мяне і мой патэнцыял". Вось. Каб гэты рух пачаўся, то й сытуацыя была б іншая".

У былым кляштары бэрнардынцаў у цэнтры Менску гарадзкія ўлады вырашылі зрабіць гатэль. Вернікі штодня моляцца за вяртаньне будынку каталікам. Неаднойчы спэцназаўцы затрымлівалі прадстаўнікоў моладзевага дэмакратычнага руху каля кляштару за тое, што маладыя людзі запальвалі там сьвечкі на знак салідарнасьці зь вернікамі і патрабавалі вяртаньня гістарычнай каштоўнасьці. Наша сталая слухачка Тацьцяна Барэль з Асіповічаў выказала сваё стаўленьне:

"Я праваслаўная. Ведаю, што ўлады аддаюць касьцёл дамініканцаў у Менску пад перабудову на гатэль. Зьнішчаецца яшчэ адзін з доказаў прыналежнасьці нашай сталіцы да Эўропы, да эўрапейскай культуры. Д’ябал зьнішчае адзін з будынкаў, дзе славяць імя госпада. А страшны суд наперадзе, і ўсе там будуць адказваць за тое, што яны зрабілі".

Вы слухалі званкі на "Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё “Свабода”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG