Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не паверыў сьведкам-міліцыянтам


Судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Менску Сяргей Германовіч спыніў адміністрацыйныя справы супроць валянтэраў кампаніі «Гавары праўду» Вячаслава Мухі і Паўла Сегава, якіх міліцыя абвінаваціла ў дробным хуліганстве.

Незвычайным для практыкі апошніх судоў над дэмакратычнымі актывістамі вынікам скончыліся сёньняшнія працэсы ў Кастрычніцкім судзе Менску. Валянтэраў «Гавары праўду» Вячаслава Муху і Паўла Сегава суд апраўдаў, не знайшоўшы ў іхніх дзеяньнях адміністрацыйнага парушэньня, пра якое ішлося ў пратаколах міліцыі.

Падзеі, якія сталі прычынай суду, адбываліся раніцай 5 жніўня на чыгуначным вакзале ў Менску. Дзяжурны міліцыянт Аляксандра Русецкая папрасіла двух хлопцаў паказаць дакумэнты. «Яны падаліся мне падазронымі», — патлумачыла суду свой выбар Аляксандра Русецкая. Дакумэнтаў у хлопцаў не аказалася. Тады Русецкая разам з начальнікам дзяжурнай зьмены міліцыянтам Лапаціным зрабілі агляд іх рэчаў і павялі ў міліцэйскі ўчастак. Па дарозе, паводле Аляксандры Русецкай, затрыманыя «нецэнзурна лаяліся», чым парушалі грамадзкі парадак.

Судзьдзя Сяргей Германовіч, які разглядаў справу, пачаў высьвятляць абставіны здарэньня. Сьведка Аляксандра Русецкая адказвала на пытаньні судзьдзі:

Русецкая: «І вось, калі ім было прапанавана прайсьці ў дзяжурную частку, зь іх боку пасьледавала незадавальненьне. Яны выказваліся грубай нецэнзурнай лаянкай. Ня гэтак, каб вельмі заўзята і гучна, але нецэнзурная лаянка гучала».

Германовіч: «Калі ня гучна яны выказваліся, то які парадак яны парушалі?»

Русецкая: «Грамадзкі парадак».

Германовіч: «Парушэньне грамадзкага парадку — гэта гучная нецэнзурная лаянка, а вы кажаце, што яны выказваліся ня гучна».

Русецкая: «Так, але яны выказваліся ў мой бок».

Германовіч: «Хто пра гэта, акрамя вас, чуў?»

Русецкая: «Старшы прапаршчык Лапацін».

Германовіч: «Лапацін не фігуруе ў справе як сьведка. Чаму яго ў справе не апыталі як сьведку, калі ён затрымліваў разам з вамі? І чаму, акрамя супрацоўнікаў міліцыі, гэтую нецэнзурную лаянку ніхто ня чуў, хаця гэта вакзал?»

Судзьдзя падрабязна апытаў таксама абвінавачанага Вячаслава Муху і Паўла Сегава, які быў сьведкам затрыманьня Мухі. Абодва заявілі, што не парушалі парадку, нецэнзурна ня лаяліся, а ішлі ў міліцыю моўчкі. Пра тое, што яны затрыманыя нібыта з-за лаянкі, а не для праверкі дакумэнтаў, хлопцы даведаліся, паводле іх слоў, толькі ў міліцэйскім участку. У выніку судзьдзя спыніў адміністрацыйную справу супраць Вячаслава Мухі з-за адсутнасьці доказаў. Тое самае адбылося і са справай Паўла Сегава, якая цалкам паўтарала справу Мухі.

Пасьля працэсу я спытаў у міліцыянта Аляксандры Русецкай, ці мелі адносіны да затрыманьня Мухі і Сегава ўлёткі кампаніі «Гавары праўду», якія яна ўбачыла сярод рэчаў хлопцаў пры аглядзе. «Ня больш за тое, што прагучала ў судзе», — адмовілася ад камэнтару міліцыянт Русецкая і дадала: «Пытайцеся ў пракуратуры».

А вось што сказала адвакат Тамара Сідарэнка, якая абараняла абодвух валянтэраў «Гавары праўду»:

«Недахоп доказаў, супярэчлівасьць доказаў. Ды збольшага іх і няма, гэтых доказаў. Вельмі неахайна падышлі міліцыянты да гэтай справы. Але, мяркую, гэтая неахайнасьць тлумачыцца тым, што затрымлівалі людзей паводле адных падазрэньняў, а потым вырашылі не адпускаць і неяк аформіць затрыманьне. Вось гэта і вылезла бокам. Вельмі цяжка падрабляць доказы, што і было бачна на гэтых працэсах».



Актывістаў кампаніі «Гавары праўду» апошнім часам затрымліваюць з розных прычын, у тым ліку зьвязаных з крымінальнай адказнасьцю. Гэтак, 7 жніўня быў затрыманы Міхась Башура, яго падазраюць у падробцы даведкі для атрыманьня крэдыту, што магло адбыцца 2 гады таму. Башуру трымаюць у турме на Акрэсьціна, 9 жніўня яму працягнулі тэрмін утрыманьня яшчэ на 10 сутак. Сваёй віны Міхась Башура не прызнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG