Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праявы крызісу: церпяць актывісты, таксісты, прадпрымальнікі


У сытуацыі крызісу беларускія ўлады перасьледуюць тых, хто заступаецца за інтарэсы працоўных калектываў. Мацнее і фінансавы ціск на прадпрымальнікаў.

МАСТЫ

Адміністрацыя вытворчага аб’яднаньня “Мастоўдрэў” змушаная выплачваць цяпер грашовыя даўгі сваім працаўнікам. Дамогся справядлівасьці дэпутат райсавету Зьміцер Кухлей. А вось якія з-за гэтага непрыемнасьці ў актывіста, паведамляе Міхаіл Карневіч.

Мастоўскі актывіст лічыць, што яго звольнілі за стварэньне незалежнага прафсаюзу


Са Зьмітром Кухлеем, дэпутатам раённага Савету, актывістам руху “За свабоду”, адміністрацыя “Мастоўдрэва” не працягнула кантракту, звольніўшы яго з працы.

Паколькі згодна з заканадаўствам дэпутата могуць звольніць з працы толькі са згоды сэсіі раённага Савету, Зьміцер Кухлей пісьмова зьвярнуўся да старшыні Савету. І атрымаў адказ: зьвяртайцеся ў суд.

Кухлей напісаў заяву у суд. Пры разьліку зь ім на прадпрыемстве высьветлілася, што яму недалічылі грошай. Тады ён выклікаў праверку з райвыканкаму.

Праверка засьведчыла, што адміністрацыя прадпрыемства парушыла заканадаўства па аплаце працы пры пераводзе калектыву на скарочаны графік.

Кухлей: “У сувязі з прастоем рабочым выплачвалі толькі дзьве траціны заробку, хаця павінны былі, згодна з заканадаўствам, загадзя папярэдзіць іх і атрымаць згоду”.

Дзякуючы таму, што Зьміцер Кухлей своечасова выявіў парушэньне заканадаўства, зараз усяму калектыву прадпрыемства пачалі даплачваць — у сярэднім па 200 тысяч рублёў.

“Афіцыйны прафсаюз не бароніць людзей”

Пытаюся ў Зьмітра Кухлея — у чым, на яго думку, была асноўная прычына таго, што адміністрацыя не працягнула зь ім кантракту?

Кухлей: “У мяне не ўзьнікае сумненьня, што гэта палітычнае звальненьне, бо я пачаў ствараць на прадпрыемстве незалежны прафсаюз. Афіцыйны ж прафсаюз людзей зусім не бароніць, падпісвае з адміністрацыяй дакумэнты, пасьля чаго зьніжаюцца заробкі. А па-другое, я выклікаў праверкі, якія выкрылі грубыя парушэньні адміністрацыі пры аплаце працы рабочых”.

Зьміцер Кухлей працаваў на “Мастоўдрэве” перакладчыкам з ангельскай мовы і лічыць, што якраз ва ўмовах крызісу ягоная праца вельмі запатрабаваная. Зараз ён чакае позвы з суду, каб далей адстойваць свае правы.

МАГІЛЁЎ

Прадпрымальнікі Магілёўшчыны патрабуюць ад улады скасаваць прывязку падаткаў да замежнай валюты. Сытуацыю дасьледаваў Андрэй Белагубаў.

“У Беларусі адзіным законным плацёжным сродкам зьяўляецца рубель, дык чаму мы павінны выплачваць падаткі, зыходзячы з курсу замежнай валюты?” — аргумэнтуюць сваё патрабаваньне бізнэсоўцы.

Беларускіх прадпрымальнікаў змушаюць ігнараваць айчынны рубель

“Цяпер мы назіраем такую тэндэнцыю, што курсы валют растуць. Гэта цягне за сабой павелічэньне падаткаў, якія выплачвае бізнэс, і павелічэньне арэнднай платы, што нэгатыўна ўплывае на разьвіцьцё бізнэсу ў нашай краіне. Мы павінны сапраўды прывязвацца да нашай валюты, да нашага беларускага рубля”, — тлумачыць старшыня грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў Магілёўшчыны Тацяна Казлоўская.

Паводле спадарыні Казлоўскай, прапановы па вырашэньні праблемнай сытуацыі аб’яднаньне прадпрымальнікаў накіравала ў дэпартамэнт прадпрымальніцтва, рэспубліканскую канфэдэрацыю прадпрымальнікаў, а таксама мясцовай выканаўчай уладзе.

Прадпрымальнікаў таксама хвалюе адсутнасьць пэўнасьці ў пытаньнях аплаты падаткаў:

Прадпрымальнікі просяцца паўдзельнічаць у сэсіі аблсавету

“Няма разуменьня, калі ў цябе будзе канкрэтны твой падатак на наступны месяц. Колькі ты заплаціш, больш ці менш. Усё паглядаеш на гэтае эўра. Пры чым тут эўра? У банк мы ж нясем беларускія рублі!” — абураецца магілёўская прадпрымальніца Марыя.

Прадпрымальнікі Магілёўшчыны цяпер чакаюць, калі аблвыканкам вызначыць памер адзінага падатку. Гэта павінна адбыцца ў лютым.

Бабруйскія бізнэсоўцы зьвярнуліся да абласной выканаўчай улады, каб тая запрасіла на паседжаньне двух іхных прадстаўнікоў.

“Яшчэ адказу няма. Калі там будзе гэтае паседжаньне, невядома”, — кажа бабруйская прадпрымальніца Алена Мядзьведзева.

З пазыцыяй магілёўцаў бабруйскія прадпрымальнікі салідарныя, зазначае спадарыня Мядзьведзева.

“Мы ж усе падаткі, арэнду, усё аплачваем у суадносінах з эўра. Эўра вырастае, і ў нас арэнда расьце. Вось у мяне, напрыклад, сорак два эўра падатак. Я вось памнажаю на курс і беларускімі плачу. Эўра вырасьце, значыць, у мяне падатак будзе большы”.

ГОРАДНЯ

Гарадзенцы пачалі менш карыстацца таксоўкамі. Пра гэта паведаміў журналіст Сяргей Астраўцоў.

Гарадзенскі кіроўца таксоўкі Мікола працуе ў фірме, якая даволі даўно замацавалася на гарадзкім рынку. Ён адзначае істотнае зьмяншэньне колькасьці кліентаў.

Кліентаў стала менш у два-тры разы

Спадар: “Я працаваў у навагоднюю ноч, і мяне ўразіла, што я не вазіў п'яных. Я папытаўся ў сваіх калегаў, і выявілася, што так было ўва ўсіх. Адразу было відно, што людзі сьвяткуюць ня тое што спалохана, а спакойна, ня ведаючы — чаго чакаць. Народ катаўся да “старога Новага году”, чысла да 15-га, а потым адразу кліентаў стала менш у два-тры разы”.

Звычайна кіроўцы таксовак працуюць па выкліку, чакаючы яго ад дыспэтчара.

Спадар: “Калі раней у нас у фірме стаяў у чарзе пятым-сёмым, дванаццатым-трынаццатым — гэта была ўжо рэдкасьць, то цяпер можаш чакаць выкліку дваццатым-дваццаць пятым у чарзе. Заказу нават даводзіцца чакаць па дзьве, па тры гадзіны”.

Гарадзенцы пачалі эканоміць на таксоўках, адзначае кіроўца.

Спадар: “І людзі сталі езьдзіць на больш кароткія адлегласьці, на шэсьць, сем, восем тысяч. А мінімальны праезд — шэсьць тысяч. У выходныя сытуацыя лепшая, але ўсё роўна розьніца вялікая, таксама ў два разы горш, чым было ўвосень ці летам”.

Сытуацыяй з кліентамі я пацікавіўся таксама ў іншай гарадзенскай фірме таксовак, якая дзейнічае адносна нядаўна і прапануе кліентам толькі паездкі ў камфартабэльных мэрсэдэсах.

Спадар: “Стала менш кліентаў на адну траціну, гэта дакладна. Званкоў адна трэцяя частка зьнікла проста”.

Ці ня думаюць у фірме кагосьці з кіроўцаў звальняць з гэтай нагоды?

Спадар: “Кардынальных захадаў яшчэ не рабілі, ва ўсіх пазыцыя чаканьня. Але давядзецца, канечне, што ж рабіць. Трэба пакідаць будзе нейкі “касьцяк”, які будзе працаваць. Таму што ўсім чакаць цэлыя суткі замовы — гэта ня рэч, сям'ю сваю не пракормяць”.

У такой сытуацыі падвышаць цану паездкі ў таксоўцы ніхто ня будзе, зазначылі ў гэтай гарадзенскай фірме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG