Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У лядоўні замест прадуктаў — шапка і валёнкі"


У эфіры "Званкі на Свабоду"! Слухачы абмяркоўваюць успаміны пісьменьніка Міколы Аўрамчыка, якія прагучалі ў праграме "Вольная студыя". А таксама: ці ёсьць у Беларусі таемны бюджэт, пра які ішла гаворка на канале “НТВ”? Хто можа прымусіць улады сказаць праўду? Гэтыя ды іншыя пытаньні слухачы “Свабоды” абмяркоўваюць у перадачы.

Успаміны пісьменьніка Міколы Аўрамчыка ў праграме "Вольная студыя" выклікалі шэраг тэлефанаваньняў на “Свабоду”. Слухачка зь Менску кажа, што ёй вельмі спадабалася праграма.

"У вас надзвычай цікавыя перадачы-ўспаміны Міколы Аўрамчыка, а раней былі ўспаміны Галіны Руднік “Птушкі пералётныя”, проста немагчыма адарвацца. Выдатная перадача “Жнівень з Ларысай Геніюш”, Міхась Скобла заўсёды здорава выступае, а сёньня, здаецца, сам сябе пераўзышоў. Сёньняшні ягоны выступ пра дыназаўраў, пра сталіназаўраў так на душу лёг, проста супер! Яшчэ мне вельмі падабаецца, як цяпер афармляюцца тыднёвыя падборкі званкоў, што званкі ідуць без скарачэньняў. Гэта правільна. Лепей менш званкоў, але ў сваім натуральным выглядзе".

Іншы слухач патэлефанаваў з крытыкай праграмы:

Слухаю пісьменьніка Аўрамчыка і іншых пісьменьнікаў часта чую па вашым радыё, але на душы непрыемна. Кажуць — “сасна”, “штаны”. Мае дзяды казалі “хвоя”, а не “сасна”, “порткі”, а не “штаны”. Выкіньце гэтыя словы зь беларускай лексыкі! Гэта русізмы, якія так ужо ўкараніліся, відаць, цьвіком Сталіна!

Слухач зь Менску, які назваўся Міколам, праслухаўшы ўспаміны Міколы Аўрамчыка, папрасіў Сяргея Дубаўца распавесьці пра стаўленьне КДБ да стварэньня "Майстроўні".

"Я ўсё чакаю, калі Сяргей Дубавец распавядзе пра адну акалічнасьць. Няўжо, калі ладзілася майстроўня, органы спалі ў шапку? Згодна з Аўрамчыкам, яны ніколі ня спалі ў шапку. Ня можа быць, каб яны не зацікавіліся згуртаваньнем “Майстроўня”. Такога не бывае. Бачна, што "Майстроўня" была як выпусьціць пару ў нарастаньні нацыянальнай сьвядомасьці. Хацеў бы пачуць пра гэта".

Сяргей Дубавец адказвае слухачу:

Сяргей Дубавец
"КДБ ні ў якім разе не пакінуў па-за ўвагай ні "Майстроўню", ні майстроўцаў. Некаторыя зь іх дагэтуль пад увагай КДБ. Насуперак перасьледам, насуперак гэтым гутаркам бясконцым, калі ўсіх цягалі, людзі былі перакананыя, што займаюцца слушнай справай.

Да таго ж трэба браць пад увагу тое, што гэта маладосьць. Мы не былі да такой ступені запалоханыя і бітыя, як нашы папярэднікі. Наша вера нас вяла. "Майстроўня" была ў нашых вачах нечым праведным у сыстэме, гніласьць якой мы разумелі. Калі чытаць альбо слухаць увесь цыкл, то там ёсьць маса прыкладаў таго, як людзі сутыкаліся са спэцслужбамі і, тым ня менш, працягвалі рабіць сваю справу".

Слухачы Свабоды задаюць пытаньне: ці ёсьць у Беларусі патаемны бюджэт. Колькі там актываў? Хто мае туды доступ? Адкуль туды паступаюць сродкі? Вось адно зь меркаваньняў нашага слухача:

"У верасьні зьбіраецца ў Менску Палата прадстаўнікоў, і пытаньне таемнага бюджэту Беларусі, пра які казалі НТВ і апазыцыйныя палітыкі, павінна быць адрасаванае Ўладзімеру Андрэйчанку з патрабаваньнем абнародаваньня гэтага таемнага бюджэту, тлумачэньня ад улады.

Па гэтым таемным бюджэце і па заявах Дудкіна ды Андрэйчанкі павінны зьвярнуцца кандыдаты ў прэзыдэнты і ўсе, хто лічыць, што гэта важна для Беларусі. А як запатрабаваць ўключыць гэта ў парадак дня, я думаю, ведае Сяргей Скрабец, ён былы дэпутат. Спытайце яго — ён скажа"...

Старшыня "Эўрапейскай кааліцыі" Мікола Статкевіч камэнтуе гэтае выказваньне:

Мікола Статкевіч
"Інфармацыя пра патаемны бюджэт сёньняшняй улады была вядомая апазыцыі дастаткова даўно. Былі толькі розныя ацэнкі гэтага бюджэту. Але ён быў параўнальны з афіцыйным дзяржаўным бюджэтам.

Былі спробы патрабаваньня агучыць гэты бюджэт, але яны ўладай ігнараваліся. Апазыцыя, ведаючы ўсё гэта і ня маючы магчымасьці агучваньня гэтага бюджэту, зьменшыла колькасьць такіх заяваў.

Я думаю, што мы здолеем даведацца, што гэта за бюджэт, і што ў ім, толькі пасьля таго, як зьменіцца ўлада ў краіне".

Слухачы Свабоды абмяркоўваюць эканамічны стан у краіне. Адзін зь іх выказаўся вельмі каротка:

"Лукашэнкаўская ўлада давяла да такога жыцьця народ, што ў лядоўні ў чалавека ляжаць не прадукты, а шапка і валёнкі, каб ня ела моль. Гэта лукашэнкаўскі цуд!".

Вы слухалі званкі на "Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё “Свабода”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG