Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму абвастраюцца супярэчнасьці ў апазыцыйным асяродзьдзі?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 22-га траўня.

Розныя падыходы да пытаньня правядзеньня кангрэсу праэўрапейскіх сілаў адлюстроўваюць сур’ёзныя рознагалосьсі ў апазыцыі. Ці адбываецца перафарматаваньне апазыцыйнай кааліцыі? Якія палітычныя аб’яднаньні ўзьнікнуць пад прэзыдэнцкія выбары? Ці зможа апазыцыя вылучыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты?

Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Мы” Кірыла Пазьняк і дырэктар зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі.

Валер Карбалевіч
Віталь Сіліцкі
Кірыла Пазьняк

Што стаіць за рознагалосьсем?

Валер Карбалевіч: “У апазыцыйным асяродзьдзі абвастрыліся рознагалосьсі па пытаньні, на першы погляд, даволі дзіўным: калі праводзіць кангрэс праэўрапейскіх сілаў? Рух „За свабоду“ на чале з Аляксандрам Мілінкевічам лічыць, што яго трэба праводзіць увосень. А сем іншых суб’ектаў прапаноўваюць правесьці яго 21 чэрвеня. Галоўны генэратар гэтай ідэі — „Эўрапейская кааліцыя“, ад імя якой выступае Мікола Статкевіч. Што стаіць за гэтымі рознагалосьсямі? Гэта перафарматаваньне, рэструктурызацыя апазыцыйнай кааліцыі ці гэта тузаніна апазыцыйных тусовак?”

Кірыла Пазьняк: “Найперш, адзначыў бы асабістыя амбіцыі двух палітыкаў. А перафарматаваньне сапраўды адбываецца і ідзе па некалькіх кірунках. Па-першае, гэта геапалітычная арыентацыя (Расея — Эўропа). Па-другое, левыя — правыя. Па-трэцяе, сыстэмная — вулічная апазыцыя. Вось праэўрапейская апазыцыя якраз падзяляецца на сыстэмную і вулічную. Мілінкевіч — прадстаўнік першай плыні, а Статкевіч — другой.

Што тычыцца спрэчак пра дату кангрэсу праэўрапейскіх сілаў, то гэта імкненьне заслупаваць месца кандыдата ў прэзыдэнты. Думаю, пройдуць абодва кангрэсы. Але той форум, які зьбіраецца ладзіць Мілінкевіч, будзе больш прадстаўнічым.

Рух “За свабоду” палічыў правядзеньне кангрэсу 21 чэрвеня для сябе пасткай.
Што такое “Эўрапейская кааліцыя? Гэта “Малады фронт”, арганізацыя Сіўчыка “Разам”, “Народная грамада” Статкевіча, Партыя свабоды і прагрэсу Навасяда. Ніводная з арганізацый не зарэгістраваная ў Беларусі, невядома, як яны структурна аформленыя.

Астатнія арганізацыі, якія ня супраць удзельнічаць у кангрэсе 21 чэрвеня, — АГП, БНФ і БХД. Думаю, дзьве першыя ўстрымаюцца і застануцца ў рэчышчы АДС, а БХД падтрымае Мілінкевіча.

Рух “За свабоду” палічыў правядзеньне кангрэсу 21 чэрвеня для сябе пасткай. Бо яго рашэньні непрадказальныя, некантраляваныя. Таму што Статкевіч прапаноўвае: хай прыходзіць, хто хоча. То бок — спаборніцтва, хто больш прывядзе людзей і хто каго перакрычыць”.

Віртуальная барацьба

Віталь Сіліцкі: “Палітычная тусоўка, якая цяпер гуляе на апазыцыйным полі, дагулялася да таго, што сур’ёзныя людзі ня могуць ставіцца да гэтага безь нейкай пагарды.
Палітычная тусоўка, якая цяпер гуляе на апазыцыйным полі, дагулялася да таго, што сур’ёзныя людзі ня могуць ставіцца да гэтага безь нейкай пагарды.
Тут я ўжо кажу не як аналітык, а як грамадзянін.

Палітычных разыходжаньняў паміж Мілінкевічам і Статкевічам няма. А цяпер ідзе проста барацьба за месца на тым віртуальным сэгмэнце палітычнага поля, які існуе ў іх уяўленьнях. І гэтыя спадары калісьці выступалі супраць традыцыйнай апазыцыі, АДС, таму што яна вядзе дрэнную гульню. А самі туды ж. Проста дасталі“.

Карбалевіч: “Пытаньне пра тое, хто будзе кандыдатам у прэзыдэнты, вельмі сур’ёзнае, больш важнае, чым палітычныя рознагалосьсі”.

Сіліцкі: “Людзі, якія паводзяць сябе так, не ўвасабляюць сабой ніякай надзеі, не даюць шанцаў на тое, што ў выніку прэзыдэнцкіх выбараў адбудуцца нейкія зьмены. Вось сп. Пазьняк тут назваў шмат палітычных арганізацый. А колькі выходзіць на вуліцу? Амаль 500 чалавек. Тыя працэсы, якія адбываюцца ў апазыцыі, адштурхоўваюць ад таго, каб выходзіць на вуліцу”.

Пазыцыя АДС

Карбалевіч: “Зразумелая стратэгія Мілінкевіча. Ён хоча правесьці свой кангрэс праэўрапейскіх сілаў, на якім яго вылучаць кандыдатам у прэзыдэнты. Менш зразумелы, але таксама даволі празрысты намер Статкевіча. Ён хоча, каб кангрэс, які адбудзецца 21 чэрвеня, вылучыў кандыдатам у прэзыдэнты яго.

Пазыцыя іншых суб’ектаў менш зразумелая. Партыі БНФ і БХД будуць вылучаць сваіх партыйных кандыдатаў. Тады які сэнс ім удзельнічаць у гэтым кангрэсе 21 чэрвеня, які Мікола відавочна зьбірае пад сябе?“

Пазьняк: “Калі разважаць лёгікай сп. Сіліцкага, то кандыдаты ад БНФ і БХД яшчэ слабейшыя, чым той жа Мілінкевіч. Вылучэньне кандыдатаў ад партый — гэта проста спосаб „засьвяціцца“, пагуляць у перадвыбарчых сцэнарах, даражэй „прадаць“ сваю структуру”.

Карбалевіч: “А што адбываецца на левым флянгу апазыцыі? Вось сп. Калякін, які зьбіраецца адмовіцца ад слова „камуністычная“ ў назьве сваёй партыі, відавочна выказвае прэтэнзію стаць кандыдатам у прэзыдэнты. Але хто яго саюзьнікі, на каго ён зьбіраецца абапірацца? Хіба што Беларуская партыя працы — і ўсё. Таму што ў БСДП „Грамада“ адбываюцца дзіўныя і незразумелыя працэсы”.

Пазьняк: “Думаю, у АДС расколу на левых і правых не адбудзецца. Бо ўсім суб’ектам жыцьцёва важна захаваць кааліцыю. Таму, верагодна, яны пойдуць на выбары камандай. Кампраміснай фігурай на пасаду кандыдата ў прэзыдэнты можа стаць Лябедзька, а Калякін — у якасьці кандыдата ў прэм’еры”.

Сытуацыя на левым флянгу


Сіліцкі: “Што такое “левыя сілы”? Я разумею, што такое левая ідэалёгія. Але падзелы на левых і правых ніяк не адлюстроўваюць падзелаў у беларускім грамадзтве. Бо яно не падзеленае паводле ідэалёгіяў.

Можна, вядома, аб’яднаць некалькі палітычных клюбаў, якія лічаць сябе левымі сіламі, і вылучыць кандыдата. Але што ён будзе адлюстроўваць? Спэктар пэўнай палітычнай субкультуры?

У нас існуюць дзьве рэчаіснасьці. Адна рэчаіснасьць — гэта палітычнае поле, кантраляванае дзяржавай. Яно ахоплівае рэальныя праблемы, якія хвалююць людзей. Другая рэчаіснасьць — гэта віртуальнае поле, якое разьбітае на кавалкі субкультуры. І гэтыя два палі не перасякаюцца. Мы ў ХХІ стагодзьдзі кажам пра палітычныя ідэалёгіі ХІХ стагодзьдзя. Прычым у сыстэме, дзе фармаваньне палітычнага поля эвалюцыйным эўрапейскім шляхам не ішло.

Хто ў нас з палітыкаў дарос да статусу палітычнага брэнду?
Можа быць істотным пытаньнем праблема геапалітычнай арыентацыі. Вось ва Ўкраіне па такім пытаньні якраз фармуецца палітычная сфэра. Але ў нас і гэтую лінію пасьпелі сьцерці, пачаўшы валтузьню на эўрапейскім флянгу”.

Карбалевіч: “Вось сёньня Калякін заявіў, што Беларусі трэба прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. То бок ясна вызначыў сваю геапалітычную арыентацыю”.

Сіліцкі: “Але гэта не пытаньне левай ці правай палітыкі. Гэта пазыцыянаваньне Калякіна адносна патэнцыйных спонсараў яго будучай перадвыбарчай кампаніі.

Хто ў нас з палітыкаў дарос да статусу палітычнага брэнду? Канечне, найперш Лукашэнка. Пазьняк, які ўвасабляў брэнд нацыянальнай ідэі плюс меў уласную харызму. Можа, трошкі дацягнуў Мілінкевіч. Каб палітык ператварыўся ў брэнд, трэба моцная ўласная харызма, альбо моцная ідэя, альбо спалучэньне двух гэтых чыньнікаў. Плюс падтрымка рэальных грамадзкіх структур, рэальных інтарэсаў. Што тычыцца Калякіна, то шмат будзе залежаць ад мэнэджэрскіх якасьцяў, вонкавай падтрымкі“.

Ці зможа апазыцыя вылучыць адзінага кандыдата?

Карбалевіч: “Наколькі верагодна вылучэньне адзінага кандыдата ад апазыцыйных сілаў?

Пазьняк: “Адзіны кандыдат можа быць толькі ў адным выпадку. Калі толькі адзін з вылучаных прэтэндэнтаў зьбярэ патрэбныя 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў. А на старце іх будзе больш, чым на мінулых выбарах”.

Сіліцкі: “З
Штучнае аб’яднаньне — горшае, чым джэнтэльмэнскае пагадненьне двух кандыдатаў.
практыкі можна зрабіць выснову, што сабраць 100 тыс. подпісаў здольныя ня больш як два кандыдаты. Думаю, столькі і будзе. Падзел паміж імі пойдзе па пытаньні ўзаемаадносінаў з уладай. Адзін будзе ўвасабляць бескампрамісны, змагарскі, ідэалягічны, каштоўнасны падыход, які грунтуецца на прынцыпе: „нельга служыць цару Іраду“. Другі, наадварот, будзе гатовы да прагматызму, магчыма, падтрымкі ўлады ў пэўных пытаньнях. Ня думаю, што гэтага падзелу варта пазьбягаць. Бо досьвед вылучэньня адзінага кандыдата ў 2001 годзе паказвае, што штучнае аб’яднаньне — горшае, чым джэнтэльмэнскае пагадненьне двух кандыдатаў”.

Карбалевіч: “Вы кажаце, што адзіны кандыдат (ці два кандыдаты) вызначыцца толькі пасьля збору подпісаў. Але гэта адбудзецца толькі за тры тыдні да галасаваньня. Ці можна лічыць гэта ўвогуле вылучэньнем адзінага кандыдата? Бо казаць пра адзінага кандыдата можна толькі ў тым выпадку, калі ён вызначаны за некалькі месяцаў да выбараў. Толькі ў гэтым выпадку магчыма разгортваньне вакол яго сур’ёзнай перадвыбарчай кампаніі”.

Сіліцкі: “Я і кажу, што адзінага кандыдата ня будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG