Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Асадачак застаўся”


Малочны канфлікт, ад якога адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй абвастрыліся да мяжы, скончаны. Абодва бакі пацьвярджаюць наяўнасьць пагадненьня, паводле якога беларускі малочны экспарт у Расею, акрамя сухога малака, аднаўляецца ў поўным аб’ёме. Адпаведна Беларусь прыпыняе меры па ўзмацненьні мытнага кантролю на мяжы, якія былі прынятыя ў разгар супрацьстаяньня. Пакуль невядомыя ўсе дэталі пагадненьня, што дакладна саступілі бакі. Магчыма такая інфармацыя магла б карэнным чынам зьмяніць ацэнку, хто выйшаў пераможцам з гэтага змаганьня. Але агульнавядомыя факты схіляюць да высновы, што Расея прайграла.

Чаму? Памятаеце з чаго, уласна, усё пачалося? Беларуская прадукцыя не адпавядае новым тэхнічным рэглямэнтам, таму яна ня пойдзе ў Расею, – казаў Генадзь Анішчанка. А зараз, паводле яго, пакуль новыя дазвольныя дакумэнты ня будуць аформленыя, пастаўкі пойдуць па раней выдадзеных дакумэнтах. Дык з чаго ж пачалі вэрхал, калі, як высьветлілася, можна прымаць беларускае малако і па старых паперах? І які зараз сэнс маюць усе расейскія афіцыйныя тлумачэньні наконт сумніўнай якасьці беларускіх малочных прадуктаў? Была сумніўная, а сёньня сумневы дзіўным чынам разьвеяліся, так хіба?

Калі сапраўды магутная дзяржава спачатку моцна размахваецца, а потым сьціпла хавае руку ў кішэню – яе прэстыж ляціць уніз
Нават калі прыняць за чыстую манэту афіцыйнае тлумачэньне чыньнікаў канфлікту, то тут Расея прайграла відавочным чынам.
А калі казаць пра іншыя, магчыма, сапраўдныя чыньнікі, пра рэпутацыю дзяржавы – тым болей. Колькі за апошнія дні мы чулі ад расейскіх і некаторых беларускіх экспэртаў ацэнак, што Расея, нарэшце, вырашыла разабрацца зь Беларусьсю ўсур’ёз, што пакажа сінявокай яе вельмі сьціплае месца, і, кажучы папросту, размажа па сьценцы. Ну і дзе сьценка, па якой Расея нібыта канчаткова вырашыла размазаць Беларусь? Калі сапраўды магутная дзяржава спачатку моцна размахваецца, а потым сьціпла хавае руку ў кішэню – яе прэстыж ляціць уніз.

І яшчэ адзін сюжэт – рашэньне Лукашэнкі ня ехаць у Маскву на саміт АДКБ, адмова падпісаць дамову аб сілах хуткага рэагаваньня АДКБ. І тут, калі памятаеце, быў хор камэнтараў, што ўжо гэтым крокам Лукашэнка сам сябе ў труну паклаў і крышкай накрыўся, ужо за гэта Масква... Кранаць сьвятая сьвятых двухбаковых адносінаў – ваенную складовую, было і сапраўды крокам рызыкоўным. Але вынік: кранулі, выкінулі на стол старшы козыр і Масква адступіла. Можа і не таму, але ў сьвядомасьці людзей – менавіта таму.

Ну а што тычыцца доўгатэрміновых наступстваў, то тут як ў габрэйскім анэкдоце. Ну як вам Хаім? – Ды так сабе. Прыйшоў у госьці, а пасьля срэбраныя лыжачкі зьніклі. Лыжачкі, праўда, потым знайшліся, але асадачак жа застаўся.

Вось менавіта. І з большымі падставамі, чым у анэкдоце. Калі на афіцыйным узроўні гаварылася пра ледзь не падрыўную дзейнасьць Масквы, калі выражалася гатоўнасьць сапраўды зарэзаць “сьвятарных кароваў” беларуска-расейскіх адносінаў – і што зараз, калі канкрэтны малочны канфлікт вырашаны, гэтая словы, гэтыя намеры выпетрацца, забудуцца. Хіба?

У пэўным сэнсе самы гэты крызіс быў формай прыстасаваньня да новай геапалітычнай рэчаіснасьці, калі пэрспэктывы Беларусі не абмяжоўваюцца шашой Менск-Масква. Масква спрабавала вярнуць гэты стан, але ў яе не атрымалася
Варта прыгадаць, што мінулы крызіс студзеня 2007 году меў сваім аддаленым наступствам уступленьне Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства”. Можна прагназаваць, што цяперашні крызіс, а дакладней расейская параза ў ім, гэты заходні кірунак Менску яшчэ больш умацуе. У пэўным сэнсе самы гэты крызіс быў формай прыстасаваньня да новай геапалітычнай рэчаіснасьці, калі пэрспэктывы Беларусі не абмяжоўваюцца шашой Менск-Масква. Масква спрабавала вярнуць гэты стан, але ў яе не атрымалася.

На мой погляд, хіба не ключавым момантам у канфлікце стала вельмі своечасовае рашэньне МВФ аб дадатковым крэдыце Беларусі. Крэмль хацеў праверыць, ці будзе Эўропа падтрымліваць свайго новага партнэра. Праверка прайшла выдатна. І менавіта тады Пуцін пачаў казаць, што ня трэба расейскім чыноўнікам лаяць беларускіх калегаў, што мы адна сям’я і г.д. Ага, калі Эўропа паказала, што ў баку не застанецца, то пэўна ж адна.

Добра гэта ці кепска, але трэба канстатаваць, што гэты канфлікт з Расеяй беларуская ўлада выйграла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG