Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можна паабяцаць прыхільнікам дэмакратаў?


Грамадзкі рэдактар тыдня Сяргей Скрабец нарадзіўся ў Лідзе, яму 46 гадоў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі другога скліканьня, узначальваў апазыцыйную дэпутацкую групу “Рэспубліка”.

У 2007-2008 гадах актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускай сацыял дэмакратычнай Грамады — абіраўся сябрам Цэнтральнай Рады, кіраваў сталічнай суполкай, працаваў першым намесьнікам старшыні партыі.

Ад сёлетняга сакавіка Сяргей Скрабец зьяўляецца старшынёй Цэнтральнага Аргкамітэту БСДП(С) — Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода”.
Другога красавіка мы правялі арганізацыйны камітэт па стварэньні Сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода”.

Асноўныя пытаньні, якія абмяркоўваліся, — гэта падрыхтоўка да устаноўчага зьезду, які намечаны на канец сёлетняга верасьня. Цяпер мы актыўна займаемся партыйным будаўніцтвам, аднак гэта ў сёньняшніх умовах дужа няпроста.


Можна паспрабаваць мадэляваць сытуацыю, зь якой сутыкаемся ў рэгіёнах.

У цяперашніх умовах крызісу і татальнага беспрацоўя многія людзі жадаюць памяняць існы рэжым на больш дэмакратычны. Возьмем звычайнага шарагоўца, які хацеў бы паўдзельнічаць у палітыцы ня толькі раз на чатыры гады, прыходзячы на выбарчы ўчастак. Мы прапануем яму ўступіць у партыю. Ён знаёміцца з праграмай, статутам, яму ўсё падабаецца…

Тым ня менш усё роўна пытаецца: а што мне за гэта будзе?

Што можна паабяцаць такому чалавеку, апроч непрыемнасьцяў? Практычна нічога.

Таму што мы рэалісты і разумеем: сёньня немагчыма адхіліць нелегітымнага Лукашэнку ад улады шляхам выбараў.

У нас у дзяржаўнай кіруючай эліце — каля 20 тысяч працоўных месцаў. І пры зьмене ўлады патрабуецца вялізная каманда аднадумцаў — адукаваных спэцыялістаў, здольных памяняць судовую, выканаўчую і заканадаўчую ўладу.

Для гэтага і патрабуецца партыя, якая мусіць налічваць мінімум 20 тысяч сябраў.

Аднак калі гэта тлумачыш шарагоўцу, ён, натуральна, ня верыць ні ў сьветлую будучыню, ні ў зьмену палітычнай сыстэмы, таму мы вымушаныя арыентавацца ў асноўным на моладзь.

Рухавiком дэмакратычных зьменаў у краіне могуць быць толькі сацыяльна актыўныя слаі грамадзтва. У першую чаргу тыя грамадзяне Беларусі, якія ўжо зрабілі свой выбар на карысьць дэмакратыі эўрапейскага выбару Беларусі.

Патэнцыйныя прыхільнікі пераменаў — найбольш маладая адукаваная частка нацыі. Менавіта гэты слой беларускага соцыюму найлепш інфармаваны аб жыцьці ў дэмакратычных краінах, найбольш адмоўна ставіцца да рэжыму, які пазбаўляе іх уласных пэрспэктываў, нахабна прысвойвае ўладу ў краіне і цынічна хлусіць свайму народу. Маладыя людзі найбольш актыўныя ды здольныя да хуткай мабілізацыі.

Уласную зацікаўленасьць у дэмакратызацыі мае малы і частка сярэдняга бізнэсу. Эканамічная палітыка рэжыму пазбаўляе не кантралюемы ім сэктар эканомікі магчымасьці разьвіцьця. Але, зь іншага боку, страх згубіць сваую справу стрымлівае яго прадстаўнікоў ад палітычнай актыўнасьці.

Вялікая папулярнасьць палітычных і эканамічных свабодаў сярод работнікаў прыватных прадпрыемстваў, таксама зацікаўленых у разьняволеньні эканомікі.

Папулярныя дэмакраты таксама ў асяродку інтэлігенцыі, жыхароў сталіцы і буйных гарадоў, якія маюць большы доступ да альтэрнатыўнай афіцыйным крыніцам інфармацыі. Але іхняя палітычная актыўнасьць стрымліваецца страхам рэпрэсій і страты працы.

Усё больш настойліва заяўляюць пра сябе ў грамадзкімі жыцьці краіны хрысьціянскія грамады.

Пералічаныя сацыяльныя слаі і групы зьяўляюцца патэнцыялам дэмакратыі. Яны могуць зрабіцца рухаючай сілай дэмакратычных пераменаў. Менавіта гэтыя слаі і групы павінны зрабіцца першапачатковым аб’ектам агітацыйнай, арганізацыйнай дзейнасьці дэмакратычных сілаў. Апазыцыі неабходна спачатку заваяваць іх давер і падтрымку, а потым актывізаваць і мабілізаваць для дзеяньня на карысьць дэмакратыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG