Пляцоўкі Менскага аўтамабільнага заводу перапоўненыя грузавікамі. самазваламі. Паводле Валянціна Лопана, колішняга памочніка гендырэктара МАЗа, гэта самая непрыемная сытуацыя для любога прадпрыемства — замарожваньне абаротных сродкаў. Чым больш назапашваецца нерэалізаванай прадукцыі, тым меней магчымасьцяў для разьвіцьця. Да таго ж істотна павялічваюцца выдаткі на захаваньне тавару:
“Калі запасы растуць, то ў прадпрыемстваў сваіх плошчаў, як правіла, не хапае. Яны пачынаюць шукаць дзесьці на баку, нейкія пляцоўкі арандаваць. Ну і апрача таго, залежна ад рынку таварнай прадукцыі, колькі яшчэ гэта прастаіць — невядома. Таму што попыт на ўсіх рынках падае і прагноз пакуль пэсымістычны, што гэта хутка ўдасца распрадаць. Гэта будзе распрадавацца цягам яшчэ вельмі доўгага часу. Таму вось гэтыя, фактычна замарожаныя грошы будуць яшчэ доўга там бяз працы знаходзіцца”.
разгрузіць склады дапамог ажыятаж у першыя пасьля дэвальвацыі...
Пра затаварваньне тэрыторыі расказваюць і супрацоўнікі менскага заводу “Атлант”. У значнай ступені разгрузіць склады дапамог ажыятаж у першыя дні новага году, калі пасьля дэвальвацыі людзі без разбору скуплялі тэхніку. Крамы ачысьціліся ад балясту, які па некалькі гадоў стаяў мёртвым грузам. Аднак, як кажа рабочы прадпрыемства, цяпер колькасьць вырабленых лядоўняў зноў істотна перавышае попыт. Да таго ж адміністрацыя ўжо папярэдзіла пра 20-працэнтнае зьніжэньне заробкаў:
дзякуючы Нацбанку атрымалі мінус 20%, а на рашэньне адміністрацыі — яшчэ мінус 20%” ...
“Ведаю, што на складзе ў Баранавічах 25 тысяч лядоўняў стаіць. На заводзе вялікая колькасьць — нават не на складах, а на самой тэрыторыі выстаўлена. У Маладэчне на складах таксама шмат лядоўняў. Важны факт, што гэта ўсё на сваіх складах, мы не арандуем, эканомім, каб не плаціць за арэнду. Але 25 тысяч для заводу — гэта яшчэ ня страшна, гэта тыдзень працы “Атланту”. Непрыемна, што заробак панізілі, дзесьці на 20%. Прыкладам, у беларускіх атрымлівалі 1,5 мільёна “бруднымі”, зараз будзе тысяч на 300 меней. То бок з аднаго боку падкасіла дэвальвацыя, калі дзякуючы Нацбанку атрымалі мінус 20%, а на рашэньне адміністрацыі — яшчэ мінус 20%”.
Няма працы для шмат якіх працаўнікоў зь іншага “атлантаўскага” падразьдзяленьня, якое займаецца вырабам пральных машынаў. Ад лютага частка людзей пераведзеная з прамысловай зоны “Шабаны”, дзе месьціцца “пральны” корпус “Атланта”, на галаўное прадпрыемства.
Як лічыць колішні кіраўнік Інстытуту эканомікі Нацыянальнай Акадэміі навук, доктар эканамічных навук Генадзь Лыч, сур’ёзнасьць крызісных наступстваў для сучаснай Беларусі ўзмацняе савецкая спадчына, зь якой кіраўніцтва краіны ніяк не адважыцца разьвітацца:
“У чым слабасьць беларускай эканомікі? Калі мы былі зборачным цэхам адзінага народнагаспадарчага комплексу СССР, то ў тыя часы нам быў вялікі плюс. Мы былі на канцы тэхналягічнага ланцужка, а хто на канцы, той здымае вяршкі. А калі Саюз разваліўся, у нас застаўся цэх, які, уласна кажучы, непад’ёмны для адной нашай краіны. Калісьці вядучыя беларускія эканамісты ў гэтым пераканалі Кебіча, і пры канцы сваёй дзейнасьці ён ужо быў згодзен з тым, што адзінае ўратаваньне нашых флягманаў — уключэньне іх у транснацыянальныя карпарацыі. Каб яны займаліся абнаўленьнем асноўных фондаў, абнаўленьнем тэхналягічнай базы. Таму што ў нас ні навукі няма, ні сродкаў для таго, каб забясьпечыць вырашэньне гэтай задачы. А ўжо калі прыйшоў Лукашэнка, ён падумаў: як я камусьці аддам такія магутныя заводы? Я ж павінен сам імі кіраваць. Усё разладзілася, і толькі сёньня зноў пачынаюць гаварыць. Але зноў жа аддаюць пераважна Расеі. А гэта эканамічная калянізацыя, інакш не магу сказаць”.