Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталіцу “Дажынак-2009” апанаваў аўрал


У райцэнтры Кобрын на Берасьцейшчыне будаўнікі працуюць днём і ноччу. Пад пагрозай зрыву апынуўся прэзыдэнцкі фэст “Дажынкі-2009”, які улады заплянавалі на другую дэкаду верасьня.



На правядзеньне Дажынак у Кобрыне беларускія ўлады выдаткавалі 330 мільярдаў рублёў. Да штогадовага фэстывалю працаўнікоў сельскай гаспадаркі тут будуюць аквапарк і лядовы палац, асфальтуюць 120 кілямэтраў вуліц, рамантаваць фасады й дахі соцень дамоў. Як заўсёды, будаўнікам не хапае часу. Гаворыць адна з супрацоўніц Кобрынскага райвыканкаму:

“Маё меркаваньне, што ў горадзе застаецца яшчэ вельмі шмат працы. Асноўныя аб’екты яшчэ не гатовыя. Ужо ходзяць чуткі, што сам фэст, магчыма, перанясуць на 19-га верасьня. Я ня ведаю, пра які дзень можна гаварыць рэальна, бо горад на сёньня ўвесь перакапаны...”


Глядзець фотагалерэю


Кобрынцы незадаволеныя якасьцю працы будаўнікоў. Жыхары аднаго з дамоў ля цэнтральнага пляцу горада рыхтуюць калектыўную скаргу ў адміністрацыю прэзыдэнта. Гаворыць адзін з аўтараў скаргі Мікалай Новік:

“Раней будаўнікі рабілі, як і трэба: спачатку ўцяплялі сьцены дамоў, затым тынкавалі і пасьля фарбавалі. А ўжо цяпер наўпрост фарбуюць голыя цагліны. Да прыкладу, наш дом, які на плошчы, толькі-толькі пачынаюць рамантаваць. А калі ж канец будзе? Засталося ж нібыта толькі паўтара тыдні. Я і год таму казаў, што не пасьпеюць нічога добрага зрабіць. А цяпер лічу, што будзе аўрал і поўная дурнота”.

Незадаволеныя кобрынцы і адмысловымі захадамі бясьпекі пры падрыхтоўцы да дажынак. Гаворыць жыхар Кобрына Генадзь Барысевіч:

“Аўрал у Кобрыне, поўны аўрал. Усіх, як гаворыцца, ставяць на вушы. Узяліся за вельмі шмат аб’ектаў, а таму не пасьпяваюць. У нас тут нават зьявіліся ўзмоцненыя нарады міліцыі. Сядзяць у засадзе дзень і ноч. Усё ж знаходзіцца пад адкрытым небам: дошкі, плітка ды ўсе іншыя матэрыялы”.


Пасьля "Дажынак"


Чым пагражае аўрал і пасьпешлівасьць будаўнікоў у падрыхтоўцы Кобрына да “Дажынак”? “Свабода” зьвяртаецца да досьведу былых сталіцаў гэтага фэсту.

У Бабруйску “Дажынкі” праходзілі ў кастрычніку 2006 году. На іх падрыхтоўку пайшло больш за 200 мільярдаў рублёў.

Сёньня найбольш жыхары Бабруйску наракаюць на тратуарную плітку. Багата дзе яна прасела. Плітку скончылі ўкладваць амаль перад самімі “Дажынкамі”.

“Найбольш відавочныя хібы — у тых дварах, якія рабіліся апошнімі, напярэдадні саміх “Дажынак”. Адна справа — зрабіць гэты рамонт, а другая — падтрымліваць у такім працоўным стане. Вось, скажам, перакрылі дах, а ён дзе-нідзе працякае. Гэта рабілася не для людзей, каб ім было зручна, а каб гэта звонку выглядала прыгожа. Вось гэтая вонкавая прыгажосьць — яна яшчэ захоўваецца, а ўнутры там праблемы”, — кажа жыхар Бабруйску Алесь Чыгір.

Прыгажосьць наводзілі на цэнтральных вуліцах Бабруйску, там, дзе праходзілі асноўныя мерапрыемствы. На гарадзкой пэрыфэрыі мала што зьмянілася. Пра гэта сьведчаць шматлікія скаргі людзей. Паводле іх колькасьці Бабруйск першы на Магілёўшчыне: за паўгода — паўтары тысячы скаргаў. Людзі скардзяцца на дарогі, дзіравыя дахі, на ўпарадкаваньне двароў і пад’ездаў.

“Можна палепшыць працу па зваротах грамадзян, калі ў нас будзе больш прафэсіяналізму і адказнасьці”, — лічыць старшыня бабруйскага гарвыканкаму Дзьмітры Бонахаў.

Дзе ўзяць сродкі на паляпшэньне ўмоваў пражываньня людзей у постдажынкаўскі час, чыноўнік камунальнікам і будаўнікам не сказаў.


Рэчыца


У верасьні 2007 году “Дажынкі” ладзіліся ў Рэчыцы. Тут таксама пасьпешліва рэканструявалі рынкі “Славянскі” й “Цэнтральны”. Што ў выніку атрымалася, апавядае жыхар Рэчыцы, актывіст прадпрымальніцкага руху Алег Шабетнік:

“Да “Дажынак” рабілі рынак вельмі хутка. Але не прадумалі, відаць, не спраектавалі належным чынам ліўневую каналізацыю. Калі ідуць вялікія дажджы, то на Цэнтральным рынку ў куце зьбіраецца вада. Няправільна зрабілі ўхіл, праект няправільны. Там і залівае людзей. Вада падымаецца сантымэтраў на 30—40, затоплівае ралеты, тавар, калі ідуць моцныя дажджы”.

Жыхар Рэчыцы кажа таксама, што й пафарбаваныя ў цёмна-чырвоны колер дахі дамоў маюць цяпер аблезлы выгляд:

“Дахі, якія фарбавалі да “Дажынак” на цэнтральных вуліцах, аблезьлі. Яны проста пафарбавалі зьверху шыфэр і ўсё, чым накрытыя дамы. Не грунтавалі, не зачышчалі, а проста пафарбавалі. Канечне, фарба, пакладзеная на гразь, трымацца ня будзе — яе змывае дажджом”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG