Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раньні прэзыдэнцкі старт


Незарэгістраваная партыя “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” вырашыла вылучыць свайго кандыдата для ўдзелу ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Раней пра магчымасьць свайго ўдзелу ў выбарах заяўлялі апазыцыйныя палітыкі Аляксандар Мілінкевіч і Лявон Баршчэўскі. Да выбараў застаецца паўтара года, але пэўнасьці наконт таго, якой будзе на іх апазыцыйная кааліцыя, пакуль няма.


Віталя Рымашэўскага прэтэндэнтам на ўдзел у наступных выбарах прэзыдэнта вылучыла нацыянальная канфэрэнцыя БХД, якая прайшла 23 траўня ў Менску. Адразу пасьля гэтага ён заявіў, што хоча правесьці перамовы зь іншымі прэтэндэнтамі на ўдзел у выбарах ад дэмакратычных сіл.

Віталь Рымашэўскі
“Мэта перамоваў зь іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі — гэта вылучэньне адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкіх сілаў Беларусі, ад дэмакратычных сілаў. Безумоўна, на наступныя выбары нам патрэбна аб’яднаць як мага большую колькасьць дэмакратычных сілаў і выступіць адзіным фронтам, каб пазыцыя грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай Беларусі была кансалідаваная і вакол асобы адзінага кандыдата, і, што больш важна, — вакол праграмы дзеяньняў, і тактычных, і стратэгічных”.

Да магчымых удзельнікаў правацэнтрысцкай кааліцыі, аб’яднанай на аснове агульных каштоўнасьцяў і сьветапогляду, Віталь Рымашэўскі, апрача БХД, адносіць БНФ, АГП, рух “За свабоду”.

Між тым у рамках апазыцыйнай кааліцыі, якая ўжо існуе, — Аб’яднаных дэмакратычных сіл — пэўны час распрацоўваецца мэханізм вылучэньня свайго адзінага кандыдата. Аднак лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі скептычна ставіцца да магчымасьці і гэтым разам абраць кандыдата ад АДС:

Лявон Баршчэўскі
“Таму што заявы Сяргея Калякіна па геапалітычных пытаньнях і заявы Анатоля Ляўковіча па ўнутрыпалітычных пытаньнях дыямэтральна супрацьлеглыя нашым уяўленьням. Я не ўяўляю, што можна на гэтай глебе выбраць адзінага кандыдата”.

Спадар Баршчэўскі не выключае свайго асабістага ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі і разумее неабходнасьць аб’яднаньня апазыцыйных высілкаў у складзе кааліцыі, але ён выступае за іншы яе фармат — “змагарны”:

“Гэта тыя, хто ня хоча праімітаваць чарговую кампанію, каб пасьля яе заняць нейкія пазыцыі, можа быць, у змове з уладай. Трэба дамагацца зьмены гэтага рэжыму з прычыны немагчымасьці ягонага рэфармаваньня”.

Менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што апазыцыя спазьняецца з вызначэньнем фармату свайго ўдзелу ў выбарах, стварэньнем кааліцыі і мэханізму вызначэньня адзінага кандыдата.

Аляксандар Класкоўскі
“Гэта трэба было рабіць учора ці нават пазаўчора. Таму што ўсе гульцы і ўсе асноўныя сілы на апазыцыйным полі вядомыя. Па ідэі, гэтую працу даўно можна было паставіць на нейкі цьвёрды грунт. Аднак я думаю, што тут адбіваецца сёньняшні крызісны стан апазыцыі, тое, што яна агаломшаная новым курсам Эўропы, новай сыстэмай каардынат, калі яна ўжо ня можа манапольна апэляваць да Захаду і знаходзіць там стоадсоткавае разуменьне. Гэтая сытуацыя выклікала крызіс і дадатковае разьмежаваньне ў апазыцыі — на такую цьвёрдакаменную яе частку і частку, умоўна кажучы, “канструктыўную”.

Нягледзячы на тактычныя і ідэйныя супярэчнасьці, на сёньня апазыцыйныя лідэры адзіныя ў тым, што для посьпеху трэба дамагацца ад уладаў зьменаў выбарчага заканадаўства і справядлівых умоваў для будучых выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG