1 красавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў справе разьвіцьця будаўнічай сфэры ў Беларусі. Падчас яе прэзыдэнт запатрабаваў навесьці парадак у будаўнічай галіне да 1 жніўня. Ён таксама выказаў шэраг крытычных заўваг у бок чыноўнікаў. На гэта адгукнуліся слухачы “Свабоды”.
Спадар: “Лукашэнка правёў нараду з будаўнікамі. Магчыма, ён шчыра хоча, каб будоўля была якасная, дыхтоўная, каб людзі ня скардзіліся. Але ён ня можа ніяк зразумець галоўнага, што на гэтай будоўлі прыгрэліся дзясяткі арганізацый, лайдакоў. Чыноўнікі зьядуць нашу рэспубліку разам зь ім, настолькі разьдзьмуты чыноўніцкі апарат. І, дарэчы, Аляксандар Рыгоравіч сам гэта зрабіў, сваімі рукамі. Такі прыклад: вось гэтыя аграгарадкі, якія будуе Аляксандар Рыгоравіч. Ён сказаў зрабіць, там ня думаюць, робяць, а каму і навошта — нават ня ведаюць. Але вось адзін спэцыяліст узяў гэты домік, дык паўтара года ніяк ня мог аформіць праз чыноўнікаў на сваю сям’ю. Гэта страшна”.
Слухачы працягваюць разважаць на тэму выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Выбары прызначаныя на 25 красавіка.
Францішка Бервячонак, Глыбокае: “Я хачу заступіцца за спадарыню Ярмошыну. Яна ж не прызначае мэраў. Прызначае Лукашэнка, а гаспадару трэба служыць. І ніводзін ні раённы, ні абласны чыноўнік не прапусьціць кандыдата, які не даспадобы ўладзе. Хоць за яго прагаласуе і сто выбаршчыкаў. А спадарыні Ярмошынай застаецца толькі падсумаваць дадзеныя. Я дапускаю, што ў большы бок фальсыфікаваць і ня трэба. Вось як 4 гады таму з 93,5 зрабіць 86, як у інтэрвію сказаў Лукашэнка ўкраінскім журналістам, — тут трэба ўмець, бо ў дэмакратычных краінах за гэта вядома што — турма. А прызначаны чыноўнік мае за гэта: новае месца, новае крэсла, новы катэдж, замежжа дзецям. А новыя цэны, новыя штрафы, новыя пошліны — гэта ўсё нам”.
Атрымалі мы такое тэлефанаваньне:
Зіноўеў: “Вось калі забіраюць за адміністрацыйнае правапарушэньне, то кажуць: упішы сваё правапарушэньне ў адміністрацыйны пратакол. Калі я запатрабую мне гэты пратакол спачатку зачытаць, ці маю я права паводле адміністрацыйнага кодэксу ня ўпісваць нічога, пакуль мне не зачытаюць сам пратакол?”
На пытаньне адказвае юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:
“Чалавека абавязаны азнаёміць з пратаколам. І пасьля гэтага ён павінен напісаць свае тлумачэньні. А можа і не пісаць, як ён хоча. Гэта ягонае права”.
Слухачы “Свабоды” адказваюць на камэнтары, якія раней прагучалі ў "Званках на Свабоду":
Аляксандар Яцкевіч: “Мне хочацца адказ даць таму слухачу, які выказаў такое меркаваньне, што мы тэлефануем вам, каб толькі пакрасавацца, каб хтосьці пачуў. Можа, ён і меў рацыю, але мне падаецца, я нутром чую блізкіх, сваіх людзей. Амонаўцы, якія нас б’юць палкамі, ня маюць па шэсьць таблетак у дзень, яны на гэтых пігулках не жывуць, у іх няма двух пратэзаў. А дзе нас могуць пачуць? Толькі на “Свабодзе”. І добра, што чуюць”.
Спадарыня Ніна Ярмалінская з Салігорску віншуе ўсіх слухачоў “Свабоды” з надыходзячым Вялікаднем.
Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Са сьвятым Вялікаднем вас, дарагія сябры! Хай Бог дапамагае вам і натхняе на ўсе добрыя справы. Добрага вам здароўя, вясновага сонца, міру і дабрабыту нашай Бацькаўшчыне!”
Шаноўныя слухачы! Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.