Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа турма быць празрыстай?


17 чэрвеня ў Жодзіне на выязным паседжаньні Грамадзка-кансультацыйнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта абмяркоўвалі праблему гуманізацыі турэмнай сыстэмы.

Ці магчыма гэтага дасягнуць і якой павінна быць роля грамадзтва ў паляпшэньні ўмоваў у беларускіх турмах?

Зараз адзіная структура, якой дазволены грамадзкі кантроль над турмамі, — сыстэма грамадзкіх камісій, створаных Міністэрствам юстыцыі ў Менску і ўправамі юстыцыі ў абласных цэнтрах. Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак мае шмат прэтэнзій да гэтых фармаваньняў. Праваабаронца лічыць, што выконваць свае функцыі яны могуць толькі фармальна, бо там мала людзей кампэтэнтных. Да таго ж паўнамоцтвы камісій вельмі слабыя, і прадстаўлена ў іх толькі невялікая, “праўладная” частка грамадзкіх арганізацый. “Як першы крок гэта магчыма вітаць, але яго яўна недастаткова. Бо насамрэч грамадзкага кантролю не атрымалася”, — мяркуе старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

А што скажуць на гэта тыя, каму давераны функцыі кантролю над турэмнымі парадкамі? Уладзімер Пікулік распавёў пра тое, як паўтара году таму ўвайшоў у рэспубліканскую грамадзкую камісію:

“Я прадстаўляю Хрысьціянскі адукацыйны цэнтар. Ёсьць такое грамадзкае аб’яднаньне, зарэгістраванае ў Мін’юсьце. Міністэрства юстыцыі разаслала розным грамадзкім арганізацыям прапанову ўключыць свайго прадстаўніка ў гэтую камісію. Ведаю, што быў запрошаны прадстаўнік Праваслаўнай царквы, у камісію ўвайшоў такі айцец Васіль, які даўно апякуецца турмамі. Ёсьць прадстаўніца Саюзу шматдзетных сем’яў, яе завуць Тацяна Аляксандраўна, ёсьць прадстаўніца Саюзу жанчын ды іншых аб’яднаньняў. Камісія праводзіць паседжаньні раз на 2-3 месяцы, і раз на 2-3 месяцы мы наведваем установы пэнітэнцыярнай сыстэмы. Заўважу, што ў нас дастаткова складаныя адносіны паміж двума міністэрствамі. Нагадаю, турмы і зоны падпадаюць пад Міністэрства ўнутраных спраў, а камісіі створаныя пры Мін’юсьце. І каб наведаць турму, трэба атрымаць дазвол зь Міністэрства ўнутраных спраў. Звычайна такія дазволы даюць, але калі мы наведваем калёнію, то з намі заўсёды ёсьць прадстаўнік МУС і прадстаўнік самой калёніі”.

Уладзімер Пікулік паведаміў, што і падчас размоў з пазбаўленымі волі побач заўсёды знаходзіцца супрацоўнік міліцыі. Ня дзіва, што ў такіх умовах вязьні найчасьцей пытаюцца пра тое, што чуваць на волі пра чарговую амністыю ці просяць дапамагчы ў пераглядзе іх крымінальнай справы. “Але гэта зусім ня ў нашых сілах”, — прызнаецца сябар грамадзкай камісіі Ўладзімер Пікулік. Што яму па плячы — дык гэта высьветліць, ці ёсьць у вязьня нармальныя ўмовы, каб памыцца, прыняць душ пасьля працы, напісаць ліст дадому, набыць харчы ў турэмнай краме. Спадар Пікулік паведаміў: у выніку такога апытаньня ўдалося палепшыць бытавыя ўмовы жанчынам, якіх трымаюць у Гомельскай жаночай калёніі.

Ці можа сябра грамадзкай камісіі абараніць правы асуджаных у выпадку канфлікту вязьняў з супрацоўнікамі калёній? Алесь Бяляцкі з праваабарончага цэнтру “Вясна” мяркуе: такое ў Беларусі выключана, бо ў прысутнасьці адміністрацыі асуджаны ніколі не раскажа, што ў яго насамрэч баліць і хто вінаваты. Праваабаронца — за тое, каб даць магчымасьць прадстаўнікам грамадзтва безь перашкод наведваць турмы і апытваць вязьняў. Паводле спадара Бяляцкага, гэтак робяць ня толькі ў Эўропе, але і ў краінах СНД.

Прыкладам, у Армэніі яны выяжджаюць па сыгнале аб парушэньні правоў пэўных зьняволеных, прыкладам, пра зьбіцьцё, і дапамагаюць вырашаць гэтыя канфлікты
“Мы б хацелі наведваць месцы зьняволеньня, як, прыкладам, у Армэніі. Там гэта могуць рабіць прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый, якія ўваходзяць у адпаведныя камітэты. У любы дзень, у любую гадзіну дня і ночы наведаць турму, калёнію, сьледчы ізалятар. Гэта, безумоўна, дысцыплінуе адміністрацыю ўстановы, узровень гвалту значна паніжаецца. Мы таксама хацелі б мець такую магчымасьць, у тым ліку — наўпроставага кантакту са зьняволенымі. Прыкладам, у Армэніі яны выяжджаюць па сыгнале аб парушэньні правоў пэўных зьняволеных, прыкладам, пра зьбіцьцё, і дапамагаюць вырашаць гэтыя канфлікты. І гэта ідзе на карысьць, там пэнітэнцыярная сыстэма ўсё ж больш гуманная і адкрытая, чым у Беларусі”.

У дэмакратычных краінах сьвету турмы і калёніі паўсюдна падпарадкаваныя не паліцыі, а Міністэрству юстыцыі. Ці трэба так зрабіць і ў Беларусі і ці шмат гэта будзе каштаваць? Што мяркуе былы прэм’ер Міхаіл Чыгір, якому давялося пабываць у беларускай вязьніцы ня толькі ў якасьці візытанта?

“Мяркую, будзе лепей пад Мін’юстам. Чаму? Ну, як чаму? Арыштоўвае міліцыя, пільнуе міліцыя, “слухачоў” падсаджвае ў камэру міліцыя, праслухоўваньне ўсталёўвае міліцыя. Навошта гэта ўсё ў адных руках? А калі турма пад кіраўніцтвам Мін’юсту, то ў вязьняў болей шанцаў, што іх правы будуць меней парушацца. А тэхнічна гэта зрабіць няцяжка — перавесьці толькі з адной установы ў другую”.

Былы палітвязень Валер Леванеўскі мяркуе: адной замены шыльдаў недастаткова, каб зрабіць адбыцьцё пакараньня ў беларускіх турмах паводле паказчыка гуманнасьці блізкім да эўрапейскіх стандартаў. Гаворка ня толькі пра колькасьць квадратных мэтраў на вязьня, але і пра ўмовы лячэньня, наяўнасьць царквы ды шмат што іншае. “Вось у Расеі перавялі сыстэму пад Мін’юст, а бунтаў у калёніях меней ня стала”, — заўважае Валер Леванеўскі. Ягоны рэцэпт гуманізацыі дастаткова вялікі:

Трэба даць магчымасьць размаўляць зь вязьнямі тэт-а-тэт. А таксама даць магчымасьць праваабаронцам размаўляць зь вязьнямі на агульных сходах
“Той грамадзкі кантроль, які яны наладзілі, — хай ён будзе, але яго трэба пашыраць. Вядома, трэба даць магчымасьць размаўляць зь вязьнямі тэт-а-тэт. А таксама даць магчымасьць праваабаронцам размаўляць зь вязьнямі на агульных сходах. Хай распавядуць, як скласьці скаргу, якія ёсьць правы ў вязьняў, проста наладзяць дыскусію пра ўмовы. Перакананы — заўсёды знойдуцца некалькі вязьняў, якія не пабаяцца і скажуць праўду-матку нават пры ўсіх. Пасьля гэтага і пракурор, і наведнікі змогуць спасылацца на гэтыя праблемы і вырашаць іх. Гэтак было ў 19-й магілёўскай калёніі, дзе не выдавалі белага хлеба і давялося столькі скардзіцца. А таксама трэба абавязкова павялічыць колькасьць спатканьняў, бо праз сустрэчы са сваякамі і знаёмымі людзі таксама могуць перадаваць свае скаргі на ўмовы, і гэтак можна паляпшаць сытуацыю ў турмах”.

Аднойчы перад тым, як у калёнію меўся наведацца назіраючы пракурор, Валера Леванеўскага пасадзілі ў карцэр, каб ён не падаў скаргу. Пракурор падчас абыходу калёніі мог зайсьці да яго ў карцэр, але наўмысна гэтага не зрабіў, інакш давялося б разьбірацца з чарговай праблемай. Валер Леванеўскі не спадзяецца на пракурорскі нагляд — надзею ён ўскладае на лісты вязьняў з калёніі ў органы кантролю. “Толькі для гэтага трэба паставіць пад грамадзкі кантроль працу турэмных цэнзараў, які правяраюць лісты і пад выглядам барацьбы за бясьпеку нішчаць усе сыгналы пра беззаконьні ў турмах”, — кажа Валер Леванеўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG