Дашчынскі: “Паводле расейскіх мэдыяў, амаль два тыдні таму А.Лукашэнка падчас сустрэчы зь Дз.Мядзьведзевым паабяцаў вырашыць пытаньне аб прызнаньні самаабвешчаных Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Аднак пакуль гэтага не зрабіў. У расейскім Міністэрстве замежных спраў цьвердзяць, што гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца зь беларускімі ўладамі бліжэйшым часам. Чым жа выклікана неабходнасьць новых “асабістых кантактаў”?
Пазьняк: “Вынікі апошніх сустрэчаў паказваюць, што найбольш сур’ёзныя праблемы, якімі занепакоеныя абодва бакі, вырашаюцца вельмі марудна. Яны найперш тычацца эканомікі — вакол наданьня бонусаў, прэфэрэнцыяў, крэдытаў. Вядома, гэтая інтрыга завязваецца і на шэраг пытаньняў палітычнага і ваенна-палітычнага характару. Можна чакаць, што Расея будзе выразна ўздымаць пытаньне аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. І можна чакаць пакетных падыходаў з боку Менску. Беларуская эканоміка, відаць, пачынае ўступаць у фазу вельмі сур’ёзнага крызісу, і тут надзея на Расею. І на заднім пляне будзе знаходзіцца новы элемэнт двухбаковых стасункаў, якія пачаў турбаваць Маскву — гэта інтэнсыфікацыя дачыненьняў Менску з Брусэлем і, між іншым, пэрспэктывы ўдзелу Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве”.
Дашчынскі. “Магчыма, у зьвязку з праграмай “Усходняга партнэрства” менавіта цяпер Расея і ўзмацняе ціск на афіцыйны Менск у справе прызнаньня самаабвешчаных тэрыторый?”
Пазьняк: “Пры важнасьці таго, што давер паміж хаўрусьнікамі будуецца на выкананьні абавязаньняў — а менавіта гэтага не назіралася з абодвух бакоў — гэта магло прымусіць паставіць пытаньне рубам. Аднак прызнаньне Менскам мяцежных правінцый у геапалітычным пляне зьмяняе няшмат. Але гэта момант, які мае далікатную падаплёку ў новым трохкутніку Брусэль — Менск — Масква. Для Эўразьвязу прызнаньне Менскам гэтых тэрыторый напярэдадні саміту ў Празе можа выклікаць ускладненьне двухбаковых дачыненьняў. Гэты трохкутнік мае вельмі напружаныя бакі ў сфэры даверу — наколькі кожны бок можа давяраць другому. Аднак, нават калі Расея вельмі жорстка паставіць гэтае пытаньне прызнаньня, ніякіх радыкальных крокаў з боку Менску да 7 траўня ня будзе. Але я вельмі сумняюся, што гэта адбудзецца і пасьля. Гэта можа адбыцца толькі пры ўмове вельмі сур’ёзнага абмену такога рашэньня Менску на эканамічныя датацыі з боку Масквы”.
Дашчынскі. “Расея зноў паказвае гатоўнасьць выдзеліць Беларусі новыя крэдыты. Спачатку нібыта адмовілі ў крэдыце на 100 мільярдаў расейскіх рублёў. І адразу ж узяліся разглядаць заяўку на 2 мільярды даляраў. Але Беларусь ужо пазычыла значную суму ў Расеі — больш за тры мільярды даляраў. Чым пагражае рост такой крэдытнай залежнасьці?”
Пазьняк: “Усялякая запазычанасьць дзяржавы, асабліва такая, ды яшчэ яе ўзрастаньне, у пэрспэктыве будзе рызыкай, небясьпекай і пагрозай. Гэта элемэнт залежнасьці Беларусі ад Расеі. І гэты комплекс залежнасьці пачаў расьці, у тым ліку і ў пляне ваенна-палітычным. Падчас апошніх перамоваў паміж Масквой і Менскам праходзіла і тэма гандлю “фамільным срэбрам”. А гэта прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу і нават малаказаводы. Гэты ўсебаковы ціск з боку Масквы на Беларусь вельмі рызыкоўны. Працяг саступак у прэфэрэнцыях і продажы ўласнасьці расейскім партнэрам стварае рэальную пагрозу незалежнасьці Беларусі. Таму стаўкі вельмі вялікія. Тое, на што пойдзе цяпер афіцыйны Менск, будзе вызначаць дынаміку дачыненьняў на гады”.