Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францішак Скарына – некананізаваны сьвяты?


Аляксандар Ярашэвіч
Аляксандар Ярашэвіч

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 12 красавіка


Першыя абразы – як аб’екты рэлігійнага ўшанаваньня – зьявіліся на землях сучаснай Беларусі прыканцы Х стагодзьдзя. У ХІ стагодзьдзі іх прывозілі зь Бізантыі, у ХVІ – узьнікла беларуская іканапісная школа, у ХVІІ абразы баранілі нашы гарады ад захопнікаў, а ў стагодзьдзі ХХ іх публічна палілі ў Менску на Саборнай плошчы. Пра беларускія абразы мы гутарым з дасьледчыкам сакральнага мастацтва Аляксандрам Ярашэвічам.

Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Спадар Аляксандар, Беларусь – памежная краіна паміж пераважна каталіцкім Захадам ды праваслаўным Усходам. Неаднойчы палітыкі ды царкоўнікі з абодвух бакоў стараліся схіліць беларусаў на свой бок. Нас шмат што разьядноўвае з рэлігійнага гледзішча, пачынаючы ад календара. А ці ёсьць абразы, якія аднолькава шануюцца і праваслаўнымі, і каталікамі, і – такім чынам служаць экумэнічнаму зьбліжэньню вернікаў?”

Аляксандар Ярашэвіч: “Безумоўна, ёсьць такія абразы, і самы лепшы прыклад – Маці Божая Чанстахоўская. Рэч у тым, што супрацьпастаўленьне ўсходняга праваслаўнага і заходняга рымскага іканапісу мае сэнс толькі адносна новага часу, пачынаючы ад эпохі Рэнэсансу. Калі ўзяць раньнехрысьціянскія часы, то мноства бізантыйскіх, канстантынопальскіх абразоў трапіла ў Рым і ў Паўднёвую Італію. Такім узорам зьяўляецца, напрыклад, Маці Божая Сьнежная. Гэта бізантыйскі абраз Маці Божай Адзігітрыі, які знаходзіцца ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ ў Рыме. Да нас ягоныя копіі трапілі з Рыму, і адбылося гэта ў часы Контррэфармацыі, у прыватнасьці, езуіты прывезьлі іх на тэрыторыю сёньняшняй Украіны. Па іх просьбе было напісана пяць копій, а ўжо зь іх пісаліся дзясяткі абразоў, якія і сёньня можна спаткаць у беларускіх храмах”.

Скобла: “Вы апісалі каля чатырох дзясяткаў абразоў Маці Божай Сьнежнай. А дзе іх больш – у касьцёлах ці цэрквах?”

Ярашэвіч: “Можа быць, іх трошкі больш у касьцёлах. Але прыкладна – пяцьдзесят на пяцьдзесят”.

Скобла: “Усе чулі пра ацаляльную сілу абразоў. Менш вядомы “ўдзел абразоў” у ваенных канфліктах. Ці ведаеце вы такія выпадкі, калі абраз дапамагаў там, дзе аказвалася бясьсільным войска?”

Ярашэвіч: “Такія выпадкі вядомыя – асабліва з часоў Невядомай вайны (як яе назваў Генадзь Сагановіч). Уявіце сабе – у 1651 годзе кароль Ян Казімер, можна сказаць, адмовіўся ад Рэчы Паспалітай і аддаў яе пад апеку Маці Божай. Урачысты малебен з гэтай нагоды адбыўся ў Львове, у касьцёле дамініканцаў. І тут пачалося… Адбылася знакамітая абарона Яснагорскага кляштару, калі праславіўся абраз Маці Божай Чанстахоўскай. Да гэтага мала хто пра яго ведаў. А тут сталася так, што ўсе навакольныя замкі швэдамі былі занятыя, а адзін кляштар, не асабліва добра ўзброены, не здаваўся. Цікавы факт: кіраваў абаронай не ваеначальнік, а ксёндз Аўгустын Кардэцкі.

А ў нас такі самы выпадак адбыўся зь Ляхавіцкай крэпасьцю, дзе знайшла сабе прытулак Маці Божая Бялыніцкая. Два месяцы маскоўскі ваявода Хаванскі асаджаў Ляхавічы. Спачатку, як пішуць гісторыкі, ён сьмяяўся, гледзячы на крэпасьць: гэтую скрынку я вазьму зь першага бою! А потым штурмаваў-штурмаваў, і нічога не атрымалася. Ляхавіцкую крэпасьць Хаванскі ня ўзяў, пайшоў далей і быў разьбіты Чарнецкім пад Палонкай. Таксама лічыцца, што дапамагла нябесная апека Маці Божай Бялыніцкай”.

Скобла: “Вы па асноўнай адукацыі, здаецца, фізык. Што вы думаеце пра міраточаньне абразоў – менавіта як фізык?”

Ярашэвіч: “Як фізык я магу сказаць, што калі Ўсявышні захоча праявіць сілу нейкага абраза, яго цудадзейнасьць, то Ён падзейнічае праз фізычныя законы. Ён зробіць нешта такое ў атмасфэры, тэмпэратуру зьменіць і г.д. І нейкае рэчыва на іконе можа выступіць. Як фізык я гэта дапускаю. Гэтым самым Усявышні нешта хоча сказаць людзям. Што ў гэты час адбываецца з абразом? Трэба ўзяць хімічны аналіз і пацьвердзіць, што гэта сапраўды міра, а не якая-небудзь раса. І падобнае, мне здаецца, рабілася. У апошнія гады вельмі папулярнай стала Маці Божая Манрэальская, якая міраточыла. Відаць, там навукоўцы да яе дабраліся. Ведаю дакладна, што ў Кіеве на шкле аднаго з абразоў зьявіўся адбітак аблічча Маці Божай. Кіеўскія навукоўцы прааналізавалі гэтую выяву і прыйшлі да высновы, што сапраўды адбылася дыфузія слоя фарбы на шкло. Але дыфузія ўсё гэта размазала б, а там адбілася канкрэтная выява. І навукоўцы сказалі, што ня могуць гэта растлумачыць, толькі зафіксавалі факт”.

Скобла: “Не заўсёды мастак ведае, што стварае абраз. Як мае адбывацца ператварэньне твора мастацтва ў твор сакральны, якому пакланяюцца?”

Ярашэвіч: “Сакральны твор звычайна ствараецца для сакральнай прасторы, для царквы, для касьцёла. Хоць, сапраўды, не заўсёды так адбываецца. Хто ня ведае знакамітай “Апошняй вячэры” Леанарда да Вінчы? Гэтая фрэска была напісана на сьцяне трапезнай Міланскага кляштару. Там было ўсё вельмі лягічна прадумана і разьмешчана адносна фрэскі. Абат падчас трапезы сядзеў у супрацьлеглым канцы стала, манахі – абапал, па бакавых сьценках. Атрымлівалася, што яны бачылі апошнюю вячэру Хрыста, калі вячэралі самі”.

Скобла: “І адчувалі сябе ўдзельнікамі тае вячэры”.

Ярашэвіч: “Так. Сама па сабе апошняя вячэра – гэта сымбаль эўхарыстыі, таму гэта абавязковы абраз у іканастасе праваслаўнай царквы. Звычайна ён вісіць проста над Царскай брамай. Не абавязкова копія зь Леанарда, але – сюжэт апошняй вячэры як сымбаль эўхарыстыі”.

Скобла: “Часам можна пачуць пра старажытнарускую іканапісную школу, пра Андрэя Рублёва, Феафана Грэка. А ёсьць жа і беларуская школа. У чым яе асаблівасьці?”

Ярашэвіч: “Шкада, што мы ня маем такіх старажытных мастакоў, як Андрэй Рублёў ці Феафан Грэк. Альбо – проста ня ведаем пра іх існаваньне. Ад іх можна было б адлічваць пачатак беларускай школы. А так, шчыра кажучы, гаварыць пра беларускую іканапісную школу складана. Мяркуйце самі, ніводнага старога абраза не засталося ад найбуйнейшых беларускіх гарадоў – ад Вільні, Полацка, Віцебска, Горадні. Няма старажытных абразоў. Нашы высновы пра беларускую іканапісную школу пабудаваныя на вельмі сьціплым матэрыяле, трэба шчыра прызнацца. І пераважна гэта абразы зь вясковых цэркваў. Больш за ўсе гарады, як ні дзіўна, пашанцавала Берасьцю. Там, калі будавалі крэпасьць, зносілі стары горад, і перадавалі іконы ў вясковыя цэрквы. І вось тады шэдэўры іканапісу сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя аказаліся ў вясковых храмах вакол Берасьця. Напрыклад, вядомыя маларыцкія абразы.

Калі ўсё ж гаварыць пра беларускую іканапісную школу, то яна пабудаваная на ўзаемадзеяньні старажытнай бізантыйскай асновы і мастацтва эўрапейскага Рэнэсансу. На абразах беларускай школы захоўваецца іканаграфія, захоўваюцца ўсе сюжэты, але эвангельскія пэрсанажы надзяляюцца прывычнымі чалавечымі рысамі. І пры тым, рысамі беларускага тыпажу. Гэта не арабы, ня негры, не скандынавы сьветлавалосыя, гэта сапраўды наш тыпаж”.

Скобла: “У мяне дзед па кудзелі быў баптыстам і не трымаў у хаце абразоў. Замест іх на покуці вісела аздобленае прыгожай рамай выслоўе: “Славьте Господа, ибо Он благ, ибо вовек милость Его”. Патлумачце, у чым сэнс іканаборства?”

Ярашэвіч: “Працяглы пэрыяд іканаборства вядомы яшчэ з гісторыі Бізантыі. Думаю, тут падмешвалася палітыка. Таму што загад нішчыць выявы сьвятых у Канстантынопалі аддаў імпэратар Леў ІІІ. Яшчэ дарэвалюцыйныя царкоўныя гісторыкі пішуць, што ў яго была ідэя хрысьціянізаваць мусульманаў і юдэяў. А паколькі мусульмане і юдэі не прызнавалі выяваў Бога, то імпэратар, нібыта зь лепшымі намерамі, каб пашырыць хрысьціянства, аб’явіў вайну абразам. Другі прыклад вайны з абразамі меў месца ў эпоху Рэфармацыі. Як мастацтвазнаўца мушу сказаць, што гэта вельмі не спрыяла разьвіцьцю мастацтва. Дзе старажытныя францускія ці ангельскія абразы? Няма. У Нямеччыне іх таксама захавалася не асабліва шмат. У чым яшчэ сэнс іканаборства? Мне здаецца, што тут праяўляецца пэўны капіталізм. Гэта імкненьне зрабіць царкву больш таннай”.

Скобла: “А можа, дзейнічае прынцып: “Не сатвары сабе куміра?”

Ярашэвіч: “Так, іканаборцы спасылаліся і на гэта. З другога боку, яны гаварылі, маўляў, мы ня можам маляваць Бога, бо Яго ж аніхто ня бачыў. Але ж Бог сатварыў чалавека на свой вобраз і падабенства сваё. Так што ёсьць падказка, якім Яго маляваць”.

Скобла: “Самы незвычайны абраз мне давялося бачыць у вёсцы Гудзевічы на Мастоўшчыне, у хаце Алеся Белакоза. На покуці, ахінуты ручніком-набожнікам, – партрэт Францішка Скарыны. Перад ім – лямпадка. Усё як трэба. На вашу думку, як трэба ставіцца да падобных рэчаў?”

Ярашэвіч: “Я стаўлюся з разуменьнем. Бо тое, што зрабіў Францішак Скарына, заслугоўвае кананізацыі. Паглядзіце, Максіма Грэка, вядомага перакладчыка грэцкіх тэкстаў у Расеі ў ХVІ стагодзьдзі, кананізавалі. Праўда, нядаўна. Можа быць, і наш Скарына калі-небудзь дачакаецца кананізацыі. Я ня бачу ў тым аніякага граху, што Алесь Белакоз сьвечку запальвае перад партрэтам Скарыны”.

Скобла: “У Курапатах ёсьць камень, на якім невядомым мастаком напісаны абраз Ісуса Хрыста. Абраз Маці Божай Чарнобыльскай па традыцыі нясуць на чале Чарнобыльскага шляху. Але не спыняюцца перад абразамі ні вандалы ў Курапатах, ні амонаўцы на менскіх вуліцах. Міжволі напрошваецца пытаньне: няўжо 2000 гадоў хрысьціянства прайшлі дарэмна?”

Ярашэвіч: “Ну, дарэмна не прайшлі, гэта пэўна. А што да вандалаў, то яны былі заўсёды. Чаму яны павінны раптам зьнікнуць? Пачакаем. Час ідзе, праяваў вандалізму ў сьвеце меншае. Ужо які быў вандалізм у канцы 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя!”

Скобла: “Я цэрквы закрываў, я абразы паліў”, – пакаяльна пісаў Пімен Панчанка пра сваю камсамольскую маладосьць”.

Ярашэвіч: “І гэта не рыторыка, так яно насамрэч было. Тагачасныя газэты з радасьцю пісалі, як у Менску на Саборную плошчу ідуць дэманстрацыі працоўных, нясуць абразы і кідаюць іх у агонь... У нас быў выдатны цэнтар іканапісу – Слуцак. Ёсьць апісаньне цэркваў і прыходаў Менскай епархіі 1879 году. Па пяцьдзесят старажытных слуцкіх абразоў у цэрквах было! А цяпер мы маем толькі два слуцкіх абразы. Іх пасьпелі выхапіць з агню музэйшчыкі. Дзякуй Богу, сёньня абразы ня паляць на вогнішчах. Значыць, мы рухаемся па цывілізаваным шляху ў адваротным кірунку ад вандалізму”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG