Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч агітуе за апазыцыйных кандыдатаў


Сёньня — перадапошні дзень агітацыі за кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Адначасова з агітацыяй ідзе датэрміновае галасаваньне. За два дні ў ім прынялі 8,7% усіх выбарцаў. На папярэдніх мясцовых выбарах у студзені 2007 году за два дні прагаласавала меншая колькасьць выбарцаў — 6,9%.


Як лічаць незалежныя назіральнікі, датэрміновае галасаваньне спрашчае задачу ўлады — не дапусьціць у Саветы апазыцыйных прадстаўнікоў.

Пра перадапошні дзень агітацыйнай кампаніі інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Апазыцыянэры з глыбінкі пагаварылі з выбарцамі

Сёньня на Магілёўшчыне ў райцэнтрах Чэрыкаве і Крычаве ды Хоцімску тамтэйшыя кандыдаты на дэпутацтва ў мясцовыя саветы праводзілі агітацыйныя сустрэчы. Дапамагаў актывістам шукаць прыхільнасьці выбарцаў іх давераная асоба, лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.

У сямітысячным Чэрыкаве выбарцаў агітаваў вылучэнец у аблсавет ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Царкоў. Сустрэча праходзіла ў адным з двароў райцэнтру. Пагутарыць з Царковым і Мілінкевічам прыйшлі каля трыццаці чалавек. Сваёй нешматлікасьцю грамада была незадаволеная. Абуралася, што не было загадзя расклееных абвестак пра сустрэчу.

Скардзіліся людзі на адсутнасьць працы, невялікія заробкі. Наракалі на сваволю чыноўнікаў. Яны не дазваляюць прывозіць у Чэрыкаў якасныя харчы з Магілёва. Гандлююць толькі мясцовымі таварамі невысокай якасьці.

Мікалай Царкоў будзе ўдзельнічаць у выбарах да іх завяршэньня

На выбарах людзі абяцалі галасаваць за Царкова. Ён жа абяцаў ісьці на выбарах да канца, хоць і ведае, хто на іх пераможа.

падвесьці людзей, якія мяне вылучалі і будуць за мяне галасаваць.
«Зьняцца з выбараў цяпер я не магу ні ў якім разе. Нельга падвесьці людзей, якія мяне вылучалі і будуць за мяне галасаваць. Такіх у Чэрыкаве — большасьць», — заявіў «Свабодзе» Мікалай Царкоў.

Яго канкурэнты — начальнік фінансавай управы аблвыканкаму й мясцовы галоўны санітарны лекар.

Мікалай Царкоў і Аляксандар Мілінкевіч наведалі адзін з выбарчых участкаў у сярэдняй школе № 2. А палове на другую дня ён быў бязьлюдны. Камісія за сталом сумавала.

Сяргей Няроўны і Аляксандар Мілінкевіч сустрэліся з выбарцамі на крычаўскім стадыёне

У Крычаве сустрэча з вылучэнцам ад АГП Сяргеем Няроўным і яго даверанай асобай Аляксандрам Мілінкевічам праходзіла на гарадзкім стадыёне. Сюды прыйшлі 50 чалавек. Парадак пільнавалі чацьвёра міліцыянтаў.

Гутарка кандыдата з выбарцамі выдалася дыскусійнай. Прадстаўнікі БРСМ і вэтэранскіх арганізацыяў цікавіліся даходамі спадара Няроўнага — чаму ў яго іх няма. Патрабавалі адказаць — «Чаму ён ня любіць сёньняшнюю ўладу й ня хоча працаваць», выдае газэту на невядома адкуль узятыя грошы. Некаторыя выбарцы абураліся — маўляў, калі ж Няроўны стане дэпутатам, бо галасуюць за яго даўно, а выніку станоўчага няма.

А якое ж меркаваньне пра сустрэчу з выбарцамі ў самога Сяргея Няроўнага?

«Сустрэча атрымалася карыснай. На яе прыйшлі чалавек 50 самых розных палітычных поглядаў. Мы паспрачаліся трохі, але ўсё-ткі прыйшлі да агульнай высновы. Мне, паўтару, сустрэча спадабалася».

У Хоцімску ў мясцовым цэнтры культуры на сустрэчу з вылучэнцам ад партыі БНФ Валерыем Каранкевічам і яго давернікам Аляксандрам Мілінкевічам прыйшлі чыноўнік, кіраўнік сельскай гаспадаркі “3 інтэрнацыянал”, супрацоўнік КДБ ды пяцёра шараговых выбарцаў. Паводле Валерыя Каранкевіча у Хоцімску ўсе абвесткі пра яго зь Мілінкевічам сустрэчу з апазыцыянэрамі пазьдзіралі за доўга да яе пачатку. На прадпрыемствах зь людзьмі пагаварылі, каб яны не надумаліся ісьці ў дом культуры.

Сустрэча з тымі, хто прыйшоў праходзіла ў фармаце палемікі. Кіраўнік прыродаахоўнай інспэкцыі Васіль Кастроў абвяргаў крытычныя заўвагі Каранкевіча пра жыцьцё ў Хоцімскім раёне. Яго, паводле спадара Кастрова, выратуе толькі агратурызм. Кіраўнік “3 інтэрнацыяналу” Алег Нікіценка вінаваціў Каранкевіча ў развале гаспадаркі. Супрацоўнік КДБ моўчкі адседжваўся ў пустой залі Дома культуры.

У Хоцімскім раёне жыве 12 тысяч 300 чалавек. Тут 4 сельскія гаспадаркі. Працуе на мясцовых прадпрыемствах каля 5 тысяч чалавек. 1200 шукаюць лепшай долі за мяжой краіны.

Мікалай Царкоў і Аляксандар Мілінкевіч

Сустрэча ў Чэрыкаве адбывалася ў адным з двароў

Участак для галасаваньня ў школе №2 Чэрыкава. А палове на другую дня ён быў бязьлюдны.

Крычаўскі выбарцы ідуць на стадыён паслухаць апазыцыянэраў.

Алег Нікіценка скардзіцца Аляксандру Мілінкевічу, што Каранкевіч разваліў гаспадарку. У глыбіні залі хаваецца супрацоўнік КДБ.

Васіль Кастроў: “раён выратуе агратурызм”

Валерый Каранкевіч


ВІЦЕБШЧЫНА


Сябраў выбарчай камісіі ад апазыцыі ў дзень галасаваньня прымушаюць гатаваць каву і наразаць канапкі

Старшыня раённай суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Валянціна Кудлацкая распавяла, як камісіі абышліся зь ейнымі сяброўкамі па партыі.

Спадарыням Сьвятлане Атаманскай з раённай выбарчай камісіі і Людміле Сандар з акруговай выбарчай камісіі № 3 Верхнядзьвінскай выбарчай акругі № 3 загадана забясьпечыць астатніх сябраў камісіі харчаваньнем. Згодна з такім разьмеркаваньнем абавязкаў
Увесь дзень 25 красавіка абедзьве актывісткі мусяць гатаваць каву, гарбату ды наразаць канапкі выбарчай камісіі.
увесь дзень 25 красавіка абедзьве актывісткі мусяць гатаваць каву, гарбату ды наразаць канапкі, — распавядае спадарыня Кудлацкая.

«Я разумею, што людзі працуюць цэлы дзень, што хочуць есьці. Але тэлефаную старшыні раённай камісіі Бубновай і кажу: мы ж не дасылалі вам у камісіі кухонных рабочых! Вы ж неяк разьмяркуйце абавязкі! І паўгадзіны слухала тлумачэньні накшталт „нам усім трэба есьці“. Карацей, я заявіла, што сябры нашай партыі, верагодна, проста не падпішуць выніковыя пратаколы. Бо цягам дня не даступяцца да інфармацыі з выбарчых участкаў».

Таксама Валянціна Кудлацкая патрабуе, каб раённая газэта «Дзьвінская праўда» аб’ектыўна асьвятляла ход выбарчай кампаніі. Бо ў артыкулах падрабязна расьпісваюцца толькі сустрэчы выбарцаў з праўладнымі кандыдатамі. А пра тыя, дзе брала ўдзел яна сама як кандыдат у дэпутаты райсавету, газэта падае ўсяго некалькі радкоў. Раённая выбарчая камісія мусіла прызнаць, што гэта парушэньне правоў кандыдатаў на агітацыю праз СМІ.

У дзень галасаваньня сябра камісіі выклікаюць на працу

Старшыня абласной арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Мікалай Селівашка распавёў, якія скаргі яму даводзіцца разьбіраць, працуючы ў абласной выбарчай камісіі.

Да прыкладу, яго аднапартыйца з Воршы тэрмінова выклікаюць на працу 25 красавіка:

«У Воршы наш чалавек ва ўчастковай камісіі, а яго ў нядзелю выклікаюць на працу „па вытворчай неабходнасьці“. Ён працуе ў ЖКГ, гэта ня той важнасьці праца... Значыць, каб ня мог прысутнічаць на ўчастку, дзе „робіцца вынік“, — яго і выклікаюць на працу».

Мікалай Селівашка распавёў і пра тыповы выпадак датэрміновага галасаваньня — у Бешанковіцкім раёне, дзе ў райсавет балятуецца сябар партыі «Справядлівы сьвет» Хведар Кірыйкоў:

«Падагналі аўтобус, старшыня раённай выбарчай камісіі сам паехаў, прывёз людзей на ўчастак, у Вярхоўе, а сказаў, што будзе датэрміновае галасаваньне. Людзі йдуць, кажуць нашаму сябру: „Палыч, мы за цябе галасаваць будзем“, а як прагаласуюць датэрмінова 40 ці 30 адсоткаў, дык і атрымаецца, што за кандыдата ад улады. Зробяць гэта элемэнтарна!»

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Шматдзетную маці звальняюць з працы за дапамогу апазыцыйнаму кандыдату

Скандал у райцэнтры Астравец на Гарадзеншчыне. Жанчыну — давераную асобу дэмакратычнага кандыдата ў дэпутаты прымусова звальняюць з працы.

Наталя Клімовіч працавала рабочай на птушкафабрыцы ў фэрмэрскай гаспадарцы «Астравецкая». Учора яе выклікалі да дырэктара, і той паведаміў, што яе звольнілі.

Спадарыня Клімовіч кажа, што гісторыя пачалася трохі раней. Восьмага красавіка яна ня выйшла на працу з тае прычыны, што вазіла адну са сваіх дачок у санаторый і спазьнілася на аўтобус — давялося заначаваць у Лідзе.

Клімовіч: «Я пачала спрачацца, што за адзін прагул ніхто не звальняе, а мне сказалі: напішы заяву на звальненьне бяз даты. Я і напісала, а праз пару дзён мяне выклікалі ў офіс і сказалі, што заява падпісаная. Я запытала — чаму так? Адказалі, што за прагулы. Спрабавала давесьці, што прагулаў не было...»

Мне заявілі наўпрост: Звальняюць, бо ты зьбірала подпісы.
Спадарыня Наталя не чакала, што зь ёй так абыдуцца. Яна не сумняваецца, што яе звольнілі насамрэч за палітычную дзейнасьць, бо працавала яна нармальна, ніякіх прэтэнзій да яе з боку адміністрацыі не было.

Пра гэта наўпрост начальства ня кажа, але адна кіраўнічка ўсё ж прагаварылася.

Клімовіч: «Тэхноляг сказала, што ты зьбірала подпісы за аднаго чалавека — вось ад гэтага зараз і цярпіш».

Сёньня спадарыня Клімовіч насіла да дырэктара Андрэя Давыдава заяву, каб яе аднавілі, паколькі ёй не патлумачылі, дзеля чаго была патрэбная заява бяз даты, але той нічога не хацеў слухаць.

У звольненай — дзеці чатырох, пяці, шасьці, дзевяці і чатырнаццаці гадоў

Я таксама спрабаваў пагаварыць з дырэктарам праз тэлефон. Вось што атрымалася:

Давыдаў: «Яе рукою напісана заява, каб яе звольніць. Я яе звольніў, вось і ўсё».

Карэспандэнт: «Яна сёньня вам прынесла другую заяву, каб вы яе аднавілі на працы...»

Давыдаў: «Якую заяву? Я яе ня бачыў. Прабачце, мне няма калі, я заняты...»

Спадарыня Наталя ў роспачы, бо на руках у яе пяцёра дзяцей, працы шукаць ня ведае дзе, а муж таксама беспрацоўны.

Карэспандэнт: «Які ўзрост у вашых дзетак?»

Клімовіч: «Чатыры годзікі, пяць, шэсьць, дзевяць, чатырнаццаць...»

Іван Крук абураны дзеяньнямі кіраўніцтва фэрмэрскай гаспадаркі і сёньня ад самай раніцы піша скаргі ва ўсе інстанцыі. Мікола Ўласевіч кажа, што наагул такія дзеяньні немагчыма нічым патлумачыць.

Уласевіч: «Гэта зроблена не па-людзку. Так нельга рабіць, так нельга рабіць, канечне...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG