Акцыя доўжылася каля гадзіны. Агулам у ёй паўдзельнічала пад сотню аўтамабілістаў. Заправіўшы хто адзін, хто два літры паліва, удзельнікі акцыі рабілі кола і зноў пад’яжджалі на запраўку. Што ж рухала кіроўцамі, якія не пашкадавалі часу вечарам у пятніцу ды прынялі ўдзел у акцыі?
Спадарыня: «Нашыя заробкі павялічваюцца не з такім тэмпам, як кошты на паліва і на ўсё астатняе. Хопіць нам утрымліваць нашага прэзыдэнта і ўсю яго сьвіту. З гэтым трэба змагацца і вельмі тэрмінова, таму што ўжо няма ніякіх сілаў. Кажуць, што вельмі хутка будзе чарговае падаражаньне. Калі яно адбудзецца, то я буду пратэставаць яшчэ мацней».
Спадар: «Хацелася б, каб нашая краіна часьцей узгадвала, што яна — Радзіма, і тое, што мы — не насельніцтва, а людзі».
Арганізатары кампаніі «Стоп-бэнзін» загадзя распаўсюдзілі інфармацыю пра месца і час правядзеньня акцыі і адмыслова выбралі запраўку на ўезьдзе ў горад, бо паток машынаў у пятніцу ўвечары накіраваны якраз у адваротны бок — з гораду.
Ініцыятары акцыі Канстанцін Міхайлаў і Арцём Шаркоў запэўніваюць, што ўсё гэта было зроблена дзеля таго, каб не ствараць нязручнасьцяў для аўтамабілістаў, якія ня ўдзельнічаюць у акцыі.
Супрацоўнікаў запраўкі загадзя папярэдзілі пра «Стоп-бэнзін! Мы ня дойныя каровы». Яны ставіліся з разуменьнем і гумарам, былі ветлівыя і ніякіх перашкодаў пратэстоўцам не чынілі, хаця і скардзіліся на стому.
Зараз прытомнасьць страчу. Лічбу 5740 я запомніла на ўсё жыцьцё.
Супрацоўніца АЗС: «Зараз прытомнасьць страчу. Лічбу 5740 я запомніла на ўсё жыцьцё».
Аднак пакуль праходзіла акцыя, на АЗС прыехаў кіроўца, які быў цалкам ня згодны з такой формай пратэсту.
Спадар: «Вазьміце „102“ пазваніце і скажыце, каб ратавалі запраўку. Што за справы? Давайце старшага зьмены! Ды што ў вас няма тэлефона „102“?! Каму вы тут аддалі ў рукі ўсё?! Я павінен ехаць да дзіцёнка ў бальніцу і што, я павінен стаяць тут?!»
Супрацоўніца АЗС: «Падганяйце машыну».
Спадар: «Я вам зараз падганю машыну!»
Бліжэй да фіналу на запраўцы зьявіліся супрацоўнікі ДАІ. Пачуўшы ад арганізатараў, што акцыя заканчваецца, паводзілі сябе карэктна і ў працэс ня ўмешваліся.
Арганізатары акцыі «Стоп-бэнзін. Мы ня дойныя каровы» чакаюць рэакцыі ад «Белнафтахіму». Днямі праз Адміністрацыю прэзыдэнта яны зьвярнуліся да кіраўніцтва канцэрну па тлумачэньні наконт сапраўдных прычынаў павышэньня коштаў на паліва. Аўтааматары таксама рыхтуюць ў Менску 15 чэрвеня круглы стол па тэме «Нафтанка, паліва і кошты», куды запрасілі і прадстаўнікоў дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім».