Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрвію “Завтра”: псыхалягічны аўтапартрэт Аляксандра Лукашэнкі


Інтэрвію Лукашэнкі расейскім мэдыям як палітыка-псыхалягічны аўтапартрэт. Што Лукашэнка выказаў і што хацеў схаваць? Чаму, паводле яго, ён называе Пуціна на “ты”, а той яго на “Вы”? Вобраз сьвету як суцэльнай змовы, які паўстае з інтэрвію – гэта палемічны прыём ці палітычная філязофія? Над гэтымі тэмамі разважаюць зь Менску – Уладзімер Падгол, з Масквы – Леанід Радзіхоўскі.

Дракахруст: Два тыдні таму Аляксандар Лукашэнка даў вялікае інтэрвію расейскім выданьням. Размова доўжылася тры гадзіны, пазьней рэпартажы аб ёй апублікавалі расейскія «Известия», «Советская Белоруссия», і нарэшце расейская газэта «Завтра».

Цікава, што кожнае выданьне выбрала свае, непадобныя фрагмэнты, якія толькі часткова перакрыжоўваюцца. Публікацыя ў «Завтра» - хіба ня самая яскравая, якая найбольш поўна раскрывае псыхалягічныя асаблівасьці беларускага лідэра. Вось пра гэтыя асаблівасьці я і хачу пагаварыць.

Што Лукашэнка ў гэтым інтэрвію паказаў і што хацеў схаваць?

Ужо сталі легендарнымі агаворкі беларускага кіраўніка кшталту «беларускі народ будзе жыць кепска, але нядоўга» або нядаўні загад чыноўнікам пасьля шчыраваньняў Кудрына – “ідзіце туды, дзе нас ня ведаюць”.

А вось з інтэрвію «Завтра»:

«Мне б хацелася , каб мы паразмаўлялі, як грамадзяне адзінай дзяржавы, як прадстаўнікі аднаго народу. Беларусы і расейцы – гэта адзін народ. Гэта не азначае, што ў нашых адносінах усё кепска».

Гэта сьмешна. А можа і не. Што азначаюць гэтыя агаворкі ці квазі-агаворкі ў вуснах такога дасьведчанага палітыка і прамоўцы, як Лукашэнка?

Уладзімер Падгол
Падгол
: Я з Вамі нязгодны, што тут былі агаворкі. З майго гледзішча, тут усё было дасканала прадумана і бачна стройная канцэпцыя.

Галоўная тэза Лукашэнкі – што ягоная ўлада над Беларусьсю дадзеная Богам. Упершыню ў гэтым інтэрвію ён прызнаецца, што паверыў Богу, калі стаў прэзыдэнтам. Але я, зьбіраючы пастаянна яго цытаты, у якіх выяўленыя архетыпы, хачу заўважыць, што ён шмат разоў напачатку казаў, што ягоная ўлада выпадковая.

Калі ён стаў прэзыдэнтам, ён лічыў, што нейкая стыхія яго прызначыла. А тут ён упершыню кажа, што ён пачаў верыць у Бога і што ягоная ўлада – ад Бога.

Далей ён сьцьвярджае, што Бог абараніў ягонае жыцьцё і ўпершыню прыводзіць мадэль зьнішчэньня Лукашэнкі падчас выбараў 1994 году.

Наступнае – ён дэманструе мадэль стасункаў Беларусі і Расеі. Ён адкрытым тэкстам кажа – як было, калі СССР фінансаваў Баўгарыю і за гэта меў голас у ААН, і як ЗША фінансуюць Ізраіль. Гэта мадэль, пра якую ён марыць і якая мусіць забясьпечыць яму бязьбеднае існаваньне і ўладараньне на Беларусі.

Наступная тэза: ён – імпэрскі палітык.
Галоўная тэза Лукашэнкі - што ягоная ўлада над Беларусьсю дадзеная Богам.
Ён адкрытым тэкстам кажа – я прапаную новы імпэрыялізм, кажа, што гатовы дапамагаць Пуціну і Мядзьведзеву кіраваць Расеяй. І гэта не агаворка. Ён бачыць сябе кіраўніком Расеі, ён бы хуценька пастроіў яе ў шыхты і не захоплівалі б там адміністрацыі гораду, як тое было ў Пікалёве.

Далей ідзе ўжо маральнае аблічча – які ён бацька, як ён любіць сваіх дзетак. Дарэчы, цікава, што ўсё гэта беларусы ня чулі, не чыталі і ня бачылі па ТБ. Потым ён дэманструе, які ён самаахвярны сын беларускага народу, што яго дзеці жывуць у дзяржаўным жытле, ён нават кватэры ім не пабудаваў, ён нічога на сваю сям'ю ня ўзяў зь дзяржаўнай скарбонкі. Шмат цікавых рэчаў, але ніводнай агаворкі.

Ёсьць шчырая хлусьня, калі ён заявіў, што ў 1995 годзе дэпутаты яму перашкаджалі працаваць, палеглі ў залі парлямэнту і ён іх завозіў да жонак дамоў. Мы ўсе памятаем жорсткае зьбіцьцё, фотаздымкі, дзе ў дэпутата Шута былі дзясяткі крывавых шрамаў на целе, калі яго ў парку Янкі Купалы зьбівалі, як Пазьняку вочы выціскалі пальцамі. А ён іх да жонак давозіў. Вось такі клапатлівы прэзыдэнт.

Дракахруст: Леанід, а як бы вы патлумачылі гэтую фразу: «Мы адзін народ. Гэтага не азначае, што ў нас усё кепска».

Леанід Радзіхоўскі
Радзіхоўскі
: Я ня ведаю, ці агаворкі гэта. "Мы – адзін народ, але гэта ня значыць, што ў нашых адносінах усё кепска" – сказана сапраўды сьмешна, але сэнс літаральны, самая жорсткая барацьба – унутрывідавая. Так што калі ў адносінах блізкай радні ня ўсё кепска, то гэта ўжо добра.

У прынцыпе ўся гэтая гісторыя беларуска-расейскіх адносінаў – гэта дзіўная руская, славянская гісторыя, як кажуць – славянскі базар. Заходнім палітолягам гэта складана зразумець. Гэта лёгка зразумець, калі чытаць Дастаеўскага. У яго ёсьць улюбёны выраз – "неуместные собрания". У яго амаль у кожным рамане ёсьць такі эпізод, як зьбіраецца блізкая радня і пачынаецца, як казаў сам Дастаеўскі, "взаимное излияние помоев", людзі абражаюць адзін аднаго, крыўдзяць, б'юць, цягаюць за бароды.
У беларуска-расейскіх адносінах ёсьць і гэты сада-маза славянска-рускі псыхалягічны элемэнт.
І гэта робяць блізкія людзі, бо чужыя на такія сходы не трапляюць. Больш празаічнай мовай гэта называецца – “вместе тесно, а врозь – скучно”. У беларуска-расейскіх адносінах акрамя дакладных палітычных разьлікаў з абодвух бакоў ёсьць і гэты сада-маза славянска-рускі псыхалягічны элемэнт, калі людзі чым больш зносяцца, тым больш ненавідзяць адзін аднаго, і чым больш адзін аднаго ненавідзяць, тым мацнейшая паміж імі сувязь.

Відавочна, што такой узаемнай агіды, як паміж кіраўнікамі Расеі і Беларусі, не існуе паміж кіраўнікамі і Беларусі і Расеі з аднаго боку і кіраўнікамі заходніх краінаў з другога. І разам з тым і такой узаемнай неабходнасьці таксама не існуе. Вось такі, як ізноў жа сказаў бы Дастаеўскі, "психологический выверт".

Для людзей, якія не належаць да гэтай дастаеўскай культуры, гэта абсалютна незразумела. А ўнутры гэта цалкам зразумела.

Дракахруст: Вось яшчэ адзін калярытны фрагмэнт – наконт перамоваў пра саюзную дамову. «Пуцін мне пярэчыць: «Вы ведаеце, што будзе ў нас у Расеі? Татарстан, Башкартастан? Я яму кажу: «Ты мне не задавай такіх пытаньняў. Я буду разьбірацца ў сябе ў Беларусі, а ты, калі ласка, разьбярыся ў сябе ў Расеі. Я нават гатовы працаваць разам з табой у Расеі, каб не было гэтых цэнтрабежных сілаў».

У выкладаньні Лукашэнкі Пуцін, калі яшчэ быў прэзыдэнтам, зьвяртаецца да Лукашэнкі да “Вы”, а беларускі прэзыдэнт кажа расейскаму “ты”. Насамрэч хіба не наадварот, а хутчэй за ўсё яны размаўляюць на Вы, у іншых месцах інтэрвію гэта так і перадаецца. А тут прарываецца : я яму ты, ён мне – Вы. Што гэта азначае?

Радзіхоўскі: Ну, усё тое самае – пакрыўджанае самалюбства, звышкампэнсацыя за яго. Гэта з той самай сэрыі, як ён казаў пра Ельцына: “Мне – 40, яму – 90”. Хаця насамрэч яму было ня 40, а ўжо Ельцыну дакладна было не 90.

Хоча падкрэсьліць сваю значнасьць у параўнаньні з расейскімі лідэрамі. Асабістая значнасьць чалавека непрапарцыйная памерам яго дзяржавы. Вось, для прыкладу, Чачня – ня вельмі вялікі рэгіён Расеі. Але яе лідэр – нашмат больш палітычна моцны, чым губэрнатар Пецярбургу ці Растову альбо прэзыдэнт той жа Асэтыі.

Дракахруст: А на Ваш погляд Лукашэнка – буйнейшая асоба, чым расейскія кіраўнікі?

Радзіхоўскі: Гледзячы паводле якіх крытэраў вымяраць. Калі паводле абсалютнасьці ўлады, то няма сумневу.
Гэта з той жа сэрыі, як ён казаў пра Ельцына: “Мне – 40, яму – 90”.
Калі браць у якасьці крытэра здольнасьць выкарыстоўваць магчымасьці сваёй краіны, то ён, безумоўна, выкарыстоўвае больш спрытна малыя магчымасьці сваёй краіны, чым лідэры Расеі выкарыстоўваюць вялікія магчымасьці сваёй краіны.

Дракахруст: Уладзімер, а якое ваша тлумачэньне гэтай ізноў жа “агаворкі, а можа і не агаворкі”. Пуцін кажа «Вы ведаеце…», а я яму «Ты мне не задавай такіх пытаньняў»?

Падгол: З гэтай цытаты наконт іх стасункаў нічога не вынікае. Я нагадаю больш калярытную цытату, калі Лукашэнка сустракаўся ў Сочы зь Мядзьведзевым і Пуціным, а пасьля даў прэсавую канфэрэнцыю і сказаў: "У нас такія сяброўскія стасункі з Пуціным – ды мы шпалеры можа разам клеіць у хаце. Я яму кажу – прынясі гарбаты, ён нясе, ён мне скажа – прынясі гарбаты, я нясу".
У яго такія панібрацкія адносіны, для яго "тыкнуць" – гэта наблізіць чалавека. Гэта саўгасны мэнталітэт.

У залежнасьці ад сытуацыі Лукашэнка, як таленавіты актор і інтуітывіст-псыхоляг, ставіць спэктаклі. Адна з галоўных тэзаў усяго гэтага – ён лепшы, ён лепшы за Пуціна, ён лепшы за Мядзьведзева, ён лепшы за ўсіх гэтых дэмакратычных палітыкаў. Заўважце, што ён у гэтым інтэрвію кажа: "Мы знаходзімся ў абцугах – зьлева, на Захадзе, дэмакраты, справа, у Расеі, дэмакраты". Ягоны таталітарызм – найлепшая форма кіраваньня – ён фактычна так і заяўляе. І гэтым "ты-Вы" ён падкрэсьлівае, што і Пуцін прызнае яго веліч і перавагу.

Дракахруст: На Ваш погляд, наколькі пераканаўчымі для расейскага чытача пададуцца вэрсіі Лукашэнкі аб прычынах, паводле якіх Беларусь дагэтуль не прызнала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, і аб уступленьні Беларусі ва «Ўсходняе партнэрства»? Было сказана, што Лукашэнка – абхазкі герой, паколькі ў свой час не дапусьціў блякады Абхазіі, наконт Партнэрства, апроч іншага, было сказана «хіба кепска, калі ў заходнім лягеры будзе ваш саюзьнік, ваш чалавек»? Гэта пераконвае?

Падгол: Расейцам сёньня глыбока напляваць і на "Ўсходняе партнэрства", і на Абхазію з Паўднёвай Асэтыяй. Спыняюцца заводы, людзі штурмуюць гарадзкія мэрыі, ім няма што есьці. Ну пры чым тут "Усходняе партнэрства" і Абхазія з Асэтыяй? Яны ж з друку ведаюць, што ў гэтай Паўднёвай Асэтыі ў Какойты крадуць, і ўсё, што туды пастаўляецца, ізноў апынаецца на рынках Расеі.

Іншая справа – малакавайна. І Лукашэнка ў гэтым інтэрвію заяўляе: "Мне ўрад Расеі казаў – аддайце малаказаводы, тады будзеце прадаваць малако. А я сказаў – выліваць будзем, здохнем, але ня пойдзем на гэта".

Вось дзе кульмінацыя. Вы ж уявіце – малочныя рэкі Лукашэнка накіраваў у Расею, каб падкарміць рускі люд танным малаком, а Пуцін і каманда плаціны паставілі. Вось вобраз – Лукашэнка-карміцель, усю Расею можа накарміць больш танна, чым гэтыя алігархі. Вось што галоўнае для людзей. Ну, гэта мой погляд, можа, я памыляюся.

Лукашэнка – zoon politikon, “палітычная істота”, у яго шыкоўна разьвітыя інстынкты.
Вы ж уявіце – малочныя рэкі Лукашэнка накіраваў у Расею, а Пуцін і каманда плаціны паставілі.
І ён разумее, што калі ў Расеі далей так усё будзе працягвацца, калі яны пачнуць галадаваць, калі ў буйных гарадах пойдуць на штурм мэрыяў, усё, што ён казаў, на дысках, на дыскетах, па Інтэрнэце паляціць па ўсёй Расеі. Ён знойдзе свайго выбаршчыка, які скажа: "Далоў Пуціна зь Мядзьведзевым, давайце нам Лукашэнку". Можа, гэтага і ня будзе, можа , Расея выберацца з гэтай ямы. Але той палітык перамагае, які працуе па розных групах электарату. Прыйдзе зручны гістарычны момант –- гэта праявіцца. Не – дык не.

Я кожны дзень гляджу расейскія тэлеканалы. Ніводнага разу ніводзін канал не папракнуў Лукашэнку, што ён не прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Але сюжэту пра малако былі прысьвечаныя 5 хвілінаў у нядзельнай праграме "Время". І там даказвалі расейцам, што Беларусь парушае шмат чаго, на скрынках ня піша, што малако выраблена з сухога малака. Пра гэта ведаюць усе расейцы.

Але нядаўна дэлегацыя беларускага парлямэнту назірала за выбарамі ў Паўднёвай Асэтыі. Крок за крокам Лукашэнка паказвае – мы працуем і прыйдзем да гэтага прызнаньня.

Я ўпэўнены, што ў Расеі няма вобраза Лукашэнкі як ворага з-за таго, што ён пайшоў ува "Ўсходняе партнэрства" і з-за таго, што ён не прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Па "Ўсходнім партнэрстве" ён наагул раскрыў усе казырныя карты, і расейцам іх абсалютна няма чым біць. Ён кажа, што мы гандлюем з краінамі Эўразьвязу і маем там станоўчае сальда. Мы гандлюем з Расеяй – і ў мінусе на мільярды даляраў. Дык што – кажа ён – мне кінуць той прыбытак, які мы атрымліваем у краінах Зьвязу?

Сёньня прыкладна на 40% упаў продаж трактароў, аўтамабіляў, харчовых тавараў у Расею. Ну як тут яго абвінавачваць у тым , што ён ідзе ў Партнэрства? Ён ратуе свой народ.

І ён кажа, што і расейцы ж і крэдыты на Захадзе бяруць, і гандлююць з Захадам. А газ куды прадае "Газпром"? Ён жа корміць газам усе краіны ЭЗ. Дык што – лічыць "Газпром" здраднікам Расеі?
Лукашэнка для расейцаў – шыкоўны імпэрскі палітык, лепшы за Пуціна, лепшы за Мядзьведзева. Вось гэтая сытуацыя з "плацінай", якую Пуцін, Анішчанка і іншыя збудавалі на шляху "малочных рэкаў" – гэта наагул стварае выдатны вобраз: бацька хацеў накарміць, а яму не даюць.

Дракахруст: Леанід, а на ваш погляд – расейцаў пераканаюць тлумачэньні Лукашэнкі?

Радзіхоўскі: Па-першае, я ня думаю, што большасьці расейскіх грамадзянаў цікава, ці прызнае ён гэтую няшчасную Абхазію ці не прызнае. Мне здаецца, што для грамадзянаў Расеі гэта даўно страціла ўсялякае значэньне. Усё ж вар’ятаў сярод грамадзянаў Расеі няшмат, шчыра кажучы. Можа болей чым у іншых краінах, але прапарцыйна няшмат. А нармальныя людзі разумеюць, што прызнае Беларусь Абхазію і Паўднёвую Асэтыю ці не – якое гэта мае значэньне? Для каго гэта мае значэньне? Міжнароднага статусу гэтыя дзьве краіны не атрымаюць ніколі, іх ніколі не прызнае ніводная міжнародная арганізацыя. Таму адзіны сэнс у прызнаньні з боку Беларусі – толькі той, каб пасварыць дадаткова Лукашэнку з Захадам і паказаць, што ён, Лукашэнка, вымушаны выконваць усе прыхамаці Крамля. А гэта для большасьці расейскіх грамадзянаў ня так ужо і цікава. Для яго гэта цікава, а для большасьці расейцаў – не.

Тым болей нецікава, ці быў ён героем Абхазіі – якая ім розьніца. Што тычыцца другога пункту – заявы, што, маўляў, што ж кепскага, калі на Захадзе будзе ваш чалавек – гэта вельмі тыповая для Лукашэнкі заява. Абсалютна бессэнсоўны набор словаў, але набор словаў з эмацыянальным падтэкстам.

На тых людзей, якія схільныя надаваць увагу такім эмацыйным гульням, гэта можа паўзьдзейнічаць. На нармальнага чалавека гэта ніяк ня ўзьдзейнічае. Што такое “ваш чалавек”? Што гэта азначае ў перакладзе на расейскую мову? Ён што – выконвае загады Крамля? І, знаходзячыся ў нейкім партнэрстве з Захадам, ён будзе дзейнічаць па заданьні Крамля? Тайны агент-нелегал? Але людзі, схільныя з тых ці іншых прычынаў любіць Лукашэнку – за грошы, ці бясплатна, ці якія свой палітычны лёс зьвязалі зь ім і гадамі яго хваляць і адступаць ім ужо няма куды – вымушаныя гэтую лухту ўспрымаць як дастатковае тлумачэньне.

Праханаў – з такіх людзей, і яму ўжо няма куды падзецца. Ён 14 гадоў жыцьця прысьвяціў расповедам пра гераічнага Лукашэнку, якому супрацьстаяць маскоўскія лібэралы. Мяняць легенду ўжо позна.

Дракахруст: Вельмі цікавая асаблівасьць палемічнага стылю Лукашэнкі: апэляцыя да таямніцы, да сакрэту – сапраўднага ці ўяўнага – які ён адкрывае сваім суразмоўцам. А вы ведаеце, што пры Ельцыне Пуцін і Сьцяпашын напісалі сакрэтны ліст супраць саюзнай дамовы, а вы ведаеце што дзякуючы мне пры Шэварднадзэ не было блякады Абхазіі, а вы ведаеце, што Кудрын сваімі ацэнкамі беларускай эканомікі хацеў пасеяць паніку ў Беларусі і гэтак далей. Сьвет – змова, палітыка – змова, спэцапэрацыя, усё адбываецца паводле, так бы мовіць, тайных пратаколаў нейкіх мудрацоў – крамлёўскіх, заходніх ці яшчэ якіх. Гэта палемічны прыём ці палітычная філязофія?

Падгол: Гэта ня толькі філязофія, гэта жывёльны інстынкт самазахаваньня як палітыка. У чым тут сэнс? Зьяўляючыся дыктатарам звышаўтарытарнага кшталту, ён, кіруючы, пастаянна робіць глябальныя памылкі. Ну вось у гандлі ў Расеяй – пабудавана ж звыш сотні новых малаказаводаў.
Ён ўвесь час прыдумляе гэтыя таямніцы.
І што зь імі зараз рабіць? Яму трэба ўвесь час хаваць тое, што менавіта ён – прычына гэтых памылак. І ён увесь час прыдумляе гэтыя таямніцы, каб стварыць такую карціну сьвету, у якой ён заўжды беспамылковы, бясхібны, прымаў ідэальныя рашэньні. Гэтая таямнічасьць дазваляе яму ўвесь час гуляць спэктакль "I Am The Best" - я найлепшы. Чаму ж ён так змагаецца зь незалежнымі СМІ? Таму што яны адразу яго распранаюць. Там ты сказаў тое, а ў іншым месцы і часе – іншае.

Як у Кашчэя Неўміручага была іголка, дзе захоўвалася ягонае жыцьцё, якая там была схаваная ў розных жывёлах і птушках, гэтак у Лукашэнкі ягонае жыцьцё – у гэтай скрыні таямніцаў, якімі ён тлумачыць гістарычныя і палітычныя падзеі.

Вось ён сустрэнецца з Пуціным, і я ведаю, што праз пару дзён, максымум праз тыдзень, ён правядзе прэсавую канфэрэнцыю і раскажа, што там было. А Пуцін не раскажа. І атрымліваецца, што ён мае рацыю, што ён – ісьціна ў апошняй інстанцыі. Ён увесь час гэтым карыстаецца. Як адказаў Мядзьведзеў, калі Лукашэнка заявіў, што расейскі міністар Кудрын "кансалідаваўся зь беларускімі адмарозкамі, якія тут вякаюць"? Мядзьведзеў адказаў ветліва, не называючы прозьвішчаў, маўляў, мы сабе ніколі такога не дазвалялі... Ну і не дазваляйце. А Лукашэнка вам у пысу зьлева і ў пысу справа – атрымлівайце, хлопцы.

Дракахруст: Леанід, а як Вы тлумачыце гэту апэляцыю да нейкіх таямніцаў, сакрэтаў, якімі ўсё тлумачыцца?

Радзіхоўскі: Гэты стыль мысьленьня ўласьцівы і ягоным прыхільнікам у Расеі. Калі ўчынкі чалавека нельга патлумачыць звычайнай чалавечай лёгікай і фактамі, то застаецца тлумачыць эмоцыямі і патаемнымі “фактамі”. Ну напрыклад – чалавек кажа, што краіна, якой ён кіруе, хоча ўступіць ва “Ўсходняе партнэрства”. Усё зразумела – ён шукае магчымасьці наладзіць адносіны з Захадам, грошай прыдбаць, блякаду расьціснуць. Простае зразумелае чалавечае жаданьне. Але па ролі, якую ён на сябе ўзяў, яму трэба прадстаўляць зь сябе і ў вачах расейскай грамадзкай думкі, і ў вачах беларускай грамадзкай думкі, скрайняга антызаходніка. Але як ты яго прадставіш, калі ты відавочна хочаш наладжваць адносіны з Захадам? Вельмі проста. Наладжваючы гэтыя адносіны, я выступаю, як тайны агент Расеі, траянскі конь, узрываю Захад знутры. Акрамя таго, ёсьць яшчэ нейкія патаемныя сілы ўнутры Расеі, якія мне супрацьстаяць, і я змагаюся зь імі…

Найлепшая абарона – гэта наступ, замест таго, каб адказваць на непасрэдныя пытаньні, я пераводжу стрэлкі на нейкіх ворагаў унутры Расеі. Учынак, які насамрэч абсалютна нармальны для любога палітыка – спроба наладзіць адносіны з партнэрамі на Захадзе, але які не стасуецца з той роляй, якую разыгрывае Лукашэнка – гэты ўчынак выварочваецца, як пальчатка: я іду туды з мэтай узарваць іх знутры.

Такія звычайныя прыёмы палітычнай нядобрасумленнасьці: замест канкрэтных фактаў – агульныя эмацыйныя паняцьці, а замест простай чалавечай лёгікі – намёкі на патаемныя, ня ўсім вядомыя чыньнікі.

Дракахруст: А можа ён так бачыць сьвет?

Радзіхоўскі: Ну, крыху так і бачыць, відаць. Але я мяркую, што як ва ўсіх буйных дыктатараў, а Лукашэнка, безумоўна, буйны дыктатар, хаця і ў малой краіне, у яго спалучэньне: з аднаго боку – яснага, рацыянальнага, простага чалавечага мысьленьня, з другога боку – звышкаштоўных эмоцыяў, якія закліньваюць. І ён умее своечасова пераключаць тумблер. Інакш ты буйным, харызматычным дыктатарам і ня станеш, калі ў цябе няма такой здольнасьці.

Як любы вялікі актор, ты павінен верыць сам у тую гульню, у якую ты гуляеш, інакш ты ня здолееш згуляць так, каб іншыя паверылі. Але пры гэтым ты павінен выдатна разумець, што гэта ўсё ж такі гульня. Бо інакш ты наламаеш такіх дроваў, што яны ж на цябе і абрынуцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG