Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працую на кампанію сябра


Сяргей Салаш, фота jadfeel
Сяргей Салаш, фота jadfeel
Настроіцца на ўдзел у выбарчай кампаніі ў Беларусі пры адсутнасьці правілаў гульні няпроста, але ўцягнуцца лёгка. Прычым з галавой і нагамі — уцягваюць людзі. Уцягнуўся і я, але ўжо ня ў якасьці прэтэндэнта, а ў якасьці кіраўніка ініцыятыўнай групы Дзьмітрыя Бабіцкага, маладога эканаміста, сябра Партыі БНФ і прыхільніка руху “За свабоду”.

Асабіста мне няпроста было прыняць канчатковае рашэньне, ці выстаўляць сваю кандыдатуру на мясцовых выбарах. Фактычна да апошняга дня я вагаўся паміж удзелам і няўдзелам. І ўсё ж адзін аргумэнт на карысьць часовай паўзы пераважыў. З 2003 году я актыўны фігурант палітыкі на мясцовым узроўні — тройчы балятаваўся ў мясцовыя саветы, а таксама двойчы ў парлямэнт, прычым кожная кампанія, на маю думку, толькі замацоўвала мае пазыцыі. Адна з гэтых кампаніяў была пераможнай, адну я сустрэў у міліцэйскім ізалятары, падчас чатырох зь іх мяне не зарэгістравалі кандыдатам, выкарыстоўваючы шэрыя схемы ціску на людзей, якія падпісваліся і жадалі за мяне галасаваць. Здавалася, прыйшоў самы час перавесьці дыханьне.

Аднак падтрымка кандыдатуры Бабіцкага, чалавека, якому я давяраю і бачу пэрспэктывы ягонага росту, была для мяне найлепшым выйсьцем з асабістай дылемы. Я ня выпаў зь мясцовых выбараў, а, бадай, стаў рухавіком кампаніі свайго сябра. Без асаблівай напругі ў падтрымку Бабіцкага было сабрана 788 подпісаў — падпісаўся кожны пяты дарослы жыхар акругі. Дзеля яго вядомасьці і пазытыўнага іміджу людзі лёгка адчынялі свае кватэры. Недарма ў 2007 годзе Зьміцер паводле пратаколаў з участковых камісіяў, якія атрымалі на рукі назіральнікі, узяў першае месца з адрывам ня менш за 300 галасоў, хаця паводле дзіўных афіцыйных зьвестак прайграў дваццаць два.

Для пралетарска-вайсковага Барысава такая падтрымка кандыдата, які праводзіць сваю кампанію па-беларуску і не хавае сваёй апазыцыйнасьці, здавалася б, незвычайная. Але насамрэч сакрэты посьпеху знаходзяцца на паверхні. Нефармальная грамадзкая ініцыятыва “За чысты Барысаў!”, дзейнасьць ад імя якой з 2007 году знаходзіцца фактычна пад пракурорскай забаронай, здолела дамагчыся вырашэньня шэрагу гарадзкіх праблемаў. Найперш зьвязаных з рамонтам дарог і дзіцячых пляцовак. А былі ж яшчэ кампаніі за дамафанізацыю пад’ездаў, пабудову падземных пешаходных пераходаў і інш. Многія жыхары Барысава гэта добра памятаюць і цэняць.


Мясцовыя выбары — гэта тэст на давер мясцовых жыхароў да мясцовай апазыцыі. І цалкам ігнараваць такую магчымасьць было б няправільна. Гэта праўда і адначасова няпраўда, калі кажуць, што толькі падчас выбараў апазыцыя можа прыйсьці да людзей. Да людзей можна і патрэбна прыходзіць і па-за выбарамі, галоўнае, каб было з чым прыйсьці. Аднак выбары маюць адну істотную перавагу — яны адкрываюць дадатковыя каналы камунікацыі зь людзьмі і напаўняюць вобраз мясцовых апазыцыянэраў важным зьместам. Толькі ў часе выбараў апазыцыя, выціснутая па-за межы сыстэмнага грамадзка-палітычнага жыцьця, становіцца рэальнай альтэрнатывай, калі прымушае выбарнікаў вызначацца паміж двума “альбо” — альбо “за”, альбо “супраць”.

А асабліва важны ўдзел у мясцовых выбарах, я бачу, для маладых дэмакратычных актывістаў. Для многіх зь іх удзел у якасьці кандыдата дапаможа пазбавіцца ад комплексу “гарадзкіх разбойнікаў” і паспрыяе лепшаму разуменьню тых праблемаў, якім жыве грамадзтва. “Добра, што вы такія ёсьць”, — калі нешта такое чую ад людзей, якія ставяць свой подпіс у нашу падтрымку, пазбаўляюся апошніх сумневаў. У выбарах — сіла.

Сяргей Салаш


Нарадзіўся ў Слоніме ў 1974 годзе, паводле пашпарта — у Барысаве. У 1994-м галасаваў за Пазьняка, а ў 2006-м — за Мілінкевіча. Паміж гэтымі важнымі для мяне галасаваньнямі сам стаў аб’ектам для галасаваньня. У сьветлае заўтра веру, але ня веру ў тое, што яно будзе хуткім. Знаходжуся на сваім месцы.

1. Навошта я пішу блог:

Каб вырвацца з аднаго замкнёнага кола і атайбавацца ў іншым. Каб адну ілюзію падмяніць на іншую :)

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах:

Простыя словы пра простыя рэчы.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах:

Мэсіянства і копіпасты.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць:

Раю стварыць уласны :) Cykera4ka, bielameta, kato4kka, andorac, zaranok — яны мяне камэнтуюць найчасьцей. Дык чаму б першую пяцёрку маіх любімых камэнтатараў і не згадаць? ;)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG